Творчы ўрок

Для дзяцей, у якіх больш развіта правае паўшар’е мозга, матывы, якія падахвочваюць вывучаць школьныя прадметы, звязаны са станаўленнем асобы, з імкненнем да самапазнання, з жаданнем разабрацца ва ўзаемаадносінах людзей, усвядоміць сваё становішча ў свеце. Для левапаўшарных дзяцей характэрны пазнавальныя матывы. Менавіта развіццё творчых здольнасцей дазваляе злучыць пазнавальны і сацыяльны матывы, выкарыстоўваць іх для павышэння пазнавальнай актыўнасці. Фарміраванне творчага патэнцыялу асобы на сёння вельмі актуальнае, таму што, па даных Сусветнага эканамічнага форуму, аднымі з найбольш запатрабаваных кампетэнцый да 2020 года будуць такія, як крэатыўнасць і нестандартнае мысленне.

Творчасць — працэс чалавечай дзейнасці, які стварае штосьці якасна новае, якое вызначаецца непаўторнасцю, арыгінальнасцю. Асноўны крытэрый, які характарызуе творчасць, — унікальнасць яго выніку.

Пад творчымі здольнасцямі маюцца на ўвазе індывідуальныя псіхалагічныя асаблівасці дзіцяці, якія не залежаць ад разумовых здольнасцей і выяўляюцца ў дзіцячай фантазіі, уяўленні, асаблівым бачанні свету, сваім пункце гледжання на навакольную рэчаіснасць.

Развіваючы творчыя здольнасці, мы фарміруем творчы патэнцыял асобы.

Ход семінара

(Педагогі дзеляцца на 4 групы — зыхо­дзячы з колеру памяткі, якая прапануецца ў пачатку работы.)

Праблемнае пытанне: творчымі здольнасцямі валодаюць усе людзі або гэта доля выбраных? (Разважанні настаўнікаў.)

Той, хто лічыць, што творчасць — доля выбраных, вельмі памыляецца. Як правіла, людзі схільны думаць, што ствараць — значыць умець добра маляваць, спяваць, танцаваць, іграць на фартэпіяна або будаваць замкі. Творчасць — гэта асаблівы склад розуму. Вы можаце абсалютна дакладна выконваць на арфе італьянскія мелодыі, але ў той жа самы час быць зусім не творчым чалавекам. Але калі вы прыдумалі найноўшы спосаб завязвання шнуркоў або заварвання чаю, няма ніякіх сумненняў у вашых творчых здольнасцях.

Для таго каб развіваць творчыя здольнасці навучэнцаў, настаўнік павінен ведаць, наколькі ў яго самога развіта нестандартнае мысленне. Для гэтага педагогам прапануецца тэст.

Неабходна прыдумаць, што можна зрабіць з кожным з трох прадметаў, назвы якіх вам будуць дадзены. Колькі магчымых варыянтаў вы знойдзеце? На кожны прадмет адводзіцца адна мінута. Агульны час для выканання ўсяго задання складае тры мінуты. Цяпер пачынайце адлік часу.

1 заданне. Што можна зрабіць з пачкам запалак? Якія магчымасці вы прапануеце?

2 заданне. Што можна зрабіць з бляшанкай? Якія магчымасці вы прапануеце?

3 заданне. Што можна зрабіць з аўтамабільнай шынай? Якія магчымасці вы прапануеце?

Ацэнка вынікаў тэста: за кожны асэнсавана запоўнены радок налічыце сабе два балы. Потым падсумуйце налічаныя балы. Максімальна вы можаце атрымаць 60 балаў.

0—20 балаў. У вас, канечне, ёсць задаткі нестандартнага мыслення, і ў той жа час вы вельмі дрэнна спраўляецеся з такімі заданнямі. Старайцеся часцей практыкавацца, ставячы перад сабой аналагічныя задачы.

20—40 балаў. Вы валодаеце нармальна выяўленай схільнасцю да нестандартнага мыслення, вашы здольнасці ў гэтай сферы з’яўляюцца сярэднімі. У межах гэтых сярэдніх велічынь ваша крэатыўнасць выяўляецца хутчэй пасрэдна.

40—60 балаў. Ваша здольнасць да нестандартнага мыслення ў нейкай меры яўна вышэйшая за агульны ўзровень. Вы можаце лічыць, што асабліва здольны да тых відаў дзейнасці, у якіх неабходны творчы падыход.

Работа ў групах

А зараз паглядзіце на наступны спіс якасцей і скажыце, якія з іх, на вашу думку, звязаны з творчым мысленнем: уменне ўжыцца ў ролю іншага чалавека, фантазія, крытычнасць, схільнасць да прагнозаў, здоль­насць глядзець на рэчы з розных пунктаў гле­джання, лагічнасць мыслення, уменне весці спрэчкі, навык ігры на піяніна, імкненне знаходзіць новае прымяненне вядомым рэчам, цяга да вынаходніцтваў.

