Творчыя канікулы

- 13:08Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца, Суразмоўца

Пра летнія праекты “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем” і “Вытокі маёй малой радзімы” расказала начальнік аддзела адукацыі Петрыкаўскага райвыканкама Людміла Мікалаеўна Жукавец.

— Першы праект — даследчы, прысвечаны вывучэнню малавядомых падзей і фактаў гісторыі нашага населенага пункта ў перыяд Вялікай­ Айчыннай вайны, — адзначыла Людміла Мікалаеўна. — У рамках другога праекта творчыя групы ўстаноў адукацыі разам з гарадскім саветам БРПА і саветам старшакласнікаў адпраўляюцца ў падарожжа па родным краі. Вынікі будуць падве­дзены на жнівеньскай канферэнцыі ­педагагічных работнікаў.

— Ці будзе сёлета праводзіцца аптымізацыя ўстаноў адукацыі?

— Такая неабходнасць ёсць. У раё­не сёння вучыцца і выхоўваецца 4134 дзіцяці, з іх 1100 дашкольнікаў. Апошнім часам колькасць дзяцей у сельскай мясцовасці памяншаецца, а ў гора­дзе, наадварот, павялічваецца. Гэта звязана з будаўніцтвам жылля ў Петрыкаве, у тым ліку льготнага. У 2022 годзе ў раёне ліквідуюцца тры ўстановы да­школьнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, а таксама рэарганізуюцца дзве ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Але ў самім горадзе, што радуе, год назад адкрыўся дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці
2 упраўлення сацыяльнага развіцця і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ААТ “Беларуськалій” на 240 месцаў.

— Як адпачываюць і аздараўляюцца сёння дзеці?

— Летам ва ўстановах адукацыі функцыянуюць 48 лагераў розных профіляў, у якіх павінна аздаравіцца 841 дзіця. Большасць з іх адпачне ў прышкольных лагерах з дзённым знаходжаннем. Для дзяцей арганізуюцца экскурсіі, працоўныя дэсанты па добраўпарадкаванні месцаў адпачынку, помнікаў і месцаў пахавання воінаў Вялікай Айчыннай вайны.

15 дзяцей зараз знаходзіцца ў загарадным аздараўленчым лагеры “Космас” Светлагорскага раёна. Таксама дзейніча­юць 11 лагераў працы і адпачынку для 120 дзяцей. Сельгасарганізацыі раёна ідуць насустрач і забяспечваюць працоўную занятасць падлеткаў, у першую чаргу тых, хто знаходзіцца на прафілактычных уліках. Другі год запар на базе Петрыкаўскага раённага ЦКРНіР працуе аздараўленчы лагер з дзённым знахо­джаннем для 6 дзяцей з інваліднасцю.

— Якія спецыяльнасці выбіраюць выпускнікі вашых школ? Як вы ім у гэтым дапамагаеце?

— Са 187 выпускнікоў 11 класаў мінулага года 81 выбраў установы вышэйшай адукацыі. Найбольш папулярнымі з’яўляюцца спецыяльнасці горнай справы і інжынернай экалогіі, педагагічныя, будаўнічыя спецыяльнасці, сястрынская справа, цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка. Каб дапамагчы старшакласнікам, развіваецца сетка профільных класаў (груп). У мінулым навучальным годзе ў іх займалася амаль трэць вучняў 10—11 класаў. Функцыянавалі 5 педагагічных груп, у якіх за апошні год стала займацца ў 2 разы больш вучняў, і 2 групы сельскагаспадарчага (аграрнага) кірунку.

Дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкай рабочых (служачых) ахоплена каля 70% старшакласнікаў. Яны займаюцца па 8 спецыяльнасцях: “Агароднік”, “Швачка”, “Аператар ЭВМ”, “Цясляр”, “Сталяр”, “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Ратавальнік-пажарны”, “Памочнік выхавальніка”. У мінулым навучальным годзе пасведчанні аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду па прафесіі атрымалі 95 вучняў, з іх 23 — па прафесіі трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці. Маладыя людзі цяпер маюць права кіра­ваць колавымі трактарамі і самаходнымі машынамі катэгорый “А”, “С”. Гэтую прафесію яны асвойвалі на базе Мышанскай сярэдняй школы і цэнтра падрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Петрыкаўскага раёна.

— Раскажыце, калі ласка, аб дасягненнях вашых адораных вучняў. 

— Колькасць такіх дзяцей з кожным годам павялічваецца. У мінулым навучальным годзе ў раёне быў 41 пераможца абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый і конкурсаў па вучэбных прадметах, 64 пераможцы творчых конкурсаў, 18 пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Значным для Петрыкаўскага раёна ў апошнія гады стала дасягненне гімназіста Паўла Шлягі, які атрымаў дыплом рэспубліканскага конкурсу даследчых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў “Моладзь і экалагічныя праблемы сучаснасці”. Юнак прымаў удзел ад Беларусі ў міжнародным Стакгольмскім юніёрскім водным конкурсе. Па выніках рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) у 2021 годзе пераможцамі сталі гімназісты Кацярына Дарошка (секцыя “Хімія”) і Дзіяна Талецкая (секцыя “Фізіка”). На заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні і гісторыі Беларусі пераможцамі адпаведна сталі Кірыл Вайтовіч з гімназіі і Аляксей Каваленка з сярэдняй школы №1 Петрыкава. Сёлета перамогу на ўзроўні рэспублікі на алімпіядзе па грамадазнаўстве атрымала дзевяцікласніца гімназіі Ганна Ганчар, 5 вучняў перамаглі на XV Міжнароднай мала­дзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”. 

У мінулым навучальным годзе ў профільных класах займалася амаль трэць вучняў 10—11 класаў.

За 2021—2022 гады прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў узнагароджаны 9 вучняў раёна. Грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі ад райвыканкама адзначаны 48 вучняў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці, і 11 педагогаў. Бацькам лепшых вучняў уручаны па­дзячныя лісты ад райвыканкама і аддзела адукацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА.