Творцы

- 11:24Навіны рэгіёнаў

Штогод педагогі, майстры вытворчага навучання і самі навучэнцы прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і нават школ дэманструюць свой дызайнерскі талент у Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе “Млын моды”.

Кожны раз да ўдзелу ў конкурсе далучаюцца новыя аўтары. Не ва ўсіх атрымліваецца адразу, і толькі самыя настойлівыя спрабуюць зноў і зноў. Але ж большасць канкурсантаў ужо даўно вядомыя рэспубліканскім суддзям, а іх стыль, як падкрэсліла мастацкі кіраўнік журы Святлана Гнядзёнак, пазнаецца адразу.

Нядаўна дызайнеры Гомельшчыны, якія прайшлі ў другі адборачны тур пад назвай “Увасабленне”, дэманстравалі прафесіяналам свае новыя калекцыі.

— Кожны раз, калі еду ў Гомельскую вобласць, атрымліваю асалоду ад створаных вашымі майстрамі дзіцячых калекцый, — гаворыць Святлана Генадзьеўна. — Я заўсёды падкрэсліваю, што лепш за гамяльчан дзіцячае адзенне не стварае ніхто.

Сёлетні рэгіянальны паказ пацвердзіў гэтыя словы: амаль усе заяўленыя на “Увасабленні” дзіцячыя калекцыі, а іх было 10, прайшлі ў фінал.

Нязменна парадавала сваёй новай работай пад цікавай назвай “Сіропчык” педагог дадатковай адукацыі кіраўнік аб’яднання “Школа моды” сярэдняй школы № 72 Гомеля Святлана Вараб’ёва. Неверагодная пяшчотнасць і чысціня, увасобленая аўтарам у карункавых вопратках і лёгкіх тканінах, заўсёды ўражвае.

Прыемна, што да моднага фестывалю далучыліся педагогі сельскіх устаноў адукацыі — Ірына Іскрыцкая з Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна, настаўніца Рагінскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна Жанна Крывашэева, якія таксама прадэманстравалі вельмі цікавыя і складаныя ў выкананні калекцыі.

Шмат гадоў запар добрых вынікаў на “Млыне моды” дабіваюцца педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска Марына Кучынская і Наталля Траццякова, педагог Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Куксо.

Няпростым аказалася для аўтараў увасабленне эскізаў падлеткавых калекцый, а вось з дарослымі было даволі нядрэнна. Найбольш запомніліся работы навучэнца Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання Вячаслава Чарнашэя, майстра вытворчага навучання Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага шматпрофільнага ліцэя Сяргея Курохціна і яго калегі са Светлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Дзмітрыя Мажанава.

Канечне, хочацца, каб у фінале, які хутка адбудзецца ў сталіцы, творчыя задумкі гомельскіх мастакоў былі высока ацэнены журы, а іх калекцыі сталі брэндавымі. Але, магчыма, яшчэ важней іншае: гэтыя педагогі, майстры — сапраўдныя творцы, здольныя перадаць свой талент дзецям, зацікавіць іх. І тое, што поруч з настаўнікамі ў конкурсе спаборнічаюць навучэнцы, можа прымацца як доказ вышэйсказанаму.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.