Творчыя здольнасці і прафесійныя навыкі

- 11:58Навіны рэгіёнаў

На Міншчыне прадаўжаецца марафон прафесійнага майстэрства — конкурс WorldSkills, дзе юнакі і дзяўчаты дэманструюць свае працоўныя навыкі ў розных кампетэнцыях. У Слуцку і Барысаве вызначылі лепшых будучых кухараў і цырульнікаў.

У Слуцкім дзяржаўным каледжы прайшоў этап Рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus — 2018 па прафесійнай кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”. Сваё ўменне ствараць смачныя і прыгожыя стравы дэманстравалі прадстаўнікі 12 устаноў адукацыі. Іх заданнем было згатаваць халодную закуску і гарачую страву са свініны, на што адводзіліся тры гадзіны. Канкурсантам трэба было не проста стварыць кулінарны шэдэўр з гарманічным смакам, але і паказаць валоданне кулінарнай тэхнікай, навыкі правільнай арганізацыі працоўнага месца, веданне і выкананне правіл санітарыі і гігіены. З гэтым лепш за ўсё справілася Святлана Лаўрыновіч, навучэнка Слуцкага дзяржаўнага каледжа. Яна стала пераможцай конкурсу.

Стваральнікі прыгажосці — цырульнікі — таксама паспаборнічалі за лідарства. Яны сабраліся ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы, дзе прайшоў абласны этап Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 па кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва”. Яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы Барысаўскага і Вілейскага дзяржаўных каледжаў, Уздзенскага і Валожынскага дзяржаўных сельскагаспадарчых прафесійных ліцэяў. Заданне для канкурсантаў складалася з дзвюх частак. Спачатку цырульнікі выконвалі мужчынскую салонную стрыжку і ўкладку фенам, а потым стваралі жаночыя прычоскі на доўгіх валасах, і не простыя, а прычоскі для нявесты. Выконваючы заданні, канкурсанткі праявілі творчыя здольнасці і прафесійныя навыкі — вобразнасць мыслення, валоданне разнастайнымі тэхнікамі работы, уменне правільна выкарыстоўваць інструменты і прыстасаванні. Перамогу ў конкурсе святкавала Эсміра Гусейнава, навучэнка Барысаўскага дзяржаўнага каледжа.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.