Творчыя думкі мінулага стагоддзя

- 15:51Навіны рэгіёнаў, Рознае

Прыгожае новае — гэта добра забытае старое. Менавіта так можна сказаць пра цікавы праект упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Размова ідзе пра рэстаўрацыю скульптур савецкай эпохі.

Магчыма, нашы чытачы памятаюць парк скульптур у жлобінскай школе № 5, адкрыццё якога прыйшлося на Рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі”. Дык вось нядаўна завяршыўся другі этап гэтага праекта, і добра вядомыя пакаленню былых акцябрат і піянераў скульптуры ўпрыгожылі алею Гомельскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі. Сёння бялюсенькія фігуры радуюць вока не толькі тых, хто тут працуе, але і прахожых. І далёка не кожны ведае, колькі часу, сіл і працы было ўкладзена ў кожную скульптуру.
Пачалося ўсё з пошукаў. Як і першы раз, кіраванне праектам узяла на сябе намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Т.Ф.Атрохава. Сумесна з калегамі на месцах яна высвятляла, дзе ў раёнах ёсць закінутыя скульптуры. На рэстаўрацыю знаходкі дастаўляліся з Петрыкаўскага, Светлагорскага, Рагачоўскага, Гомельскага раёнаў. Непадалёк ад абласнога цэнтра ёсць некалькі былых піянерскіх лагераў, якія зараз не дзейнічаюць, — там таксама знайшлося нямала цікавага.
— Мы працавалі гуртам, а таму ў нас усё добра ладзілася, — дзеліцца Таццяна Фёдараўна. — Актыўна адгукнуліся на нашу прапанову папрацаваць над праектам Добрушскі і Акцябрскі політэхнічныя ліцэі, Гомельскі ліцэй машынабудавання, Рагачоўскі каледж будаўнікоў і Гомельскі каледж народных мастацкіх промыслаў. Вялікую дапамогу аказалі гомельскія будаўнічыя трэсты №№ 14 і 27 — без іх мы б проста не даставілі нашы знаходкі ў Гомель.
І вось, калі дзясятак чыіхсьці творчых думак мінулага стагоддзя быў дастаўлены ў абласны цэнтр, надышоў самы адказны час. Тут патрэбны былі рукі сапраўднага майстра. Ад часу і адсутнасці належнага догляду творы не проста страцілі свой знешні выгляд, у многіх не хапала частак, а іншыя наогул нагадвалі кучу камянёў. І такі майстар знайшоўся ў Добрушскім політэхнічным ліцэі. Некалькі тыдняў Таццяна Авеніраўна Рудзянок разам з навучэнцамі Гомельскага прафесійнага ліцэя машынабудавання працавала над скульптурамі. Спачатку патрэбна было зварыць арматуру, каб вылепіць часткі, якіх не хапала. За гэтую справу ўзяўся майстар вытворчага навучання Добрушскага ліцэя Л.П.Літвінкевіч. А далей — справа за Таццянай Авеніраўнай і яе вернымі памочнікамі, будучымі токарамі Юрыем Багданавым, Максімам Котавым, Аляксандрам Пакуцем і Вадзімам Шавырыным. Час ад часу да рэстаўратараў далучаліся і навучэнцы каледжа народных мастацкіх промыслаў — у гэтай справе іх творчае мысленне якраз дарэчы.
— Шмат часу заняла зачыстка, трэба было зняць налёт, які адклаў на творах час, — расказвае Таццяна Авеніраўна. — Некаторыя былі пакрыты рознакаляровымі фарбамі, якія патрэскаліся і выцвілі ад часу.
Я трапіла ў майстэрню ўжо тады, калі хлопцы наносілі апошнія штрыхі: грунтавалі і пакрывалі белай акрылавай фарбай даведзеныя да дасканаласці скульптуры, даючы ім другое жыццё. Прыемна было назіраць за працай юнакоў, бо было відавочна, што працуюць яны з сапраўднай зацікаўленасцю, уважліва слухаюць свайго кіраўніка, раяцца, уносяць свае прапановы.
…Днямі праходжу міма і чую, як бабуля, гуляючы з унукам па алейцы, расказвае малому гісторыю незнаёмых яму фігур. Хлопчык уважліва слухае, задае пытанні, а бабуля з захапленнем акунаецца ва ўспаміны. Ці гэта не ёсць доказ таго, што зроблена добрая справа?

Наталля ЛУТЧАНКА.