Жыдчанская сярэдняя школа Пінскага раёна — выдатны прыклад арганізацыі сучаснай вучэбнай прасторы ў сельскай мясцовасці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Тут асаблівы ўпор робіцца не толькі на атрыманне трывалых ведаў, але і на фізічнае развіццё і раскрыццё творчых здольнасцей вучняў.
У шосты школьны дзень ва ўстанове пастаянна праводзяцца фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Тым больш што сёлета, да 500-годдзя аграгарадка Жыдча, тут адкрылі сучасную шматфункцыянальную спартыўную пляцоўку, якая робіць школьную тэрыторыю больш прывабнай і камфортнай для вучняў і настаўнікаў.

Спартыўны комплекс дае магчымасць займацца рознымі відамі спорту: баскетболам, валейболам, міні-футболам, лёгкай атлетыкай. Да таго ж тут абсталявана зона для варкаўта з турнікамі, брусамі і іншымі элементамі для выканання практыкаванняў з уласнай вагой. Пляцоўка ідэальна падыходзіць для правядзення школьных спартыўных спаборніцтваў, эстафет і іншых масавых мерапрыемстваў.
— Пляцоўка стала месцам прыцяжэння не толькі вучняў школы, але і многіх жыхароў аграгарадка. Усім хочацца ўдасканаліць сваю фізічную форму, — расказала дырэктар установы Святлана Вячаславаўна Кандрацюк. — Да таго ж новая пляцоўка дапамагала разнастаіць пазаўрочную дзейнасць, бо мы змаглі прапанаваць школьнікам больш шырокі спектр спартыўных секцый і гурткоў, задаволіўшы інтарэсы розных вучняў. Тым больш што гульнявыя віды спорту спрыяюць развіццю каманднага духу, вучаць супрацоўніцтву і ўзаемадапамозе.
Фізічным выхаваннем навучэнцаў Жыдчанскай сярэдняй школы больш за 30 гадоў займаецца Юрый Аўрамчук. Ён пры вывучэнні кожнай тэмы стварае на ўроку ўмовы для развіцця ў вучняў настойлівасці, смеласці, самастойнасці ў дасягненні мэты, ініцыятыўнасці, арганізаванасці і дысцыплінаванасці.
— Мы рэгулярна трапляем у лік прызёраў на раённых спаборніцтвах па лёгкаатлетычным кросе, біятлоне, чырлідынгу. Гадоў дзесяць назад і ў футболе мы былі чэмпіёнамі раёна, але сёння з-за таго, што зменшылася колькасць навучэнцаў, стаўку робім на індывідуальныя віды спорту — шашкі, шахматы, лёгкую атлетыку, настольны тэніс. Галоўнае, каб дзеці займаліся хоць якім-небудзь відам спорту, развівалі спрытнасць, каардынацыю, вынослівасць, стратэгічнае мысленне, — падзяліўся меркаваннем Юрый Арцёмавіч.

Настаўніца абслуговай працы і педагог дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Надзея Цібец прадэманстравала, чаго дасягнулі яе выхаванцы на занятках аб’яднання па інтарэсах “Чароўная саломка”, і паказала, як ствараецца абярэг павук.
— Мы робім вырабы з саломкі і прыродных матэрыялаў, напрыклад, талаша — сухога лісця пачаткаў кукурузы. Да таго ж займаемся роспісам па дрэве і спалучаем гэтыя рамёствы паміж сабой. Часта ўдзельнічаем у розных творчых конкурсах і перамагаем у іх, — дадала Надзея Сяргееўна.

У сваю чаргу настаўніца беларускай мовы і літаратуры, АБЖ і мастацтва Ала Леанідаўна Ліцвінюк пазнаёміла са сваім класам, у якім яна з’яўляецца класным кіраўніком. Першыя яе выпускнікі пакінулі сцены школы ў 2020 годзе, а зараз яшчэ для аднаго класа яна другая матуля. Каб зацікавіць навучэнцаў пазаўрочнай дзейнасцю, прызнаецца настаўніца, даводзіцца да кожнага мерапрыемства рыхтавацца нават больш, чым да ўрокаў, а яшчэ выкарыстоўваць разнастайныя настольныя і забаўляльныя гульні, якія падабаюцца дзецям усіх узростаў.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Клімчук акцэнтавала ўвагу на тым, што на кожным сваім уроку або пазаўрочных занятках размаўляе выключна на беларускай мове. Толькі так можна захапіць і падштурхнуць дзяцей карыстацца родным словам.

— Сучасны вучань мае магчымасць атрымліваць веды не толькі ў школе. І здараецца, што валодае інфармацыяй не горш за настаўніка. Як жа не трапіць у няёмкае становішча на ўроку? Лічу, што самы правільны спосаб — гэта развівацца разам з дзецьмі. Адзін мудрэц сказаў: “Скажы мне — я забуду. Пакажы мне — я запомню. Дазволь мне зрабіць гэта — і гэта стане маім назаўсёды”. Таму і я імкнуся на сваіх уроках максімальна даць вучням “зрабіць”, каб зразумець, прыняць і авалодаць матэрыялам урока, — падкрэсліла Наталля Аляксандраўна.
А яшчэ яна прадэманстравала воблака слоў, у цэнтры якога выраз “Ты можаш больш, чым думаеш”:
— Калі ў вучняў штосьці не атрымліваецца, звяртаю іх увагу на гэтыя словы. Мы разам іх паўтараем, верым у сябе, намагаемся выканаць — і аказваецца, што ўсё магчыма.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





