Творчыя, актыўныя, мэтанакіраваныя

Такія яны — педагогі дадатковай адукацыі Магілёўшчыны. У гэтым пераконваў адпаведны конкурс прафесійнага майстэрства, які аб’яднаў лепшых прадстаўнікоў навучальных устаноў гэтага профілю.

Як паведаміла метадыст абласнога Цэнтра творчасці Наталля Ластачка, падобныя прафесійныя спаборніцтвы праводзяцца штогод, а іх асноўная мэта — распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту, пошук новых ідэй для абнаўлення зместу адукацыйнага працэсу, выяўленне лепшых у прафесіі.

— Акрамя гэтага, наш конкурс стымулюе педагогаў на самаразвіццё. Колькасць удзельнікаў пастаянна пацвярджае: магілёўскім педагогам дадатковай адукацыі ёсць што паказаць і чым падзяліцца з калегамі, — адзначыла Наталля Пятроўна.

Каб выявіць лепшага сярод шматлікіх прэтэндэнтаў, журы прадугледзела для іх шэраг няпростых заданняў. Першапачаткова найбольш годнага выбіралі ўнутры ўстановы. Затым канкурсантаў чакаў прамежкавы тур, для праходжання якога неабходна было прадставіць прэзентацыю асабістага адукацыйна-метадычнага комплексу, а таксама правесці майстар-клас па свайму кірунку дзейнасці і заняткі з незнаёмай групай навучэнцаў.

— Усе ўдзельнікі бліскуча справіліся з іспытамі. Падчас правядзення адкрытых заняткаў у незнаёмай групе яны змаглі хутка авалодаць увагай дзяцей, знайсці падыход да кожнага навучэнца. А іх майстар-класы пераносілі ў чароўны свет творчасці, — расказала Наталля Ластачка.

Потым фіналістаў чакала псіхолага-педагагічнае тэсціраванне. Усе прадэманстравалі высокі ўзровень ведання асноў педагогікі, нарматыўна-прававой дакументацыі, якая рэгламентуе арганізацыю вучэбнага працэсу ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

— Пасля канкурсантам трэба было публічна прэзентаваць сябе. Адметна, што ўсе выступленні вылучаліся індывідуальнасцю і непаўторнасцю. Кожны з удзельнікаў паказаў сябе як неардынарная асоба, творчы, актыўны, упэўнены ў сабе педагог, які ўмее ставіць перад сабой мэту і дасягаць яе, — расказала Наталля Пятроўна.

Крэатыўныя, напоўненыя творчасцю і любоўю да сваёй прафесіі выступленні сапраўды ўражвалі. Канкурсанты змаглі звязаць гісторыю свайго жыцця з матывамі казак, здзяйснялі падарожжы па родных прасторах, здзіўлялі танцавальнымі пастаноўкамі, выкананнем аўтарскай песні і народных абрадаў. Візітоўкі нагадвалі міні-спектаклі, якія ў поўнай меры раскрывалі прафесійны шлях педагогаў. Важна, што галоўны прынцып працы ва ўсіх быў аднолькавы: педагогі бачаць сваёй асноўнай задачай развіццё здольнасцей вучняў.

— У сістэме дадатковай адукацыі рэгіёна створаны ўсе ўмовы для рознабаковага развіцця дзяцей. Але забяспечыць раскрыццё дзіцячых талентаў можа толькі педагог, які шчыра і аддана любіць сваю справу. Усе канкурсанты менавіта такія, — сказала на цырымоніі падвядзення вынікаў конкурсу намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Алена Клімянкова.

Журы доўга раілася, выбіраючы лепшых. У выніку, з невялікім адрывам ад астатніх пераможцай стала кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Азімут” Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразі” Магілёва Марына Кузняцова. Лаўрэатамі конкурсу і ўладальнікамі дыпломаў ІІ і ІІІ ступені былі названы педагог аб’яднання па інтарэсах “Турысцка-прыкладное мнагабор’е” Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій Бабруйска Вадзім Ерманок, а таксама кіраўнік гуртка “Дэкор” Круглянскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка” Святлана Пракапенка.

НА ЗДЫМКУ: пераможца конкурсу кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Азімут” Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразі” Магілёва Марына Кузняцова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена абласным Цэнтрам творчасці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *