“Творы Коласа — сапраўдны дапаможнік для даследчыкаў роднага краю”

Знакамітае коласаўскае “Мой родны кут, як ты мне мілы!..” можна лічыць своеасаблівым дэвізам даследчыкаў роднага краю. У многіх педагогаў-краязнаўцаў паэма “Новая зямля”, а таксама трылогія “На ростанях” яшчэ са школьных часоў сфарміравалі любоў да малой радзімы, жаданне яе даследаваць. Як ніхто іншы пра гэта ведае настаўнік інфарматыкі і матэматыкі Люсінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Якуба Коласа Ганцавіцкага раёна Аляксандр Іванавіч ЗАНЬКА.

Калі б у 1902—1904 гадах Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч не працаваў настаўнікам у Люсіна, не сустракаўся б з палешукамі, не занатоўваў мясцовыя легенды і паданні, не палюбіў гэты маляўнічы куточак, нарэшце, не напісаў аповесць “У палескай глушы”, то, можа, і не было б у нашай краіне столькі краязнаўцаў, столькі неабыякавых да лёсу малой радзімы людзей. “Яму па душы быў і гэты глухі куток Палесся, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб’ездчыка, і гэты народ з яго асаблівай моваю і звычаямі, так не падобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх выйшаў Лабановіч; гэты некрануты край старажытнасці, якая на кожным кроку кідалася яму ў вочы і затрымлівала на сабе ўвагу…”

Пасля прачытання гэтых рад-­коў, думаю, многім захочацца наве­даць Люсіна. А ўявіце, якую гордасць у люсінцаў (у трылогіі вёска названа Цельшына) выкліка­юць словы пісьменніка пра іх малую ра­дзіму! “Мы заўсёды ганарымся, што у нашай вёсцы працаваў Якуб Колас. Да Канстанціна Міцкевіча ў маіх землякоў асабліва цёплыя адносіны. Памятаю, калі паехаў пасту­паць у Мінск на матэматычны факультэт педінстытута, то напярэдадні экзамену вырашыў наве­даць магілу пісьменніка на Вайсковых могілках. Было гэта ў жніўні 1982 года. Стоячы каля помніка, чамусьці адчуў сувязь з роднай зямлёй. Пасля гэтага выдатна здаў экзамены і паступіў на настаўніка”, — падзяліўся Аляксандр Іванавіч.

Супадзенне? Своеасаблівае Коласава благаславенне? Вядома толькі адно: па-іншаму і не магло быць. Яшчэ з дзяцінства Колас стаў знакавай фігурай у жыцці Аляксандра Занькі. Настаўнік з усмешкай прыгадаў выпадак, калі ў пачатковых класах ён напісаў у адной з работ, што Колас нарадзіўся ў Люсіна. “Мне чамусьці ў дзяцін­стве менавіта так і здавалася”, — адзначыў педагог. А ўжо ў класе 7-м ці 8-м ён пачаў ствараць паэму пра роднае Люсіна. Прыкладам для твора, як нескладана здагадацца, стала “Новая зямля”, асаблівы коласаўскі стыль напісання. Акрамя таго, Аляксандр Іванавіч удзельнічаў у школьнай мастацкай самадзейнасці і выконваў ролю… канечне, Лабановіча. Гэтае захапленне настаўнік не пакінуў, таму сёння з’яўляецца і рэжысёрам, і сцэнарыстам тэатральных пастановак на аснове аповесці “У палескай глушы”, якія выконваюцца люсінскімі настаўнікамі і вучнямі. А яшчэ Аляксандр Іванавіч — вядучы розных мерапрыемстваў. Пачатак гэтаму таксама быў пакла­дзены дзякуючы Коласу. У 10 класе Аляксандр Занька разам з іншымі вучнямі пад кіраўніцтвам былога дырэктара школы Станіслава Іосіфавіча Жаркова, настаўніц Ганны Фёдараўны Мурсалім і Любові Іванаўны Навумік удзельнічаў у стварэнні школьнага літаратурна-этнаграфічнага музея. Быў нават вядучым на яго ўрачыстым адкрыцці 24 красавіка 1982 года, на якое прыехала шмат гасцей, пісьмен­нікаў з розных куточкаў Савецкага Саюза.

“Унікальнасць творчасці Якуба Коласа ў тым, што яна не толькі прымушае чытача задумацца над той ці іншай тэмай, але і выхоўвае ў яго любоў да малой ра­дзімы. Сам Колас быў краязнаўцам. Гэта па­цвярджае хаця б нарыс пра сялянскія пабудовы вёскі Люсіна. Чалавек, абыякавы да краязнаўства, не бу­дзе праводзіць такое грунтоўнае даследаванне”.

За 38 гадоў музей наведалі тысячы людзей з розных краін. Тут госці знаёмяцца з прыладамі працы і побыту сялян пачатку мінулага стагоддзя, вышыванымі ручнікамі, а таксама шматлікімі матэрыяламі пра люсінскі перыяд жыцця і творчасці Коласа. У музеі можна ўбачыць і асабістыя рэчы пісьменніка, а таксама макет Люсінскага народнага вучылішча, дзе настаўнічаў Канстанцін Міхайлавіч. Пасля знаёмства з макетам варта абавязкова наведаць і месца, дзе знаходзілася ўстанова. Гэта якраз на рагу вуліц у цэнтры вёскі. Па­знаць тое месца нескладана. Арыенцірам стануць вялізныя пафарбаваныя бярвёны, складзеныя ў форме зруба па перыметры сцен вучылішча, а таксама вялікі валун з інфармацыйнай шыльдай і маладыя дрэўцы, прыкладна такія ж, што ў свой час саджаў разам з вучнямі малады настаўнік Міцкевіч.

“Мы стварылі ў школе музей, беражліва захоўваем па­мяць пра нашага песняра, пра гады яго працы ў Люсіна. Але ўсё ж хацелася б, каб мы, люсінцы, больш актыўна займаліся коласазнаўствам, даследавалі лёс герояў аповесці “У палескай глушы”. Па шчырасці, становіцца крыўдна, калі ў рэспубліканскім друку табе трапляюцца артыкулы, прысвечаныя Коласу і Люсіна, за аўтарствам настаўнікаў з іншых рэгіёнаў. Наогул, настаўнікам трэба актыўней выву­чаць творы літаратуры, прысвечаныя іх малой радзіме, даследаваць гісторыю іх напісання”, — падзяліўся Аляксандр Іванавіч.

Усе мы ведаем Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча як паэта, празаіка, мовазнаўца. Аднак не многія ведаюць Якуба Коласа як края­знаўца. А даследчыкам ён быў не менш апантаным, чым сённяшні герой рубрыкі “Педагогі ў края­знаўстве”. Чаго варты толькі нарыс К.Міцкевіча “О крестьянских по­стройках деревни Люсино Минской губернии Пинского уезда Хотыничской волости”, напісаны ім у звычайным вучнёўскім сшытку. Сёння арыгінал нарыса захоўваецца ў Пінску ў Музеі Беларускага Палесся, а з яго копіяй можна азнаёміцца на сайце Люсінскай школы.

“Настаўнікам трэба актыўней вывучаць творы літаратуры, прысвечаныя іх малой радзіме, даследа­ваць гісторыю іх напісання”.

“Унікальнасць творчасці Якуба Коласа ў тым, што яна не толькі прымушае чытача задумацца над той ці іншай тэмай, але і выхоўвае ў яго любоў да малой ра­дзімы. Сам Колас быў края­знаўцам. Гэта пацвярджае хаця б нарыс пра сялянскія пабудовы вёскі Люсіна. Чалавек, абыякавы да краязнаўства, не будзе право­дзіць такое грунтоўнае да­следаванне. Колас пісаў пра тое, што бачыў сам, пра мясціны, якія ён наведваў, а хадзіў ён шмат і па нашых лясах, і па балотах, добра ведаў люсінскія ваколіцы. Таму з любоўю і напісана аповесць “У палескай глушы”. Пра Шведаву гару (апісаў, якая яна), пра Яшукову гару (якая гэта гара), пра рэчку Цну, пра азёры (якія яны). Творы Коласа — сапраўдны дапаможнік для даследчыкаў роднага краю”, — адзначыў педагог.

