Творчы падыход і добрая ваенная падрыхтоўка

- 11:48Навіны рэгіёнаў

У Гомельскай вобласці завяршыўся абласны этап рэспубліканскай спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Як і ў мінулыя гады, палатачны лагер юных удзельнікаў цікавага спаборніцтва размясціўся на беразе Дняпра на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага цэнтра “Пралеска”, што ў Жлобінскім раёне.

На працягу 9 дзён 25 каманд дэманстравалі сваю падрыхтоўку ў ваенна-прыкладных, турыстычных і спартыўных спаборніцтвах.

На ўрачыстым адкрыцці традыцыйна камандзіры здалі рапарты аб гатоўнасці сваіх аддзяленняў да ўдзелу ў “Зарніцы”. З пачаткам гульні юных армейцаў віншавалі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанна Ждановіч, намеснік старшыні Жлобінскага райвыканкама Аляксандр Смірноў, прадстаўнікі ваенна-транспартнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, ваеннага камісарыята Гомельскай вобласці, іншых міжведамасных структур, якія прымаюць удзел у правядзенні “Зарніцы-2018”. Ужо ў першы дзень пачаліся тэматычныя змаганні і конкурсы.

Пачатак гульні быў пакладзены аглядам строю і песні “Аты-баты, ішлі салдаты з песняй на парад” і конкурсам па агнявой падрыхтоўцы і пераадоленні паласы перашкод, арганізацыяй якіх займаўся ваенна-транспартны факультэт БелДУТа.

Кожны дзень быў напоўнены рознымі конкурснымі праграмамі. Адны патрабавалі ад юных армейцаў творчага падыходу, другія — добрай эрудыцыі, трэція — выдатнай спартыўнай і ваеннай вытрымкі. Але “Зарніца” сабрала падрыхтаваных юнакоў і дзяўчат, таму і барацьба за перамогу была ўпартай. Удзельнікі прайшлі падрыхтаваную Гомельскім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства турыстычную эстафету “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”, прадэманстравалі свае веды ваеннай гісторыі і гісторыі піянерскай арганізацыі ў інтэлектуальным спаборніцтве “100 на 50”, творчыя здольнасці ў конкурсе інсцэніроўкі песні “З іскрай у душы і верай у перамогу” і ў візітоўцы атрадаў “50 кадраў “Зарніцы”.

Былі і больш складаныя выпрабаванні. Так, каманды — удзельніцы “Зарніцы” прайшлі некалькі этапаў спаборніцтва “Лепшая пажарная каманда”, якое для іх падрыхтавалі супрацоўнікі Жлобінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, паказалі сябе ў конкурсах “Трапны стралок”, “Першая дапамога пацярпеўшаму”, комплекснай гульні “Бяспека на вуліцах і дарогах”, ваенна-спартыўнай эстафеце “Хуткасць і націск”, якая ўключала разборку і зборку аўтамата, стральбу па мішэнях, сілавыя практыкаванні і г.д.

Завяршальным конкурсным заданнем абласной спартыўна-патрыятычнай гульні стала ваенізаваная гульня на мясцовасці. На месцы дыслакацыі лагера ўдзельнікам была прапанавана легенда. У залежнасці ад сюжэта былі пастаўлены баявыя задачы, якія прадугледжвалі ўзгодненыя дзеянні юных армейцаў у складзе атрада.

Абсалютным пераможцам пазаконкурснай праграмы гульні “Зарніца” стала каманда “Авангард” Калінкавіцкага раёна. Пераможцамі і прызёрамі заліковай праграмы абласнога этапу спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарніца” былі названы каманда “Спецназ” сярэдняй школы № 10 Жлобіна, якой прысуджана 1-е месца, на 2-м і 3-м месцах — каманда “Авангард” сярэдняй школы № 6 Калінкавіч і каманда “Ліга” Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна адпаведна.

Наталля ЛУТЧАНКА.