Творцы гісторыі будучыні

- 11:41"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Прастора творчасці, гонар за alma mater і абраную прафесію: Віцебшчына прыняла эстафету Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”.

Поўдзень.
ХХІ стагоддзе

“Свет, у якім цікава жыць і працаваць” прадставілі на пачатку свайго літаратурнага шляху класікі расійскай фантастыкі. Міжзорныя экспедыцыі пакуль наперадзе, але будучыню браты Стругацкія ўбачылі дакладна. Творчы космас моладзі ХХІ стагоддзя натхняе, выклікае шчырае захапленне і апраўданы аптымізм: заўтра ў прафесію прыйдуць не проста высокакваліфікаваныя спецыялісты, а людзі ініцыятыўныя і таленавітыя, здольныя генерыраваць інавацыі, знаходзіць нестандартныя ідэі і ўвасабляць іх у жыццё. Кожнае з мерапрыемстваў фестывалю — яскравае пацвярджэнне гэтага.

— Урачысты і жыццесцвярджальны матыў “Надышоў час “АРТ-вакацый”, што некалькі дзён назад моцна прагучаў на Брэстчыне, я спачатку ўспрыняла як часцінку фестывалю — яркі, адзінкавы і ў пэўнай ступені выпадковы эпізод, — адзначыла загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч. — Але пасля Магілёва і цяпер у Віцебску выразна бачу: гэта ні ў якім разе не выпадковасць. Час “АРТ-вакацый” насамрэч надышоў. Таму што такая колькасць студэнтаў і навучэнцаў школ, гімназій, устаноў прафесійнай адукацыі вобласці, якую прымае Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, — з’ява выключная. Фестываль стаў адной са знакавых падзей у жыцці рэгіёна і рэспублікі. Калі гаварыць пра “АРТ-вакацыі” як прафарыентацыйную хвалю, яна атрымалася па-маладзёжнаму крэатыўнай і пазітыўнай, сапраўды ўдарнай.

Абласны этап “АРТ-вакацый 2018” на Віцебшчыне адбыўся 30 сакавіка. Старт фестывалю быў дадзены з адкрыццём у фае ВДТУ інтэрактыўных прафарыентацыйных пляцовак для навучэнцаў — будучых студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі вобласці. А сённяшнія іх студэнты змястоўна і падрабязна расказвалі сваім пераемнікам пра спецыяльнасці, умовы вучобы і пражывання, магчымасці развіцця і самарэалізацыі ў творчасці, спорце, грамадскай, навукова-даследчай дзейнасці, перспектывы далейшага працаўладкавання і прафесійнага росту. Расказвалі, зыходзячы з уласнага вопыту і на канкрэтных прыкладах, з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, абсталявання, са шчырым гонарам за сваю alma mater. Як вынік — ля кожнага стэнда, экрана, выставы тэхнічных навінак моладзь літаральна віравала, заварожаная маштабнай панарамай гісторыі будучыні. Ці ж можна ўтрымацца і не паспрабаваць прымераць яе на сябе?

Працягам фестывальнага дня была творчая феерыя на сцэне актавай залы ўніверсітэта. Акрамя навучэнцаў, гаспадары свята запрасілі сюды кіраўнікоў аб’яднанняў па інтарэсах і педагогаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Марафон аб’яднаных дэвізам “Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні” тэматычных канцэртных праграм пачаўся тады, калі гадзіннік на Віцебскай ратушы паказаў поўдзень.

