Творчы шлях да прафесіі

Адной з самых важных праблем у жыцці кожнага чалавека з’яўляецца праблема выбару прафесіі. Для таго каб навучэнца, які паступіў у Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж народных мастацкіх промыслаў, матываваць на атрыманне прафесіі, мы з калегамі праводзім вялікую плённую працу. Асабліва эфектыўнай з’яўляецца творчасць, якая раскрывае чалавека як асобу. Для гэтага сцены калідораў і холаў установы ператвораны ў своеасаблівую выставачную экспазіцыю.

Пачалося ўсё са стварэння экалагічных куткоў, своеасаблівых аазісаў, якія размясціліся на паверхах вучэбнага корпуса. Гэта быў адзін з першых праектаў. Потым каледж сталі ўпрыгожваць маляўнічыя карціны з выявай жывёл Беларусі, разьбяныя драўляныя пано, палотны, выкананыя ў тэхніцы пэчворк, выявы помнікаў архітэктуры Гомеля. Гэта ўсё работы нашых навучэнцаў (мастакоў, дызайнераў, швачак, разьбяроў па дрэве, лозапляцельшчыкаў). Ненадакучліва акцэнтуючы ўвагу на прыгажосці і багацці роднага краю, мы паказваем, чаму могуць навучыцца выхаванцы. Кожны выпускнік можа ганарыцца, што менавіта яго работа ўпрыгожвае каледж. Ці гэта не матывацыя па ўдасканаленні прафесійнай дзейнасці? Правядзенне штогадовых конкурсаў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці сярод навучэнцаў, майстар-класы майстроў вытворчага навучання спрыяюць фарміраванню прафесійнай накіраванасці.

У каледжы быў распрацаваны і рэалізаваны праект стварэння этнаграфічнай залы “Спадчына”. Выдатная магчымасць пагрузіцца ва ўнікальную атмасферу вясковага побыту ёсць у навучэнцаў, якія асвойваюць цікавую і творчую прафесію — разьбяр па дрэве. Гэтая спецыяльнасць сыходзіць сваімі каранямі ў старажытнасць, дэманструючы а­дзінства практычнага і эстэтычнага пачатку ў народным побыце. Навучэнцы авалодваюць тэхнікай простай, дэкаратыўнай і ажурнай разьбы. Цяпло і ўтульнасць у выставачнай зале “Спадчына” ствараюць разнастайныя прадметы побыту нашых продкаў: лавы, куфры, кухонныя дошкі, тканыя ручнікі.

Выставачная зала дэкаратыўна-пры­кладнога мастацтва каледжа засноўвалася як прэзентацыя дыпломных работ і іншых экс­панатаў, выкананых сіламі навучэнцаў і работнікаў каледжа. Прадстаўленыя вырабы служаць наглядным прыкладам для праф­арыентацыйнай работы, а таксама спрыя­юць павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў, дапамагаюць рыхтаваць спецыялістаў народных мастацкіх промыслаў і фарміраваць творчы патэнцыял навучэнцаў не толькі на аснове захавання і развіцця традыцыйнага беларускага народнага мастацтва, але і шырокага авалодання і прымянення сучасных тэхнік і тэхналогій. Традыцыйна ў Дзень ведаў навучэнцы 1 курса прыходзяць на экскурсію ў гэтую залу для азнаямлення з перспектывамі авалодання будучай прафесіяй.

Ткацтва і вышыўка прадстаўлены ва ўзорах калекцыі выставачнай залы касцюма. Разнастайныя тэхнікі ткацтва, вышыўкі, шыцця і вязання, асаблівасці дэкору, арнаментаў, спосабаў нашэння святочнага і абрадавага адзення, сукенак, паясоў, кашуль — усё гэта складае аснову для прафесіі швачкі, вышывальшчыцы. Ганаровае месца ў інтэр’еры выставачнай залы займае калекцыя лялек у традыцыйных касцюмах славянскіх народаў. Гэта ўнікальная эксклюзіўная калекцыя. Копія гэтай калекцыі была падорана Славянскай бібліятэцы нашага горада, дзе экспануецца і ў цяперашні час. Колер, фактура, дадатковыя аб’ёмы, сучасныя матэрыялы, выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій — усё гэта з’яўляецца прыкладам таго, як можна спалучаць гісторыю і сучаснасць.

У малой актавай зале “Амфітэатр”, стваральнікамі якой з’яўляліся будучыя вытворцы мастацкіх вырабаў з лазы і выканаўцы мастацка-афарміцельскіх работ, пануе рамантычная атмасфера ўтульнага італьянскага панадворка. Цёплы каларыт, вулічныя ліхтары, створаныя разьбярамі па дрэве, вітражы, разнастайны архітэктурны дэкор дапамагаюць узнавіць гістарычны рэльеф грамадскага памяшкання. Эпоха антычнай Італіі натхняе педагогаў і навучэнцаў каледжа на правядзенне тэматычных пазакласных мерапрыемстваў, літаратурных і музычных вечароў, сустрэч са знакамітымі людзьмі горада.

Над стварэннем інтэр’ера залы савецкага перыяду працавалі навучэнцы ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасцях “Дызайнер-выканаўца” і “Мастак”. Экспазіцыя залы нагадвае святочную першамайскую вуліцу з ручным роспісам на сценах, узнаўленнем традыцыйных нацыянальных касцюмаў прадстаўнікоў 15 рэспублік былога Савецкага Саюза, якія знайшлі сваё ўвасабленне ў калекцыі лялек. А вось адкрыццю выставачнай залы “Хрысціянскія сюжэты ў мастацтве” папярэднічала вялікая даследчая работа. Навучэнцы-дызайнеры выканалі макеты храмаў Гомельскай вобласці, якія з’яўляюцца помнікамі архітэктуры і беларускага дойлідства. У зале прадстаўлены экспазіцыі, якія адлюстроўваюць біблейскія паданні пра стварэнне свету, храналагічны парадак жыцця Ісуса Хрыста, асветленыя ў Евангеллях праз рэпрадукцыі жывапісных работ, ікон і мазаікі.

Народныя промыслы дазваляюць сфарміраваць прафесійную накіраванасць праз прызму творчасці з мэтай далейшай самарэалізацыі асобы.

Вольга ПІСАРАВА,
метадыст вышэйшай катэгорыі Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа народных мастацкіх промыслаў.