Творчы патэнцыял настаўніцкай прафесіі

- 11:29Навіны рэгіёнаў

Магілёўскія педагогі чарговы раз даказалі, што творчасць з’яўляецца неад’емнай часткай іх прафесіі. Шырокі дыяпазон сваіх талентаў — музычных, харэаграфічных, тэатральных — яны раскрылі на вялікай сцэне абласнога цэнтра творчасці. Тут адбыўся заключны гала-канцэрт фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці работнікаў устаноў адукацыі Магілёва.

Па словах старшыні гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Анатоля Юр’евіча Чумакова, арганізатара фестывалю, магілёўскія педагогі — незвычайна таленавітыя і ўсебакова развітыя асобы. Здзіўляе як іх выканальніцкае майстэрства, так і творчая разнастайнасць на сцэне: вакальныя і харэаграфічныя нумары, валоданне музычнымі інструментамі, вершы, гумарэскі і нават клаўнада.

— Нашы педагогі вельмі таленавітыя, і кожны год на гэтым фестывальным небасхіле запальваюцца ўсё новыя зорачкі, — адзначыў Анатоль Юр’евіч. — Так і пасля сённяшняга канцэрта, як кажуць, душа спявае — настолькі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства прадэманстравалі яго ўдзельнікі. Добрая традыцыя праводзіць фестывалі самадзейнай творчасці зарадзілася ў Магілёве даўно і, упэўнены, будзе абавязкова працягнута.

Мерапрыемства праходзіць раз у два гады і складаецца з трох этапаў: мясцовы (конкурсны адбор у рамках навучальных устаноў), раённы і гарадскі. Штогод за званне лаўрэата фестывалю і права выступаць у фінальным гала-канцэрце змагаюцца каля 600 удзельнікаў — прадстаўнікоў сярэдніх школ, гімназій, дзіцячых садкоў, устаноў дадатковай адукацыі.

У праграму заключнага тура ўвайшлі 30 творчых нумароў. У Год малой радзімы лейтматывам фестывалю стала тэма “Беларусь — мая Радзіма”. Яна прайшла чырвонай ніткай праз большасць выступленняў. Такім чынам, арганізатары зрабілі акцэнт не толькі на прыцягненні таленавітых прадстаўнікоў педагагічнай прафесіі да свету мастацтва, але і на папулярызацыі беларускай народнай творчасці і духоўных каштоўнасцей нашай краіны.

Дарэчы, больш за палову ўдзельнікаў фестывалю — маладыя спецыялісты, якія зусім нядаўна былі прыняты ў шэрагі вялікай педагагічнай сям’і абласнога цэнтра. Як адзначыў Анатоль Юр’евіч, за гэта ім асаблівая падзяка, бо яны не пабаяліся прадставіць свае навучальныя ўстановы на сцэне і даказаць, што выдатна ўліліся ў працоўныя калектывы.

Напрыклад, настаўнікі і лабаранты ТСН сярэдняй школы № 40 Магілёва парадавалі гледачоў яркім і запамінальным харэаграфічным нумарам “Танцуюць усе!”. “Каму, як не настаўніку, быць творчым чалавекам?” — задаліся пытаннем удзельнікі гэтага калектыву і выканалі на сцэне вясёлы і запальны танец пра маладосць, каханне, жыццё і, вядома ж, настаўнікаў. У аснову музычнага афармлення нумара лягло папуры з любімых усімі камедый Леаніда Гайдая.

Яшчэ адзін запамінальны выхад — “Каханне марака” — належыць творчаму калектыву сярэдняй школы № 32. Маладыя педагогі ўжо даўно знаёмы з самадзейнасцю. На базе навучальнай установы яны арганізавалі ансамбль “Акварэлькі” і кожнае свята радуюць сваёй творчасцю родную школу.

— У гэтым годзе мы дараслі да ўзроўню гарадскога фестывалю, — адзначае настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 32 Яўгенія Генадзьеўна Казакова. — У нас падабраўся добры калектыў, удзельнікі якога разумеюць адно аднаго з паўслова. Так, у стварэнне гэтага нумара кожны ўнёс сваю лепту: нехта падкідваў ідэі, нехта прыдумляў рухі. У выніку атрымаўся лёгкі і жартаўлівы танец, які мы прысвяцілі мужчынскай палове нашага калектыву.

“Фестываль як нельга лепш паказаў, што нашы педагогі не толькі добра працуюць, але і добра адпачываюць, — падсумаваў Анатоль Чумакоў. — Гэта людзі творчыя і таленавітыя. Кожны выхад на сцэну дае ім сапраўднае задавальненне, і гэта не можа не падкупляць гледача. Удзельнікі фестывалю не толькі самі рэалізоўваюцца праз творчасць, але і штодня далучаюць да гэтага важнага працэсу сваіх вучняў”.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.