Падарожжа ў мінулае

Сказаць, што ўзровень калектываў і выканаўцаў, якія прадставілі ўстановы вышэйшай адукацыі паўночнага рэгіёна, стаў прыкметна вышэйшым, будзе памылкай. Гаварыць трэба пра творчы рост у геаметрычнай прагрэсіі, адразу на некалькі парадкаў. Гэта было відаць у першую чаргу па выступленнях калектываў, што маюць у актыве не адну перамогу ў “АРТ-вакацыях”. Першы ж нумар праграмы Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, вакаліз з балета Яўгена Глебава “Маленькі прынц” у выкананні народнага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студэнцкай капэлы ВДМУ пад кіраўніцтвам Вольгі Фальковіч задаў і настрой, і найвышэйшую планку, утрымаць якую было няпроста. Тым не менш большасць выступоўцаў з гэтай задачай справілася. Многія нават пераўзышлі. Прыемныя ўражанні падарыў ансамбль танца “Міленіум” пад кіраўніцтвам Таццяны Грынкевіч, прадставіўшы пабудаваныя на мясцовым матэрыяле стылізаваныя народна-сцэнічныя “Паазёрскія замалёўкі” (С.Хвашчынскі, харэаграфія І.Серыкава). Варта адзначыць, што грамадзянска-патрыятычнай тэматыкай быў прасякнуты практычна кожны нумар — ад сцэнічнай дзеі да мультымедыйнага суправаджэння. Аднак успрымаўся гэты матыў нязмушана, на вельмі тонкім эмацыянальным узроўні. Яркімі выступленнямі парадавалі народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь вакальны ансамбль “Панацэя” пад кіраўніцтвам Аляксандра Суворава і INFINITY DANCE GROUP (кіраўнік Кірыл Мархотка), які нечакана падарыў гледачам і журы дынамічны, танец-жарт. Ніводнае выступленне не хочацца абыходзіць увагай. Але, успамінаючы канцэрт, найперш узгадваюцца Андрэй Водзіч і іскрамётныя нумары ансамбля спартыўнага бальнага танца “Квікстэп” (кіраўнік Аксана Верамчук). Конкурс “Рэцытацыя” ў рамках “АРТ-вакацый” праходзіць пад дэвізам “Міцкевіч. Наш самы высокі набытак — Айчына, навука, сумненне”. Андрэй рызыкнуў замахнуцца на “Сон” Адама Міцкевіча, паглыбіцца ў эпоху, перадаць разважанні аўтара на мове, блізкай сучаснаму студэнту. Атрымалася на дзіва хораша. Што да танца “Квікстэп”, то агульнае ўражанне ад сцэнічных касцюмаў, майстэрства артыстаў, неверагодных балетмайстарскіх рашэнняў коратка можна перадаць словамі “цудоўнае адкрыццё”.

Яшчэ адно падарожжа скрозь эпоху адбылося дзякуючы першакурсніку Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандру Казлову. Ён адкрыў праграму сваім вершам “Горад Полацк, ты — гонар краіны!” і потым выходзіў на сцэну ў якасці вядучага. Па рэжысёрскай задуме (свае традыцыі ў гэтым напрамку ўніверсітэт захаваў і памножыў), выступленні маладога творцы аб’ядналі праграму ў цэласную музычную дзею, на працягу якой сцэнічныя нумары эмацыянальна ўзмацнялі думку аўтара. Зноў студэнт ішоў скрозь эпоху, спрабаваў асэнсаваць тыя дасягненні папярэднікаў, славутых землякоў, суаднесці з сучаснасцю і падзяліцца здабыткам з равеснікамі, расказаць пра ўніверсітэт і прэзентаваць яго праз творчасць. Аднак, аддаючы прызнанне паэту, не магу не дадаць: адкрыццём праграмы для мяне стала заключнае выступленне — фестывальны дэбют харавой студыі “Інвента” пад кіраўніцтвам Ірыны Рубінчык. Поспехаў калектыву і высокага палёту!

Прастора творчасці

Чалавеку ўласціва сумнявацца. Мастацкая і культурная скарбніца невычарпальная. Бясконцы сусвет вобразаў і жанраў вабіць перспектывамі. Што выбраць, што будзе найбольш цікавым і запатрабаваным? Звярнуцца да папярэдняга вопыту або пайсці на эксперымент? У прасторы “АРТ-вакацый” усё магчыма, і гэтая ўнікальнасць фестывалю дапамагае ўсім калектывам і выканаўцам вырасці і бліснуць на сцэне. Вельмі цікава назіраць за калектывамі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны: яны жывуць у чаканні новага. Экспрэсія, дынаміка творчага пошуку — адметныя рысы студыі эстраднага танца Inspire (кіраўнік Святлана Фёдарава). Да кожных “АРТ-вакацый” пераасэнсоўвае, ператварае ў нешта якасна новае, з новымі сэнсамі і ў сучасным маладзёжным кантэксце свой найбагацейшы рэпертуар народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь студыя эстраднай песні “Канстанта” (кіраўнік Алег Кансон).

У дачыненні да прадстаўнікоў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта чаканні гледачоў заўсёды высокія. Прыемна, што і на гэты раз гаспадары свята іх апраўдалі. Бездакорна выступілі прызнаныя каманды вышэйшай лігі “АРТ-вакацый” — студэнцкі дом моды (кіраўнік Кацярына Жызнеўская) і арт-група DVORы (кіраўнікі Ілья Шунін і Андрэй Закрэўскі). Удвая прыемна, што фестываль адкрыў новую зорку на аўтарскім небасхіле Віцебшчыны: словы да некалькіх выступленняў напісала Кацярына Якаўлева. Як заўсёды, “на ўзроўні” былі вакалісты — студыя “Вялікі перапынак”, Кацярына Міронава, Руслан Новікаў, Марыя Шыбека — і студыя эстраднага танца V.I.P (кіраўнікі Кацярына Якаўлева і Марыя Семянкова).

