Творчы патэнцыял студэнтаў у “Гранях творчасці”

Рэспубліканская выстава “Грані творчасці” ўжо на працягу месяца радуе студэнтаў і выкладчыкаў Гомельшчыны. Арганізатарамі маштабнага рэспубліканскага праекта па традыцыі выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Нядаўна лепшыя студэнцкія творы запаўнялі выставачную залу Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, а днямі цудоўныя карціны і фотаздымкі ўпрыгожылі хол Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна.

Фота да матэрыяла: Творчы патэнцыял студэнтаў у “Гранях творчасці”.Выстава сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў працягваецца ўжо трэці сезон. У папярэднія гады яна была прысвечана такім знакамітым беларускім дзеячам, як М.Багдановіч і Ф.Скарына. Сёлета “Грані творчасці” прысвечаны Году малой радзімы. “Мой чароўны беларускі край. Бацькаўшчына светлая мая!” — менавіта гэтая цытата Уладзіміра Караткевіча была выбрана тэмай-дэвізам рэспубліканскай выставы, і маладыя творцы прысвячалі свае работы выключна роднай Беларусі. Цяпер работы, якія былі прызнаны лепшымі, у рамках культурна-асветніцкай акцыі, дэвізам якой сталі таксама словы У.Караткевіча “Я хачу правесці вас па зямлі, якая для мяне даражэй за ўсё”, будуць на працягу года экспанавацца ва ўстановах вышэйшай адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны.

Гомельскі дзяржуніверсітэт, з якога пачалася дэманстрацыя карцін і фотаздымкаў, рэспубліканскую выставу прымаў трэці раз, а вось мазырская ўстанова вышэйшай адукацыі адчыніла ёй дзверы ўпершыню.

Выставу складаюць творчыя работы, выкананыя ў чатырох намінацыях: “Летэрынг”, “Рэхарыфма”, “Фотаканцэпт”, “Візуальны сэт”. Звыклыя воку карціны маслам і аква-рэллю, малюнкі алоўкам, заварожваючыя фатаграфіі беларускіх пейзажаў, мудрагелістыя карціны з рознакаляровых шматкоў тканіны, з элементамі вышыванкі — усе гэтыя работы, выкананыя ў розных мастацкіх тэхніках, адлюстроўваюць жыццё беларускага народа, прыцягваюць увагу да гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі.

Пакуль выстава дэманстравалася ў ГДУ імя Ф.Скарыны, яе наведаў амаль кожны студэнт. Асаблівую цікавасць яна выклікала ў юнакоў і дзяўчат з замежжа, якія вучацца ў Гомелі. Мастацтва часта лепш, чым словы, можа расказаць пра нацыю, яе побыт, гісторыю.

— Моладзь прыходзіць на выставу з розным настроем і ўспрыманнем, — расказвае вядучы спецыяліст аддзела маладзёжных ініцыятыў і студэнцкага самакіравання ГДУ імя Ф.Скарыны Людміла Дуброўская. — Калі я пачынаю ім расказваць пра тое, што паказана на той ці іншай карціне, пачынаю разважаць, чаму аўтар менавіта так выказаў свае думкі і пачуцці, уцягваю іх у гэтыя разважанні, я бачу, як у іх вачах прачынаецца цікавасць.

Дарэчы, нягледзячы на тое, што ў ГДУ няма спецыяльнасцей творчага кірунку, студэнты ўніверсітэта штогод прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскім мерапрыемстве, адпраўляючы на суд прафесійнага журы работы, выкананыя ў розных тэхніках. Студэнтка геолага-геаграфічнага факультэта Вольга Роскач у мінулым годзе атрымала за сваю творчую пробу дыплом. У гэтым годзе дзяўчына вырашыла паспрабаваць сябе ў тэхніцы летэрынг (літаральна — “маляванне словамі”) і паказаць уласнае мастацкае асэнсаванне цытаты беларускага пісьменніка Якуба Коласа “Мой родны кут, як ты мне мілы”.

— У мяне ўся сям’я творчая, хто захапляецца харэаграфіяй, хто — маляваннем, — расказвае Вольга. — Я заўсёды ўмела маляваць і малявала, але толькі як аматар. Калі мінулы раз даведалася пра такую рэспубліканскую выставу, мне захацелася паўдзельнічаць. Зараз таксама захапілася, выбрала летэрынг. Гэта нешта новае для мяне.

Каб сёлетняя выстава стала больш запамінальнай і цікавай, у Гомельскім дзяржуніверсітэце вырашылі зрабіць яе больш разнастайнай. Перш чым перадаць творчую эстафету далей, у выставачнай зале арганізавалі майстар-класы для творчых студэнтаў. Першы майстар-клас быў прысвечаны жывапісу. Хлопцы і дзяўчаты, якія трымалі ў руках пэндзаль хіба толькі на ўроках малявання ў школе, узяліся за сур’ёзную задачу: яны малявалі ўсход над возерам, прытрымліваючыся ўсіх правіл мастацкага выканання. Пасля прафесійныя мастакі ацанілі студэнцкія работы і назвалі лепшыя з іх.

На наступны дзень моладзь сабраў майстар-клас па кераміцы “Гукі роднай зямлі”, які правёў дырэктар гомельскай дзіцячай школы мастацтваў Уладзімір Осіпаў. Разам з ім дзяўчаты сваімі рукамі стваралі птушак-свістулек.

Да 5 снежня лепшыя творчыя работы студэнтаў у адпаведнасці з маршрутам культурна-асветніцкай акцыі будуць экспанавацца ў Мазырскім педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна, а пасля адправяцца далей па УВА краіны, каб праз год зноў вярнуцца на Гомельшчыну, у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, сабраўшы поўную палітру творчых разважанняў на тэму “Я хачу правесці вас па зямлі, якая для мяне даражэй за ўсё”.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.