Творцы безбар’ернага асяроддзя

Урачыстае ўручэнне прэміі “Чалавек безбар’ернага асяроддзя — 2020” адбылося 30 студзеня ў прэс-цэнтры Дома прэсы. Прэмія прысуджаецца другі год запар дзеячам мастацтва, якія падтрымліваюць прынцыпы гуманізму і ідэі безбар’ернага асяроддзя для невідушчых і слабавідушчых людзей, а таксама развіваюць інклюзіўнае мастацтва. Заснавальнікамі прэміі выступаюць Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, Мінская абласная арганізацыя ГА “БелТІЗ” пры падтрымцы Міністэрства культуры.

Кансультант упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Іван Галабурда адзна­чыў, што асаблівасць гэтай прэміі заключаецца ў дзяржаўнай падтрымцы. “Прэмія вартая ўвагі і павагі, яна мае вялікае значэнне для нашага грамадства, — дадаў ён. — Такое мерапрыемства стане традыцыйным і будзе ў далейшым толькі развівацца. Міністэрства культуры і далей будзе падтрымліваць усе ініцыятывы грамадскага характару, накіраваныя на развіццё творчасці людзей з інваліднасцю”.

Прэмія “Чалавек безбар’ернага асяроддзя” спрыяе прапагандзе інклюзіўнага мастацтва, прыцягваючы ўсё больш таленавітых людзей да стварэння творчага асяроддзя без бар’ераў. “Я ўпэўнена, што кожны разумее, наколькі важна існаванне і развіццё ідэі такой прэміі, — сказала дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка. — Наш цэнтр падтрымаў гэтую ініцыятыву ў мінулым годзе, і мы вельмі ганарымся тым, што многа мерапрыемстваў праводзіцца з грамадскімі аб’яднаннямі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Але на самай справе іх магчымасці і творчы патэнцыял бязмежныя. І наша задача іх падтрымаць”.

Першым сёлетнюю прэмію атрымаў Аляксандр Калоша — кіраўнік сацыяльна-культурнай установы “МоцАрт”, якая займаецца адаптацыяй беларускіх стужак для невідушчых і слабавідушчых людзей. Ён ініцыіраваў праект “Бязмежнае кiно”, які займаецца стварэннем аўдыядэскрыпцый да фільмаў “Залатой калекцыі” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. “Мы будзем і далей працаваць у гэтым кірунку і рабіць усё магчымае, каб словы “не хлебам адзіным” для людзей, якім цяжка ўспрымаць мастацтва, былі актуальнымі. Нам патрэбны не толькі пандусы, тактыльныя дарожкі і матэрыяльная падтрымка, але і культура. Вось дзеля гэтага і працуе “МоцАрт”. У нас ёсць вялікая мара — зрабіць аўдыядэскрыпцыю да нацыянальнага праекта “Купала”, але нам для гэтага патрэбна фінансавая дапамога спонсараў, бо мы некамерцыйная арганізацыя”, — падкрэсліў Аляксандр Калоша.

Праект “МоцАрт” падтрымаў і акцёр Драматычнага тэатра Беларускай Арміі Уладзімір Лісоўскі. Ён стаў асноўным тыфлакаментатарам фільмаў “Вянок санетаў”, “Белыя Росы”, “У жніўні 44-га”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чырвоная Шапачка”, “Прыгоды Бураціна” і “Горад майстроў”. Пры аўдыядэскрыпцыі тэатральных пастановак ён агучыў у рэальным часе спектакль “Школа падаткаплацельшчыкаў” у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. “Мне было вельмі прыемна і хвалююча працаваць з “МоцАртам”, і гэты час, які я патраціў на тое, каб зрабіць тыфлакаментарыі і агучку аўдыякніг, змяніў маё жыццё і прынёс у маё сэрца тое, што не дае мне станавіцца жорсткім. Буду і ў будучыні займацца гэтай справай”, — прызнаўся акцёр.

Трэцім лаўрэатам прэміі стаў заснавальнік і кіраўнік народнай мужчынскай вакальнай групы “Хорус” Ігар Кецкін. Сярод удзельнікаў калектыву ёсць невідушчыя і слабавідушчыя салісты. Група атрымала гран-пры ІІ Міжнародных Парадэльфійскіх гульняў. “Я ўдзячны сваёй сям’і — “Хорусу”, з якой мы разам 15 гадоў. Група — гэта штодзённая праца, бо я клапачуся пра кожнага яе ўдзельніка, — сказаў лаўрэат. — Для мяне гэтая ўзнагарода стала нечаканай, але вельмі ганаровай”.

Педагог, паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі “Чалавек безбар’ернага асяроддзя — 2019” Зоя Падліпская, узнагароджваючы Ігара Кецкіна, нагадала, што жыццё не стаіць на месцы, мяняюцца пакаленні, стагоддзі і тысячагоддзі, але, без сумнення, застаецца нязменным толькі адно — агульначалавечыя каштоўнасці: любоў да роднай сям’і, да сваёй зямлі і павага да блізкага. “Вельмі важна, што дабрыня і шчырасць нераўнадушных людзей мо­гуць зрабіць больш шчаслівым жыццё тых, каму так неабходны сёння наш клопат і ўвага”, — дадала яна.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.