Дапоўніце яшчэ некалькі асаблівасцей творчага розуму. (Групы называюць якасці, аргументуючы свае адказы, дабаўляюць свае варыянты.)

Фарміраванне творчага патэнцыялу асобы адбываецца непасрэдна на творчым уроку — гэта ўрок, на якім вучні вынахо­дзяць, даследуюць, прыдумляюць, развіваюць здольнасці і рэалізоўваюць асобасны творчы патэнцыял. Папулярнасць творчых урокаў у практыцы агульнаадукацыйнай школы апошнія дзесяцігоддзі тлумачыцца імкненнем настаўнікаў выйсці за межы шаблону ў арганізацыі вучэбных заняткаў, зменай адукацыйных арыенціраў, замацаваных у сучасных адукацыйных стандартах і вучэбных праграмах. Атрыманне ведаў, авалодванне ўменнямі і навыкамі, якія раней з’яўляліся канчатковай мэтай вучэбнага працэсу, цяпер можна аднесці толькі да папярэдняга этапу. Сапраўднай жа мэтай становіцца магчымасць прымяніць атрыманыя веды і ўменні і атрымаць з іх дапамогай творчы прадукт (праект, рэферат, сачыненне і г.д.), а падчас работы над яго стварэннем развіць у сабе каштоўныя для інтэлектуальнай дзейнасці і для жыцця ў цэлым асобасныя якасці. ­Удзельнічаючы ў такім уроку, вучні развіваюць свае здольнасці, рэалізоўваюць свой творчы патэнцыял.

Стварэнне творчага ўрока — складаны працэс, таму што настаўнік не проста плануе этапы ўрока і заданні на кожны этап, а распрацоўвае сістэму ўмоў для дзіцячай творчасці. Пры гэтым улічваюцца адукацыйная праграма, узровень падрыхтоўкі дзяцей, тып урока, віды дзейнасці, якія дапамогуць вучням стварыць адукацыйны прадукт. У аснове творчага ўрока ляжыць эўрыстычнае, праблемнае, развіццёвае навучанне.

Поспех творчага ўрока ў немалой ступені залежыць ад стартавага задання, якое ўцягвае вучняў у матываваную дзейнасць. Калі заданне гучыць незразумела, нецікава для дзяцей, далёка ад іх асабістага вопыту, то шансаў на поспех у рабоце мала. Цікава сфармуляваныя заданні асабліва важныя для “сухой” матэматыкі.

У аснове ж творчага ўрока абавязкова ляжыць матывацыя, стварыць якую прызначана стартавае заданне, або, як яго называюць, адкрытае заданне. Сутнасць такога задання ў тым, што яно не мае адназначнасці рашэння. Гэтым яно і адрозніваецца ад традыцыйных пытанняў і заданняў. Адкрытыя заданні дазваляюць вучням не проста вывучаць матэрыял, а фарміраваць уласныя веды пра рэальны аб’ект пазнання.

Цяжкасці, звязаныя з праектаваннем творчага ўрока, тлумачацца яго інтэрактыўнасцю — непрадказальнасцю выніку, размытасцю межаў структурных кампанентаў урока, працягласцю падрыхтоўкі да правя­дзення, адрозненнем узроўню падрыхтаванасці вучняў для ўключэння ў самастойную пошукавую даследчую і творчую дзейнасць, недахопам вопыту ў педагога.

Работа з памяткамі, якія настаўнікі атрымалі ў пачатку семінара

Разгледзім этапы і асаблівасці складання плана ўрока, арыентаванага на творчую дзейнасць вучняў.

