Ты гатовы руку маю ўзяць?

- 17:32Культура

Конкурс еўрапейскай песні “Еўрабачанне” дорыць штогод сюрпрызы: то экстравагантную аўстрыйку/аўстрыйца Канчыту Вурст, то прастадушную нямецкую Лену, то шчырую групу фінскіх пачвар Lordi… Але згадзіцеся: усе яны нам нечым падабаліся, ва ўсіх іх была харызма, ва ўсіх было тое, што прымушала нас націскаць на лічбу “12”, калі Перлін запрашаў нас да галасавання.

* * *

Аглядаючы “Еўрабачанне” за апошнія 30 гадоў, успамінаеш менавіта іх: шведскі гурт ABBA з песняй Waterloo і з тым месэджам усяму свету, што ёсць такі феномен — шведская поп-музыка (потым ужо з’явяцца Roxette, Doctor Alban, Ace of Base, E-Type, Army of Lovers, The Cardigans з іх асаблівым, вельмі шведскім, бачаннем жыцця, маўляў, шведы шчаслівыя (Happy nation) — і ўсе павінны стаць такімі ж, як яны); украінку Руслану — з яе палымянымі танцамі, якія і могуць быць хіба што толькі ва Украіне; нашага Аляксандра Рыбака — з той нарвежскай Беларуссю, якой і Беларусь, і Нарвегія да гэтага не ведалі.

Я пісаў гэтыя радкі 12 мая, пасля завяршэння другога паўфіналу “Еўрабачання”, калі мы ўжо ведалі: NaviBand у фінале. Упершыню за гісторыю “Еўрабачання” я парадаваўся за нашых. Яны сапраўды нашы. З нашай радзімай, з нашай мовай, з “Гісторыяй майго жыцця” — твайго, майго, нашага…

* * *

А хто з намі змагаўся? Уся Еўропа

Назаву толькі тую, якая асабіста мне найбольш спадабалася… Даруйце мне мой вельмі прыватны выбар, але першае месца я аддаў бы бельгійцы Элі Дэльво. Мяне адразу скарылі яе музыка, знешнасць, непаўторнасць.

Музыка — яе тактоўнасцю, элітарнасцю, “бельгійскасцю”, якая крышку не ўпісваецца ў конкурс “Еўрабачанне”.

Непаўторнасць — бо ў ёй я пачуў адразу і Рубенса, і Метэрлінка — двух выбітных бельгійцаў.

Знешнасцю — тым, што яна бельгійка, а не мулатка. Прыгожая еўрапейская бландзінка. Прыгожая сваёй фламандскай, калі хочаце, прыгажосцю жанчыны. Быў бы маладзёнам, дальбог, спрабаваў бы звязацца па інтэрнэце з Элі. Ну, хоць бы для таго, каб проста пагутарыць.

* * *

Элі нарадзілася ў творчай сям’і, а заразілася музыкай дзякуючы старэйшаму брату. Пачаўшы сольную кар’еру, узяла псеўданім Blanche (Белая). Яна гаворыць пра сябе, што ўнікальная, бо валодае ўнікальным тэмбрам голасу, як Адэль. А яна мне насамрэч нагадала Адэль. А яшчэ — Таніту Цікарам.

Зрэшты, выбіраючы сваю пасію на сёлетнім “Еўрабачанні”, я арыентаваўся не толькі на знешнасць. У маёй улюбёнай Элі яна была. Але я спрабаваў пачуць, як яна спявае.

Яна трымалася на сцэне вельмі натуральна, не стараючыся выглядаць экстравагантнай. Мне спадабаўся яе голас — надзіва непаўторны, глыбокі для 17-гадовай дзяўчыны.

Мне запала ў душу сама яе песня — са спакойным, але вельмі запамінальным прыпевам і “крутаватай” электроннай музыкай паміж куплетамі.

* * *

А яшчэ я закахаўся ў тэкст яе песні. Я слухаў яе — і бясконца ўспамінаў свае брусельскія дні і ночы на галоўнай плошчы Бруселя. Яна ж спявала пра City Lights, відавочна, думаючы, што гэтыя гарадскія агні толькі яе, брусельскія. Яна спявала гэтую песню, і каб падкрэсліць: яна гараджанка, жыхарка Бруселя, якая жыве любасцю гэтага горада, але часам баіцца ў ім жыць. А я мінчанін. І таксама ганаруся, што нарадзіўся, вырас і жыву сёння ў еўрапейскай сталіцы. І City Lights неаднойчы назіраў у сваім родным Мінску, захапляўся імі, як Элі — у сваім Бруселі.

Каб не быць галаслоўным, падам у перакладзе на нашу мову тэкст песні City Lights (“Гарадское ззянне”):

Я зусім адна на тэрыторыі небяспекі…

Ты гатовы руку маю ўзяць?

Я ўся цяпер у сумненнях…

Няўжо мы ўсё страцім?

Я ніколі б не страціла цябе і нашы гарадскія агні,

Я ніколі б не стала гасіць полымя ў тваіх вачах!

Полымя ў тваіх яркіх вачах…

Я зусім адна на тэрыторыі небяспекі…

Ты гатовы руку маю ўзяць?

Я ўся цяпер у сумненнях…

Няўжо мы ўсё страцім?

