Творчы прарыў на сцэне

- 11:25Навіны рэгіёнаў

Па два дыпломы па выніках абласнога фестывалю тэатральных калектываў атрымалі ў гімназіі Смаргоні і Воўпаўскай сярэдняй школе Ваўкавыскага раёна.

Як паведаміла культарганізатар аддзела па арганізацыі вольнага часу Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Алена Марынец, усяго ў адборачных турах прыняў удзел 21 калектыў, у фінал выйшлі 5.

На суд кампетэнтнага журы і гледачоў былі прадстаўлены пастаноўкі розных жанраў: беларуская казка і фэнтэзі, філасофскае разважанне і пантаміма. Журы ацэньвала арыгінальнасць рэжысёрскага рашэння, узровень акцёрскага майстэрства, выкарыстанне выразных сродкаў і візуальных рашэнняў спектакляў. Лепшай была прызнана пастаноўка ўзорнай тэатральнай студыі “Сучаснік” гімназіі Смаргоні. Дзеці пад творчым кіраўніцтвам Паліны Ралевіч стварылі спектакль пад назвай “Шышлі-Мышлі”, дзе ў казачнай і фантастычнай форме паказалі, што чалавечыя якасці патрэбны заўсёды і што дабро заўсёды перамагае. А юныя артысткі Аляксандра Дурэйка і Бажэна Козел атрымалі дыплом за лепшую акцёрскую ігру.

Клоўн-мім-тэатр “МастерОК” Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі атрымаў дыплом ІІ ступені. Трэцяе месца і адпаведны дыплом прысуджаны тэатральнаму калектыву “Калейдаскоп” Воўпаўскай сярэдняй школы за пастаноўку “Збянтэжаны Саўка”, а выканаўца галоўнай мужчынскай ролі Максім Скорабагаты адзначаны дыпломам за лепшую акцёрскую ігру.

Дыплом “За лепшае музычнае афармленне” атрымаў ўзорны тэатр “Зефір” гімназіі № 5 Гродна. Дыпломам у намінацыі “Творчы прарыў” адзначана аб’яднанне па інтарэсах “Тэатральнае асарці” Гродзенскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.