Творчы патэнцыял выхаванцаў ГПД

- 12:14Навіны рэгіёнаў

“Фарміраванне творчага патэнцыялу і пазнавальнай актыўнасці тых, хто вучыцца ва ўмовах развіццёвага асяроддзя групы прадоўжанага дня” — тэма семінара, які прайшоў на гэтым тыдні на базе гімназіі № 10 Гомеля, для кіраўнікоў метадычных аб’яднанняў выхавальнікаў груп прадоўжанага дня.

Галоўнай ідэяй мерапрыемства арганізатары ставілі павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці выхавальнікаў груп прадоўжанага дня па фарміраванні творчага патэнцыялу і пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў.

Удзельнікаў семінара вітала намеснік дырэктара гімназіі Аксана Дарошчанка. Яна пазнаёміла гасцей семінара з дзейнасцю сваёй установы ў кірунку развіцця інтэлекту і творчых здольнасцей вучняў у групе прадоўжанага дня. Сярод найбольш эфектыўных форм работы Аксана Вячаславаўна назвала калектыўную творчую дзейнасць і творчую майстэрню, супрацоўніцтва з гарадской бібліятэкай імя А.І.Герцэна, выпуск тэматычных насценгазет, вусны часопіс, віктарыны, конкурсныя праграмы, экскурсіі па памятных мясцінах роднага горада. Як гэта адбываецца ў дзеянні, можна было паназіраць падчас майстар-класаў. І нават не толькі паназіраць, але і прыняць актыўны ўдзел.

На адкрытых занятках “Свята да нас прыходзіць” вучні 3—4 класаў пад кіраўніцтвам выхавальніка Таццяны Малінецкай пазнаёміліся з гісторыяй навагодніх упры-гажэнняў, даведаліся шмат цікавага аб прафесіі дэкаратара і разнастайнасці святочнага дэкору. Да пачаткоўцаў таксама далучыліся госці. Разам з дзецьмі ўдзельнікі семінара вучыліся складваць папяровыя сурвэткі ў форме ёлачкі для дэкарыравання навагодняга стала і вырабілі навагоднія ўпрыгажэнні з непрыдатных матэрыялаў.

Наведаўшы майстар-клас “Адвент-каляндар сваімі рукамі”, які правяла выхавальнік ГПД і кіраўнік студыі скрапбукінгу “Формула цудаў” Іна Усціненка, педагогі даведаліся, што такое адвент-каляндар, як ён з’явіўся, якія існуюць яго віды і формы і што варта ўлічыць пры яго вырабе.

У канцы мерапрыемства свой вопыт работы прадэманстравала аб’яднанне па інтарэсах “Тэатр моды”. Ім кіруюць педагогі дадатковай адукацыі Вольга Кузняцова і Ніна Барысенка. А вучні 3—4 класаў, якія наведваюць факультатыўныя заняткі “У свеце музыкі”, паказалі фрагмент музычнай казкі “Кот у ботах”, якую развучвалі разам з кіраўніком факультатыву Алесяй Мароз.

Пры падвядзенні вынікаў удзельнікі семінара адзначылі высокі метадычны ўзровень мерапрыемства, падкрэслілі яго эфектыўнасць, а таксама практычную накіраванасць прадстаўленых матэрыялаў.

— Сёння практыка-арыентаваныя семінары з’яўляюцца лепшай формай навучання і перадачы перадавога вопыту, — упэўнена метадыст гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета Алена Семянцова. — Акрамя таго, гэта выдатная магчымасць будаваць метадычны дыялог, вызначаць задачы і абмяркоўваць шляхі іх вырашэння.

Наталля ЛУТЧАНКА.