Творчы палілог сталічных студэнтаў

- 12:35"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Школьнікі ўжо даўно адгулялі свае вясенні канікулы, не паспеўшы нават як след імі нацешыцца, а вось студэнцкі адпачынак толькі-толькі завяршыўся. У Мінску на працягу амаль цэлага месяца праходзіў творчы марафон у межах Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці студэнтаў “АРТ-вакацыі”. Сёлета мерапрыемства праходзіла пад дэвізам “Моладзь і творчасць: гісторыя будучыні”, а студэнты і педагогі напоўніцу паказалі, як яго зразумелі і адчулі.

Педагагічныя фарбы

Марафон міжуніверсітэцкіх сталічных сустрэч і фестывальных паказаў адкрыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. На яго сцэну выйшлі ўсе калектывы ўстановы, якія ма юць званне “народны” ці “заслужаны”. Сярод іх народны аркестр народных інструментаў БДУ, народны фальклорны ансамбль “Тутэйшая шляхта”, народная харавая капэла, заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь народны ансамбль танца “Крыжачок” і фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Неруш”.

Усе гэтыя калектывы па традыцыі ўзнімаюць высокую выканальніцкую планку, на якую раўнуюцца розныя ансамблі рэспублікі, што працуюць у згаданым жанры і кірунку. Але сёлета старт БДУ быў асаблівым, адметным, і спрыяла гэтаму фестывальная праграма ўніверсітэта. Група рэжысёраў і арганізатараў БДУ разам з масцітымі калектывамі вывелі на сцэну выканаўцаў, якія самастойна займаюцца музыкай у нефармальных аб’яднаннях і сталі пераможцамі факультэцкіх і міжфакультэцкіх творчых спаборніцтваў, што на працягу года праходзілі ў навучальнай установе. Гэта лепшыя салісты і выканаўцы роляў (былі прадстаўлены цікавыя аўтарскія творы, дзе студэнты самі былі аўтарамі слоў і музыкі), выканаўцы музыкі на музычных інструментах. Цікавымі былі пластычныя тэатральныя пастаноўкі сацыяльнай накіраванасці, у якіх узнімаліся вострыя праблемы. Але галоўнае, што на сцэне выступоўцы былі не сапернікамі, а дапаўнялі адзін аднаго, прадстаўляючы ўвесь дыяпазон студэнцкай творчасці. Атрымаўся сакавіты творчы мікс.

Т.В.Грышукевіч, метадыст вышэйшай катэгорыі НЦМТДіМ, з асаблівым нецярпеннем чакала з’яўлення на сцэне калектыву народных інструментаў БДУ. “Гэты калектыў літаральна на кожным фестывалі становіцца для нас прыемным творчым адкрыццём, — патлумачыла сваю цікавасць Таццяна Валер’еўна. — У свядомасці радавога слухача пры словах “аркестр народных інструментаў” з’яўляецца штамп: балалайка, цымбалы, баян і іншае, якія выконваюць народную музыку. Але візітоўка згаданага калектыву — выкананне менавіта сучаснай музыкі, пачынаючы ад рок-апрацовак на цымбалах, якую мы чулі ў мінулым сезоне, і заканчваючы сёлетнім Астарам П’яцола. Танга і іншыя вядомыя мелодыі, якія звычайна выконваюцца сімфанічным аркестрам, цяпер мы пачулі пры дапамозе народных інструментаў”.

Адметнасцю БДУ гэтага сезона стала і ўвага да беларускай музыкі часоў Радзівілаў, да паэзіі Адама Міцкевіча, 220-годдзе з дня нараджэння якога мы сёлета адзначаем. Так, вельмі цікавым было выступленне народнага фальклорнага ансамбля “Тутэйшая шляхта” са сваёй кампазіцыяй — аўтарскім творам кіраўніка калектыву В.Л.Махнач на словы Францішкі Уршулі Радзівіл.

Падхапіў творчую эстафету Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з яго настроем Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Яго прадстаўнікі паказалі, наколькі дэвіз “Моладзь і творчасць: гісторыя будучыні” цікавы і актуальны для моладзі праз вякі.