Можна смела сказаць, што пешыя турыстычныя маршруты па Ганцавіцкім раёне былі ўпершыню пракладзены і апісаны менавіта Якубам Коласам. “Дарога ўвесь час ішла лесам. Лес зрэдку разрываўся невялічкімі палянкамі, на некаторых рунела жыта, а па краях там-сям пападаліся старадрэвіны-хвоі, што пышна разрасліся на прасторы, або развіслыя таўшчэразныя дубы, як заможныя старасвецкія гаспадары; на гэтых дубах палешукі-бортнікі рабілі цэлыя пчальнікі, зацягваючы туды па дзясятку вуллёў. Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройным баравым, то нізкім балотным…” Калі чытаеш гэты ўрывак “У палескай глушы”, то ў думках малююцца вобразы і той дарогі, якая ідзе праз лес, і невялічкіх палянак, якія разрываюць гэты лес, і магутных дубоў. Аднак чым сто разоў пачуць і прачытаць (няхай нават і такога майстра беларускага слова, як Якуб Колас), лепш адзін раз прагуляцца. Напрыклад, да возера Дубаўскога або да Яшуковай гары, легенда пра якую падрабязна апісваецца ў аповесці (калі наведаецеся ў Люсіна, то дарогу да гэтых аб’ектаў абавязкова падкажуць мясцовыя жыхары). Пераканаецеся, чаму пісьменнік любіў гэтыя мясціны.

Шведава і Яшукова гара, азёры Смольскае, Красненскае, Дубаў­ское… Дарэчы, наконт азёр. Існуе легенда, што на беразе Дубаў­скога Канстанцін Міцкевіч таемна сустракаўся з Ядвігай Баранцэвіч (прататып Ядвісі Баранкевіч), дачкой люсінскага падлоўчага. Чаму таемна? Таму што тата дзяўчыны Ігнат быў супраць таго, каб у маладога настаўніка і яго дачкі былі зносіны, а тым больш каханне. Гавораць, што менавіта гэтыя няўдалыя адносіны і сталі прычынай таго, што малады настаўнік напісаў прашэнне аб пераводзе ў іншую школу (просьба была задаволена, і Канстанцін Міхайлавіч быў накіраваны на працу ў Пінкавіцкую школу). А што тычыцца Дубаўскога возера, то малады настаўнік-краязнавец у пачатку ХХ стагоддзя пісаў, што колер вады ў ім цёмны (як і вочы яго каханай дзяўчыны) і залежыць гэты колер вады ад глыбіні вадаёма і характару дна. “Возера Красненскае афіцыйна называюць то Краснае, то Чырвонае. Хаця, на мой погляд, тапанімічныя назвы павінны быць такімі, як іх даюць мясцовыя жыхары”, — заўважыў настаўнік.

У адрозненне ад сваіх калег-краязнаўцаў, Аляксандр Іванавіч не ўдзельнічае ў конкурсах, не вя­дзе нават краязнаўчага гуртка. Края­знаўствам ён займаецца ў вольны ад выкладання інфарматыкі і матэматыкі час. Прычым займаецца ім не горш, чым любы пераможца рэспубліканскіх края­знаўчых конкурсаў. Акрамя таго, настаўнік стварыў віртуальны школьны музей, напоўніў грунтоўнымі края­знаўчымі матэрыяламі асобны раздзел школьнага сайта, прысвечаны люсінскаму перыяду біяграфіі Коласа. Як сапраўдны краязнавец, любыя творы, артыкулы пра малую радзіму ён чытае ўважліва, як кажуць, з алоўкам у руках, вылучаючы найбольш цікавае, а таксама пазначаючы недакладнасці. Ёсць такія недакладнасці і ў аповесці “У палескай глушы”. “Спачатку Колас піша пра Цельшына (значыць, наша Люсіна), што гэта “невялічкая вёска ў адну вуліцу”. Потым падчас апісання школы ён гаворыць, што тая “стаяла на рагу дзвюх вуліц. Адна вуліца, пра­сторная, роўная, шырокая, ішла на чыгунку, другая, невялічкая, бегла ў поле і зараз жа канчалася, перайшоўшы ў дарогу”. Дык колькі ў Люсіна стагоддзе назад было вуліц: адна ці дзве?”, — з усмешкай пытаецца настаўнік.

Чаму з усмешкай? Таму што Аляксандру Іванавічу няёмка шу­каць недакладнасці ў творах свайго любімага пісьменніка, свайго настаўніка-краязнаўца, які праславіў яго малую радзіму, а таксама дапамог цэлай плеядзе педагогаў-краязнаўцаў з гордасцю гаварыць: “Мой родны кут, як ты мне мілы!..”

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.