Я гляджу на сусвет і гарадскія агні…

Усё, якія мы ёсць, — у зорках нашых вачэй.

У зорках тваіх бяздонных вачэй.

Я зусім адна на тэрыторыі небяспекі…

Ты гатовы руку маю ўзяць?

Я ўся цяпер у сумненнях…

Няўжо мы ўсё страцім?

Давай зробім наша жыццё крыху лягчэйшым,

Але хай полымя шугае ў тваіх вачах!

Давай святло нашых гарадскіх агнёў прынясём у наша жыццё!

Я зусім адна на тэрыторыі небяспекі…

Ты гатовы руку маю ўзяць?

Я ўся цяпер у сумненнях…

Няўжо мы ўсё страцім?

Я зусім адна на тэрыторыі небяспекі…

Ты гатовы руку маю ўзяць?

Я ўся цяпер у сумненнях…

Няўжо мы ўсё страцім?

Усё страцім…

Усё страцім…

* * *

Элі, ты найлепшая! Найпрыгажэйшая, найвыдатнейшая, найталенавіцейшая. Ведай гэта.

Але як журналісту дай мне дазвол на тое, каб назваць пераможцаў сёлетняга “Еўрабачання”. Я не сярэднестатыстычны еўрапеец. Ты толькі чацвёртая. Але ж і гэта класна!

Пераможцам “Еўрабачання-2017” стаў партугалец Сальвадор. З песняй Amar Pelos Dois ён сабраў на конкурсе найбольшую колькасць балаў — 758 галасоў. Ведаеш, Элі, ён мне таксама спадабаўся.

Не мог пакінуць раўнадушным і той факт, што ў Сальвадора — парок сэрца, менавіта таму яму дазволілі прапусціць рэпетыцыі.

Скажу табе шчыра, Элі, мне проста па-добраму запалі словы Сальвадора, якія ён сказаў пасля абвяшчэння вынікаў конкурсу: “Я хачу сказаць, што мы жывём у свеце аднаразовавй музыкі, фестывальнай музыкі, якая не захоўвае ў сабе ніякага сэнсу… Музыка — гэта не феерверк, музыка — гэта пачуцці. Дык давайце паспрабуем змяніць гэта і вярнуць сапраўдную музыку”.

Думаю, Элі, ты сказала б не горшыя словы, калі б выйшла на кіеўскую сцэну “Еўрабачання” ў якасці пераможцы. Але ж давай будзем радавацца за Сальвадора.

На другім месцы апынуўся балгарын Хрысціян Бостаў з песняй Beautiful Mess, на трэцім — малдаване SunStroke Project, якія выканалі Hey, Mamma!

* * *

Ведаеш, Элі, у нядзелю я люблю выбірацца ў горад і глядзець на свае City Lights, на свой горад.

Не ведаю, як у тваёй Бельгіі, а ў нас, у Мінску, лета нарадзілася толькі ў суботу-нядзелю. І, ведаеш, было вельмі дзіўна глядзець на людзей: адны з іх былі апрануты па-зімоваму — у нейкія таўшчэзныя курткі, другія хадзілі ў шортах і безрукаўках…

Але я ўсё-такі заўважыў: беларусы прачнуліся ад зімы і выйшлі ў лета.

 

* * *

Шчыра кажучы, сёлета было не вельмі зручна глядзець “Еўрабачанне”. Замінаў хакей — чэмпіянт свету — на іншай тэлевізійнай кнопцы. Трэба было пастаянна выбіраць: хакей ці песні.

Я выбраў песні.

* * *

І апошняе, Элі, што хацеў бы табе сказаць. Толькі ты не крыўдуй, добра? Калі б я сядзеў на Месяцы і меў права галасаваць за каго хочаш, а не толькі за Беларусь, я ўсё адно аддаў бы “дванаццатку” не табе, а нашым NaviBand. Мне падалося, што яны вельмі годна прэзентавалі нашу Беларусь на конкурсе, не горш, чым ты — Бельгію.

Яны выступалі з табой на адной сцэне, а ты з імі — на адной. Табе яны спадабаліся? Ты мне кажаш: Great! Belarus was super! Historyja majho zhytjtzya! I am singing that now!

Хочаш, я зацытую іх тэкст?

Ну дык слухай, Элі.

Колькі дзён, колькі спатканняў.

Новыя вобразы і гарады.

Шэраг падзей нас пакідае.

У сэрцы трымаем,

Ідзём далей.

Гісторыя майго жыцця

Будзе свяціць яшчэ ярчэй.

У нашай крыві сонца зайграе

Уся прыгажосць тваіх вачэй.

Дзе будзеш ты — я адшукаю,

Яркія моманты знойдзем хучэй.

Сённяшні дзень стане пачаткам

Новых жаданняў, лепшых ідэй.

Гісторыя майго жыцця

Будзе свяціць яшчэ ярчэй.

У нашай крыві сонца зайграе

Уся прыгажосць тваіх вачэй.

Бачыш, Элі, і ў тваёй бельгійскай песні, і ў нашай беларускай песні ёсць агонь, ёсць вочы, ёсць лепшыя ідэі.

Усё ў нас аднолькавае.

І нашы City Lights таксама.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота БелТА.