“У кожнай УВА ёсць сваё творчае аблічча, свой почырк. І, безумоўна, гонар БДПУ — калектывы, якія працуюць у фальклорным жанры, у жанры народна-сцэнічнага танца (народныя ансамблі “Рэй” і “Ярыца”), а таксама тэатр моды, які сёлета прадставіў унікальныя народныя калекцыі, — сказала Алена Сяргееўна Лаўрыновіч, загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў навучэнцаў і студэнцкай моладзі НЦМТДіМ, сустаршыня журы. — БДПУ паказвае нам прыклад, як можна ўлюбіць студэнтаў у самадзейную творчасць і фальклор. Прыемна было бачыць водгук глядацкай аўдыторыі на тое, што адбывалася на сцэне, асабліва калі выступаў харавы калектыў “Гаўдэамус”. Самым важным у іх выступленні было тое, што на сцэну выходзілі не тэхнікі, не будаўнікі, не праграмісты, для якіх студэнцкая творчасць застанецца ўсяго толькі аматарскай, а будучыя педагогі. І ўсю тую прыгажосць, якую ў іх заклалі кіраўнікі калектываў, якую яны са сцэны даносяць гледачам, панясуць сваім вучням”. Дарэчы, захапіў “Гаўдэамус” гледача і творчым эксперыментам з інтэграцыяй у беларускую музыку, бо аб’яднаў у хоры не толькі беларускіх, але і кітайскіх студэнтаў.

І фізікі паважаюць лірыку

Што да тэхнічных УВА, то і тут было з чаго дзівіцца. Харавыя, фальклорныя і харэаграфічныя калектывы БДУІР і БНТУ ламалі стэрэатыпы, бо людзі, якія дасканала валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі, прадстаўлялі беражліва захаваную народную творчасць. Шматграннасць кірунку дэманстравалі народны аркестр народных інструментаў, які звярнуў гледача да творчасці А.Міцкевіча і класікі беларускай інструментальнай музыкі, народны тэатр-студыя “КоЛлизей”, ансамбль народнай песні “Каханачка”, ансамбль танца “Дружба”, народная харавая капэла, народны ансамбль скрыпачоў. Вакальная эстрадная студыя “Закаханая душа”, якая ўжо даўно стала ўзорам у сваім кірунку, паказала эмацыянальную сувязь з гледачамі, якія нечакана для сябе падхоплівалі песні калектыву. Ярка прадставіць класіку аматарскай творчасці, даць магчымасць пранікнуцца ёй гледачу — заслуга культурна-асветніцкага і гісторыка-адукацыйнага цэнтра БНТУ, у які аб’яднаны вышэйзгаданыя творчыя калектывы.

БДУІР захапіў журы сучасным прачытаннем фестывальнай праграмы студэнтамі. Выступленні калектываў — аркестра “Вясковыя музыкі”, народнага духавога аркестра, народнага ансамбля народнай песні “Гаманіна” і іншых — падтрымліваліся матэрыяламі аматарскага аб’яднання лічбавай фота- і відэатворчасці “ВідФо”. На высокім узроўні выступіліі і калектывы сучаснай творчасці, якія прадставілі папулярныя сёння музычныя кірункі.

Акрамя таго, БДУІР, БНТУ паказалі свае прафарыентацыйныя творчыя блокі. Выступленне кожнага студэнта было прасякнута любоўю да свайго ўніверсітэта і жаданнем як мага лепш яго прэзентаваць. Гэта былі і асобныя нумары, і відэаролікі, і флэшмобы.

Творча, цікава, дынамічна, ёмка прадставіць студэнцкае жыццё ў сваёй навучальнай установе атрымалася і ў студэнтаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. У ім вядучую прафарыентацыйную ролю сыграў народны студэнцкі тэатр “Звон”. Сёння яго можна па праве лічыць агіткамандай, якая эмацыянальна і ярка прэзентуе і ўніверсітэт, і яго адукацыйную спецыфіку. У выступленнях БДТУ былі вельмі цікава выкарыстаны і спалучаны сучасныя формы. Напрыклад, экатэатры, якія дзейнічаюць на факультэтах установы, выступілі ў актуальным кірунку вербацім (дакументальны тэатр). Іх спектаклі былі пабудаваны на складзеных студэнтамі літаратурных творах экалагічнай тэматыкі.