Погляд у заўтра

Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава запрасіў стаць часцінкай установы вышэйшай адукацыі са 100-гадовай гісторыяй. Мінулы раз студэнты вельмі ўдала выступілі з пастаноўкай паводле творчасці Максіма Багдановіча. Сёлета прадоўжылі традыцыю і ў рамках праекта “Рэцытацыя” прапанавалі на суд журы новую конкурсную праграму, прысвечаную літаратурнай спадчыне Адама Міцкевіча. Калі коратка, то “Паэтычны тэатр на філалагічным” (кіраўнік — старшы выкладчык кафедры літаратуры філалагічнага факультэта Таццяна Аляксеева) — заўсёды цікава, нетрывіяльна, у нечым эпатажна, шчыра, па-майстэрску выверана і зрэжысіравана, а ў выніку гарантавана паспяхова. Тое ж можна сказаць пра конкурсную праграму ўніверсітэта. Блізкае па стылістыцы да выступлення агітбрыгады (што ў дадзеным выпадку вялікі плюс), насычаны разнастайнай інфармацыяй аб напрамках работы і жыцці студэнтаў ВДУ сучасны маладзёжны відэакантэнт — адчуваецца, што ва ўніверсітэце шмат гадоў працуе студэнцкае тэлебачанне. Дзеяй на сцэне дырыжыравалі адразу некалькі пар вядучых, пра якіх нават узніклі спрэчкі ў журы: яно ўрэшце так і не прыйшло да адзінай думкі, хто з лепшых найлепшы, што таксама з’яўляецца паказчыкам узроўню. Творчыя выступленні ўяўлялі сабой экскурс у часе, толькі пабачылі мы не мінулае вачыма сучасніка: з ВДУ глядач перамясціўся на паўгода наперад, зазірнуў у будучыню. Яна непарыўна звязана з родным горадам (пралог “Прывітанне, Віцебск!” на музыку і словы Пятра Ялфімава выканалі Марыя Жукава і Антон Шаўлюга ў суправаджэнні зводнага танцавальнага калектыву ўніверсітэта; кіраўнікі Алена Кушчына і Яна Цывіс), народнымі традыцыямі (нумары фальклорнага ансамбля “Вясёлка”, мужчынскага вакальнага ансамбля, Ніны Яльцовай і танцавальнага калектыву “Кантраст” (кіраўнікі Юльяна Сусед-Велічынская, Таццяна Оруп, Яна Цывіс). Яна дынамічная, экспрэсіўная, лірычна-ўзнёслая, маладзёжная (выступленні Кірыла Макарава, студыі эстраднай песні “Шанс”, Юліі Эрыванскай, танцавальнага калектыву Be. In. Sane (кіраўнікі Сяргей Карташоў, Алена Кушчына, Настасся Бортнік). Яна сучасная і наскрозь родная, беларуская: разам з аўтарам музыкі і вакалістам Алесяй Мажэйка вакальна-інструментальная кавер-група “Ч.Т.О” (кіраўнікі Алена Кушчына і Сяргей Кухарэнка) прадставілі кампазіцыю “Ты пакліч мяне, пазаві…” на вершы беларускіх паэтаў і асобна група — кампазіцыю Віктара Цоя. Дарэчы, “Ч.Т.О”, паспяховы эксперымент па адраджэнні ВІА, варты асобнай увагі. Як і шыкоўная інструментальна-харэаграфічная кампазіцыя “Танга” (Наталля Кручкоўская, Артур Малак і Марыя Салаўёва, харэаграфія Марыі Салаўёвай).

Фестываль навучэнскай моладзі і студэнцтва па азначэнні не можа быць проста справаздачай аб працы і дасягненнях за два гады, няхай сабе і творчай. Гэта прастора палілогу і незабыўнае свята, сустрэчы, знаёмствы, вучоба, праца, новыя знаходкі і праекты, што нараджаюцца часта прама на сцэне, падчас выступленняў або падрыхтоўкі да іх. “АРТ-вакацыі” — метафара вясны, якая сама па сабе не што іншае, як выток і адначасова адкрыты партал у гісторыю будучыні. А таму творчая эстафета працягваецца: нават у наступны выхад на сцэну нумары будуць іншымі, зайграюць новымі фарбамі. Лепшыя студэнцкія самадзейныя калектывы і выканаўцы прадставяць вобласць на заключным гала-канцэрце фестывалю.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.