  1. План творчага ўрока — гэта інструмент рэалізацыі настаўнікам сваёй адукацыйнай праграмы. Планаванне ўрока пачынаецца з планавання серыі заняткаў па адной тэме (раздзеле). Настаўнік прадумвае некалькі звязаных паміж сабой урокаў, ажыццяўляе іх прыкладную разбіўку па мэтах, тэмах, відах дзейнасці, якія дамінуюць, выніках, якія прадугледжваюцца. Фармулююцца галоўныя адукацыйныя вынікі вучняў, якія вылучаны ў агульнай праграме заняткаў па прадмеце і рэальныя для дасягнення ў рамках раздзела, які вывучаецца.
  2. Актуалізацыя творчага патэнцыялу навучэнцаў у свядомасці настаўніка. Прыпамінаюцца асаблівасці вучняў таго класа, у якім будзе праводзіцца ўрок. Успамінаюцца найбольш удалыя элементы папярэдніх урокаў. Ужываючыся ў стан вучняў, настаўнік пачуццёва і разумова адчувае іх дзеянні ў дачыненнні да тэмы і праблемы будучага ўрока, карэкціруе пры неабходнасці змест і сродкі навучання.
  3. Настаўнік выпрацоўвае ўласныя асобасныя адносіны да праблематыкі тэмы. З гэтай мэтай адбываецца знаёмства з падручнікамі, дапаможнікамі, кнігамі і іншымі матэрыяламі па тэме ўрока. Знаходзяцца праблемы, якія цікавы самому настаўніку (ёсць верагоднасць, што гэтыя ж праблемы бу­дуць цікавыя і вучням). Неабходна знайсці і зафіксаваць разнастайнасць або хаця б два су­працьлеглыя пункты гледжання спецыялістаў (вучоных) на праблему, якая вывучаецца. Папярэднія веды настаўніка пра розныя разуменні праблемы дапамогуць яму ўбачыць у дзіцячых меркаваннях на ўроку індывідуальныя падыходы іх аўтараў, не прайсці міма арыгінальных напрамкаў думкі вучняў.
  4. Вызначэнне сэнсу ўрока, суаднясенне гэтага сэнсу з галоўнымі мэтамі па курсе, які вывучаецца. Важна ўлічыць, што сэнс урока і тэмы, якая вывучаецца, у свядомасці розных вучняў можа быць розным. Карысна мець уяўленне пра накіраванасць індывідуальных адукацыйных праграм вучняў, пра іх інтарэсы ў галіне, якая вывучаецца.
  5. Распрацоўваецца ідэя ўрока. Фармулюецца адно або некалькі адкрытых заданняў, якія не маюць адназначнага варыянта іх выканання і дазваляюць кожнаму вучню рэалізоўваць сваю індывідуальнасць.
  6. Выбіраецца такі матэрыял і такія сродкі, метады і формы дзейнасці, якія забяспе­чаць “нараджэнне” вучнямі свайго зместу адукацыі.
  7. Суаднясенне магчымых творчых вынікаў вучняў з адукацыйнымі стандартамі. Да творчых прадуктаў, якія плануюцца, загадзя падбіраюцца культурна-гістарычныя аналагі. Напрыклад, да ўрока па складанні вучнямі ўласных табліц складання лікаў настаўнік рыхтуе аналагічныя табліцы, складзеныя старажытнымі і сучаснымі вучонымі.
  8. Удакладненне і пісьмовае фармуляванне мэт урока рознага рангу ў дачыненні да розных суб’ектаў навучання. Прывядзём прыклады трох узроўняў мэт у дачыненні да вучняў: “Скласці лікавы рад на аснове ўласнай матэматычнай заканамернасці” (прадметная мэта); “Сфармуляваць паняцце “заканамернасць” (метапрадметная мэта); “Навучыцца фармуляваць сваю мэту, спосаб работы, цяжкасць, якая ўзнікла, асвоіць спосаб графічнай рэфлексіі” (метадалагічныя мэты).
  9. Распрацоўка аднаго або некалькіх варыянтаў структуры ўрока. Адно з патрабаванняў заняткаў — “дыханне ўрока”, гэта значыць, змена кантрастных відаў дзейнасці вучняў пры захаванні адукацыйнай дамінанты. Так, на ўроку з вучнямі пачатковай школы такая змена адбываецца не радзей чым праз 10—15 мінут.

Тыпы творчых урокаў

Урокі кагнітыўнага тыпу (урок-назіранне; урок-эксперымент; урок даследавання аб’екта або паняцця; пошукавы ўрок; урок пастаноўкі праблемы і яе вырашэння; урок канструявання паняцця (спосабу, правіла); міжпрадметны ўрок і іншыя);

Урокі крэатыўнага тыпу (урок складання і рашэння задання; урок мадэлявання; урок-падарожжа (рэальнае, віртуальнае); урок наадварот (вучні ў ролі настаўніка); урок-алімпіяда; урок творчага абагульнення; урок адкрыццяў; урок абароны творчых работ; ролевая гульня і іншыя);

Урокі аргдзейнаснага тыпу (урок мэтапастаноўкі; урок з групавой работай; урок-кансультацыя; урок-залік; урок самаацэнкі; урок-рэфлексія і іншыя);

Урокі камунікатыўнага тыпу (урок-выстава; урок-аўкцыён; урок-спаборніцтва; урок-КВЗ; урок узаемакантролю і іншыя).

Работа ў групах: неабходна распрацаваць фрагмент творчага ўрока (дзейнасць настаўніка і навучэнцаў)

1 група: урок даследавання аб’екта;

2 група: урок наадварот (вучань у ролі настаўніка);

3 група: урок з групавой работай;

4 група: урок узаемакантролю.

Прэзентацыі груп, рэфлексія.

Вольга ГУДЗЕНЬ,
педагог-псіхолаг гімназіі Шчучына.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *