Творчы падыход у спецыяльнай адукацыі

- 11:35Навіны рэгіёнаў

Установы-пераможцы абласнога этапу II Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыi” актыўна рыхтуюць матэрыялы і творчыя нумары, каб годна прадставіць Гомельскую вобласць на заключным этапе конкурсу.

Атрымаць званне лепшай у спаборніцтве з калегамі са свайго рэгіёна было даволі няпроста. Яшчэ цяжэйшай будзе барацьба на рэспубліканскім узроўні, дзе збяруцца самыя моцныя і таленавітыя. Насамрэч, кожны кіраўнік і кожны педагог установы спецыяльнай адукацыі разумее, якая на іх ляжыць адказнасць. Тут увогуле без творчага падыходу і напрацовак не абысціся. Акрамя таго, пры ацэнцы конкурсных матэрыялаў важнымі з’яўляюцца актуальнасць і адпаведнасць вопыту педагагічнай дзейнасці сучасным тэндэнцыям развіцця спецыяльнай адукацыі, выкарыстанне сучасных тэхналогій і, безумоўна, эфектыўнасць функцыянавання ўстановы спецыяльнай адукацыі.

— Правядзенню абласнога этапу папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа, — расказвае метадыст вучэбна-метадычнага аддзела аховы дзяцінства і сацыяльнай работы Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Т.Я.Нагорная. — У чэрвені абласны Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання сумесна з нашым інстытутам правялі інструктыўна-метадычную нараду як для метадыстаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, якія курыруюць пытанні спецыяльнай адукацыі, так і для кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі. Запрасілі да ўдзелу пераможцаў конкурсу 2014 года. Яны раскрылі важныя арганізацыйныя і змястоўныя аспекты падрыхтоўкі, распавялі аб праблемах, з якімі сутыкаліся, і пра тое, як гэтыя праблемы вырашаліся. Таксама ўдзельнікам нарады былі прапанаваны ў электронным выглядзе ўзоры конкурсных матэрыялаў фіналістаў мінулага конкурсу.

Неабходна адзначыць, што ўстановы спецыяльнай адукацыі Гомельшчыны праявілі вялікую цікавасць да конкурсу. Заяўкі на ўдзел падалі 34 установы спецыяльнай адукацыі, у ліку якіх спецыяльныя дашкольныя ўстановы, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дапаможныя і спецыяльныя агульнаадукацыйныя школы-інтэрнаты. Ім належала прайсці завочны тур. Для ўдзелу ў наступным туры члены журы адабралі па тры ўдзельнікі ў кожнай намінацыі — усяго 12 устаноў. На вочным туры конкурсу, які адбыўся ў ГАІРА, іх педагагічныя калектывы прадэманстравалі свабоднае валоданне сутнасцю вопыту, які прэзентаваўся, адлюстравалі асноўныя аспекты сваёй дзейнасці, эфектыўнасць і выніковасць работы, выкарыстоўваючы творчы падыход у прадстаўленні свайго педагагічнага вопыту работы. Увазе журы былі прадстаўлены відэафільмы, прэзентацыі, танцавальныя нумары, касцюміраваныя эцюды, тэатральныя пастаноўкі і многае іншае.

Па сукупнай колькасці балаў былі вызначаны пераможцы і лаўрэаты абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу ў кожнай намінацыі.

Так, сярод спецыяльных дашкольных устаноў у адпаведных намінацыях пераможцамі названы спецыяльны яслі-сад № 6 Жлобіна, спецыяльная агульнаадукацыйная школа № 70 Гомеля для навучэнцаў з парушэннем слыху, дапаможная школа-інтэрнат № 5 Гомеля і Светлагорскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Яны прадставяць Гомельскую вобласць на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу.

Наталля ЛУТЧАНКА.