Карпаратыўная культура, адданасць свайму ўніверсітэту былі прадэманстраваны Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам. У цэнтры ўвагі знаходзіўся хор Cantus Juventae з разнастайнымі творамі: велікодныя і беларускія народныя песні, сучасныя песні на замежных мовах. Што ж да прафарыентацыі, то, безумоўна, усе студэнты, якія прысутнічалі ў зале, ганарыліся сваёй навучальнай установай, а творчая праграма прымусіла б кожнага абітурыента закахацца менавіта ў гэты ўніверсітэт — настолькі дынамічнай і сучаснай была праграма, прадстаўленая на фестывалі: выступленні харавога калектыву, тэатра танца “Рэнесанс данс”, вакальнай студыі “АРТ-груп” і студыі эстраднага вакала “Фольк-Мадэрн”. Спалучаючы сучасныя творы вакальнай студыі і хору, яны стварылі тую інавацыю, якая можа стаць узорам для іншых харавых калектываў. Прыкладам для пераймання заслужваюць быць і харэаграфічныя міні-спектаклі факультэцкіх калектываў.

Аб’яднаныя сцэнай

Як адзначае Алена Лаўрыновіч, здорава, што ў межах Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” і ў Мінску, і ў рэгіёнах ладзіліся творчыя сустрэчы студэнтаў розных УВА. У сталіцы яны прайшлі на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, Беларускага эканамічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Маючы свае пляцоўкі і магутныя творчыя калектывы, установы арганізавалі творчы палілог, запрасіўшы да сябе студэнтаў — і выканаўцаў, і гледачоў. Гэта падтрымлівае сутнасць фестывалю — стаць пачаткам студэнцкай дружбы.

Творчая дружба атрымала працяг і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, таксама прайшла такая сустрэча, тэмай якой стала любоў да малой радзімы. У некаторых УВА гэты матыў таксама прачытваўся, але выключна праз дзейнасць творчых калектываў, у першую чаргу фальклорнай накіраванасці. Так, у акадэміі сувязі праграма была пабудавана на творах беларускага кампазітара Уладзіміра Карызны, які працуе ў акадэміі, і творах яго бацькі. У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце тэму малой радзімы раскрываў ансамбль народнай песні “Горліца”, у Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце — фолк-група “Велес”. Але найбольш уразіў БДУФК — тым, як прадставіў тэму малой радзімы праз дасягненні беларускіх спартсменаў. Многія нашы спартсмены, чэмпіёны — выпускнікі ці студэнты гэтага ўніверсітэта, і ў кожнага з іх ёсць малая радзіма. Праграма БДУФК была пабудавана менавіта на тым кантрасце, на відэаматэрыяле тых высокіх дасягненняў, калі над усім спартыўным светам узнімаецца беларускі сцяг, і на аповедзе пра тое, дзе спартсмен нарадзіўся, у якой школе вучыўся, дзе пасябраваў са спортам.

“Як бачым, мастацкая творчасць выхоўвае, дапамагае вырашаць задачы прафарыентацыі, але БДУФК паказаў, як сёння мастацка-творчымі сродкамі можна прапагандаваць здаровы лад жыцця, прыцягваць увагу моладзі да спорту”, — адзначыла Алена Лаўрыновіч.

Напрыканцы яна дадала: “Кожны творчы сезон мы, арганізатары, сустракаем з трапятаннем, бо кожны раз робім шмат адкрыццяў. Сёлета галоўным з іх стала фінальная праграма ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце: у гэтым конкурсным сезоне да студэнцкай творчасці далучылася шмат маладых педагогаў. Гэта радуе і ставіць перад намі пэўныя задачы. Тыя лепшыя прыклады з конкурсных праграм, якія мы бачылі, будуць у далейшым уключаны ў метадычныя, рэспубліканскія метадычныя мерапрыемствы, майстар-класы, творчыя сустрэчы. І, безумоўна, гэта будзе не толькі прэзентацыяй дасягненняў, але і большым прафесійным паглыбленнем той вялікай кагорты маладых спецыялістаў, якія сёлета сталі кіраўнікамі маладзёжных творчых аб’яднанняў. Лепшыя калектывы стануць метадычнымі адукацыйнымі паказальнымі пляцоўкамі, на якіх адбудуцца сустрэчы кіраўнікоў калектываў па жанрах. Гэты дыялог творчай студэнцкай моладзі будзе гучаць на працягу двух гадоў, каб мець магчымасць зноў сустракацца на фестывальных пляцоўках”.

Дарэчы, наступная такая сустрэча пройдзе зусім хутка — падчас фіналу конкурсу 25—26 мая ў маладзёжнай сталіцы Магілёве, дзе выступяць лепшыя калектывы рэспубліканскага фестывалю студэнцкай творчасці.

Святлана НІКІФАРАВА.