Творчыя ідэі Аляксандра Бордака

Гэты навучальны год у Гомельскай вобласці абвешчаны годам дадатковай адукацыі. І невыпадкова. Установы дадатковай адукацыі рэгіёна паспяхова развіваюцца, надаючы новыя павевы даўно знаёмым творчым кірункам і ўкараняючы сучасныя.

Зразумела, што ўсё гэта не магло б быць без таленавітых і зацікаўленых педагогаў-дадаткоўцаў. А іх на Гомельшчыне нямала. Сваёй дзейнасцю яны павысілі прэстыж педагога дадатковай адукацыі, і сёння ў рады вопытных кіраўнікоў аб’яднанняў, што дзейнічаюць у цэнтрах творчасці, прыходзіць шмат маладых, гатовых перадаць свае ўменні і навыкі дзецям.

Вялікую частку калектыву Добрушскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі складаюць маладыя педагогі. Аляксандр Бордак — адзін з іх. Не памылюся, калі скажу, што ён, як ніхто іншы з яго калег, звязаны з месцам сваёй працы, таму што сувязь гэтая пачалася з самага дзяцінства.

— Імкненне да творчасці перадалося мне ад старэйшага брата Паўла, — успамінае Аляксандр Уладзіміравіч. — Яшчэ ў юнацтве ў яго была велізарная цяга да радыёэлектронікі, у вольны час ён наведваў секцыю радыёканструявання ў Добрушскай станцыі юных тэхнікаў — гэта былая назва раённага цэнтра дадатковай адукацыі. Брат прысвячаў хобі амаль увесь вольны час. Наведваннем секцыі гэта не абмяжоўвалася: у нашым доме ён стварыў сабе амаль што лабараторыю, у якой нешта канструяваў і паяў розныя электронныя прылады. З пяці гадоў я пачаў праяўляць цікавасць да любімага занятку Паўла, назіраў, як ён арудуе паяльнікам, тэсціруе схемы.

“Хочаш паспрабаваць? Трымай!” — сказаў аднойчы старэйшы брат малодшаму, працягваючы паяльнік. І пяцігадовы хлопчык пачаў павольна, але дасканала асвойваць асновы тэхнічнай творчасці.

Скончыўшы школу, Павел паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны на фізічны факультэт па спецыяльнасці “Фізіка. Тэхнічная творчасць” і, з’яўляючыся студэнтам, паралельна вёў гурток “Электронная цацка” ў той жа раённай станцыі юных тэхнікаў, выхаванцам якой нядаўна быў сам. Аляксандр адразу пачаў хадзіць на гэтыя заняткі.

Чым далей ішоў час, тым большую цікавасць да тэхнічнай творчасці праяўляў хлопчык. Праз некаторы час, атрымаўшы належную падрыхтоўку, ён пачаў удзельнічаць у навукова-тэхнічных конкурсах раённага, а затым і абласнога маштабу, займаў прызавыя месцы. Менавіта на адным з такіх конкурсаў арганізатары мерапрыемства прапанавалі маладому чалавеку, які хутка павінен быў атрымаць атэстат сталасці, паспрабаваць паступіць у ГДУ імя Францыска Скарыны на тую ж спецыяльнасць, дзе вучыўся яго брат.

Скончыўшы школу, Аляксандр так і зрабіў. Як і старэйшы брат, паралельна з вучобай ва ўніверсітэце ён пачаў працаваць педагогам дадатковай адукацыі ў Добрушскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі, займаючыся з дзецьмі ў аб’яднаннях па інтарэсах “Радыёэлектроніка” і “Камп’ютарная графіка”.

— Для мяне наш цэнтр быў як другі дом, тут усё было мне знаёма, — расказвае Аляксандр Бордак. — Мая дзейнасць педагога дадатковай адукацыі пачалася лёгка, пры навучанні дзяцей у мяне не ўзнікала ніякіх складанасцей, бо я сам праз усё гэта прайшоў, ведаў, што менавіта і як падаваць навучэнцам для лепшага разумення і засваення.

Атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, малады настаўнік не шукаў сабе іншага месца працы, а застаўся ў такім знаёмым і па-сапраўднаму ўжо родным для яго цэнтры. Хацелася развівацца далей, таму Аляксандр вырашыў змяніць кірункі. Кіраўніцтва цэнтра пайшло яму насустрач і дазволіла паспрабаваць сябе ў аб’яднаннях “Астраномія”, “Дызайн інтэр’ераў”, “Камп’ютарная дасведчанасць”.

— У Аляксандра Уладзіміравіча выдатна атрымліваецца ўсё, — гаворыць дырэктар Добрушскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі Валянціна Валюшэнка. — Для настаўніка ўвогуле існуюць два асноўныя складнікі: пастаянна развівацца самому і ўмець зацікавіць справай дзяцей. У нашага маладога педагога яны ёсць.

Мэтанакіраванаму Аляксандру Бордаку заўсёды ўдаецца тое, за што ён бярэцца. Які б гурток ён ні вёў, цікавасць дзяцей да яго заняткаў застаецца нязменнай. Пасля праходжання тэрміновай службы педагог зноў вярнуўся ў родны цэнтр і пачаў развіваць новыя кірункі — “IT-тэхналогіі” і “Фотастудыя”. Як прызнаецца Аляксандр Уладзіміравіч, секцыя камп’ютарнай накіраванасці дазваляе праявіць сябе як педагога з тэхнічнымі здольнасцямі, набытымі за доўгія гады. А секцыя, звязаная з лічбавай фатаграфіяй, наадварот, дае магчымасць адарвацца ад тэхнічных распрацовак і акунуцца ў мастацтва фатаграфіі.

За невялікі час працы ў галіне дадатковай адукацыі ў Аляксандра назапасілася нямала творчых ідэй і распрацовак. Адна з такіх задум — праект дыстанцыйнага навучання.

— Разважаючы над магчымасцямі ўдасканалення вучэбнага працэсу ў дадатковай адукацыі, я спыніўся на ідэі стварэння электронных дыстанцыйных курсаў па ўсіх магчымых праграмах секцый, якія сталі б якасным дадаткам пры навучанні дзяцей, — дзеліцца педагог.

Мяркуецца, што кожны дыстанцыйны курс будзе прадугледжваць навучанне па канкрэтным прадмеце, а затым праверку сваіх ведаў з дапамогай тэсціравання. Такія курсы, на думку Аляксандра Бордака, будуць карысныя для замацавання раней вывучанага матэрыялу, для тых, каму цікава саманавучанне, а таксама для тых, у каго па розных прычынах няма магчымасці наведваць заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах. Пакуль гэтыя курсы знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі і папаўнення, але ўжо існуюць пробныя версіі на сайце Добрушскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі. Дарэчы, несумненным плюсам распрацоўкі з’яўляецца магчымасць яе запуску на любым устройстве, дзе ёсць інтэрнэт-браўзер і выхад у інтэрнэт.

— Такія педагогі ў дадатковай адукацыі каштоўныя, — дзеліцца метадыст вучэбна-метадычнага аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ірына Бачкова. — Іх ідэі і задумы даюць развіццё гэтай адукацыйнай сферы, адыгрываюць важную ролю ў выхаваўчай рабоце.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *