Творчая, таленавітая, ініцыятыўная

Такая яна — магілёўская моладзь. І ёй вельмі патрэбны пляцоўкі для самарэалізацыі. Напрыклад, такія як Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі”, абласны этап якога адбыўся надоечы ў горадзе на Дняпры. У гэтым годзе фэст праходзіў пад дэвізам “Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні!” Ён стаў выдатнай магчымасцю для мясцовага студэнцтва паказаць сябе, прадэманстраваць свае таленты, уменні і майстэрства.

— Кожныя “АРТ-вакацыі” — унікальныя. Асаблівасць сёлетняга фестывалю ў тым, што кожны студэнт можа са сцэны расказаць пра сваю малую радзіму, тыя месцы, адкуль ён родам. Тэматыка абрана мэтанакіравана. Моладзь сапраўды наша будучыня. Сёння яна — як яркія зялёныя парасткі, а заўтра — магутны ствол, будучая аснова дзяржавы, — расказала сустаршыня журы загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч.

Па словах начальніка аддзела выхаваўчай работы вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі МДАІРА Алены Лебедзевай, “АРТ-вакацыі” — фестываль вельмі папулярны сярод моладзі Магілёўшчыны.

— У туры “АРТ-вакацый”, які прайшоў ва ўстановах, прынялі ўдзел сотні студэнтаў. Па яго выніках былі сфарміраваны канцэртныя праграмы агляду мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў з усіх рэгіянальных УВА, — паведаміла Алена Леанідаўна.

Першай творчай пляцоўкай фестывалю стала сцэна Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Адметна, што па выніках “АРТ-вакацый” прадстаўнікі гэтай навучальнай установы пастаянна становяцца ўладальнікамі дыпломаў у розных намінацыях. Перамогі — вынік сістэмнай работы па арганізацыі пазавучэбнай дзейнасці студэнтаў. Ва ўніверсітэце кожны можа знайсці сабе занятак па інтарэсах. Тут дзейнічаюць спартыўныя гурткі і секцыі, разнастайныя клубы, мастацкая самадзейнасць, усебакова падтрымліваюцца студэнцкія ініцыятывы. Гэтая падтрымка дапамагае моладзі развіваць свае таленты і заваёўваць дыпломы на конкурсах і спаборніцтвах, у тым ліку і “АРТ-вакацыях”.

Важна, што студэнты з задавальненнем удзельнічаюць у вядомым фестывалі, лічаць выступленне на яго сцэне добрым дасягненнем.

— “АРТ-вакацыі” — шанс заявіць пра сябе. Мы імкнёмся да перамогі, аднак і ўдзел у такім фэсце — вялікі вопыт, які спрыяе творчаму самаразвіццю. А гэта — адзін з галоўных складнікаў будучага поспеху, — падзяліліся ўдзельнікі калектыву “Dance-кактэйль”.

Сёлета студэнты БРУ зноў знайшлі чым уразіць кампетэнтнае журы. Яны прапанавалі прысутным адправіцца ў незвычайнае падарожжа, у своеасаблівы творчы арт-палёт. У іх гэта атрымалася. Усе канцэртныя выступленні былі тэматычна аб’яднаны ў адзінае цэлае, сапраўды вялі гледачоў і журы ў свет творчасці. Студэнты выступалі на сцэне з вакальна-харавымі, фальклорна-этнаграфічнымі, харэаграфічнымі нумарамі, адметнай рысай якіх была іх жанравая разнастайнасць. Народныя матывы змяняліся сучаснымі рытмамі, песні — выдатнай дэкламацыяй вершаваных радкоў, цікавымі тэатралізаванымі пастаноўкамі.

Сваімі выступленнямі гледачоў літаральна зачароўвалі вакальная студыя “Сузор’е”, танцавальныя калектывы “Dance-кактэйль”, Excite, вакальна-інструментальны ансамбль “Ліс” з Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, танцавальная група Too steps з Магілёўскага ўніверсітэта харчавання, вакальна-інструментальны ансамбль “9 калібр” з Магілёўскага інстытута МУС, народная студыя эстраднай песні “Золак”, танцавальная група Freaky Action crew, тэатр танца “Тры-чатыры” з Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Увогуле, увесь канцэрт быў дэталёва вывераны. У ім гарманічна перапляліся метадычнае суправаджэнне, рэжысёрская работа, творчая падрыхтоўка выступоўцаў.

Насычанай, канцэптуальна і тэматычна выбудаванай аказалася і канцэртная праграма, прадстаўленая на базе МДУ імя А.А.Куляшова. Кожнае з творчых выступленняў і тут было непаўторным. Асабліва ўражвалі выкананні класічных кампазіцый ад гаспадароў сцэны — народнага вакальнага ансамбля “Квецень”, народнага аркестра народных інструментаў “Алегрэта”, хору студэнтаў “Аксаміт”, народнага вакальнага ансамбля “Гармонія”, народнага харэаграфічнага ансамбля “Церніца”. Выступленні гэтых калектываў нікога з гледачоў не пакінулі абыякавым. Выдатна дапаўнялі іх нумары прадстаўнікоў іншых вышэйшых устаноў вобласці.

Свае таленты студэнты прадэманстравалі таксама ў праекце “Рэцытацыя”. Акрамя таго, яны прадстаўлялі арт-ідэі, інавацыйныя рашэнні, узоры аматарскай творчасці навучэнцам школ, будучым абітурыентам, кіраўнікам аб’яднанняў па інтарэсах і педагогам устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і дадатковай адукацыі.

Як паведаміла сустаршыня журы Алена Лаўрыновіч, усе ўдзельнікі паказалі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, здзівілі шматграннасцю сваёй творчасці.

— Фестывальны дзень у Магілёве быў напоўнены гарманічным спалучэннем усіх форм творчага жыцця студэнцкай моладзі. Так, музыкальная прастора, створаная ў МДУ імя А.А.Куляшова, дазволіла адчуць багацце нашай народнай музыкі, маштабнасць творчасці беларускіх кампазітараў і паэтаў, самабытнасць сучасных аўтараў. У БРУ здзівіў інавацыйны падыход у самапрэзентацыі творчых калектываў. Займальны арт-палёт, які нам прадставілі там, сёння з’яўляецца вельмі папулярнай формай прэзентацыі сучаснага мастацтва. Магілёўскія “АРТ-вакацыі” сталі гучным акордам у шматгалосай творчасці студэнцтва Беларусі, — адзначыла Алена Сяргееўна.

Яркі творчы марафон абласнога этапу “АРТ-вакацый” паказаў калейдаскоп талентаў магілёўскай моладзі. Цяпер выканаўцы і калектывы чакаюць вердыкту журы. Лепшыя з іх атрымаюць магчымасць выступіць на заключным канцэрце фестывалю ў сталіцы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.