Ты ў адказе за яго, ён — за цябе, або Навучанне ў супрацоўніцтве

- 11:35Практыкум, Рознае партфолiо
Юлія Генадзьеўна Алейнікава

Як зацікавіць школьнікаў матэматыкай? Як зрабіць так, каб дзецям хацелася спяшацца на ўрок? Як сфарміраваць адказнае стаўленне навучэнцаў да вучэбнай работы? Сістэма маіх урокаў накіравана перш за ўсё на тое, каб мае вучні сумесна са мною “тварылі” ўрокі, працавалі б з поўнай аддачай сіл.

Асноўная ідэя майго вопыту — вучыць матэматыцы трэба так, каб дзіцяці было цікава. Школьнік павінен захацець вывучаць прадмет, значыць, неабходна павысіць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, развіваць іх творчую актыўнасць, а гэтыя два фактары ўжо працуюць на развіццё мыслення дзяцей. Гэта можна ажыццявіць праз навучанне ў супрацоўніцтве.
У сучасным грамадстве ідзе пастаяннае абнаўленне навукі і тэхнікі. Перад школай і настаўнікамі ўзнікае неабходнасць вучыць школьнікаў так, каб іх веды і ўменні адпавядалі патрабаванням сучаснасці. Для гэтага ўводзяцца новыя прадметы, ускладняюцца курсы. Вучні павінны траціць часу і сіл менш, а ведаць і ўмець больш. Авалодваць навукамі трэба хутка і адначасова якасна.
На прыступках агульнай сярэдняй адукацыі дзеці актыўна ўключаюцца ў сумесныя заняткі. Хоць вучэбная дзейнасць па сваім характары застаецца пераважна інды-відуальнай, тым не менш на перапынках, у групавых гульнях, спартыўных спаборніцтвах, у дамашняй абстаноўцы нярэдка ўзнікае супрацоўніцтва навучэнцаў: дзеці дапамагаюць адно аднаму і ажыццяўляюць узаемакантроль.
Дзейнасць настаўніка на ўроку прадугледжвае арганізацыю сумеснага дзеяння дзяцей як унутры адной групы, так і паміж групамі: настаўнік накіроўвае навучэнцаў на сумеснае выкананне задання.
Методыка правядзення групавых заняткаў прадугледжвае:
* папярэднюю падрыхтоўку навучэнцаў (пастаноўку мэты і кароткі інструктаж па яе дасягненні);
* складанне плана вучэбных заняткаў у групе;
* размеркаванне абавязкаў у групе;
* выкананне задання (назіранне настаўніка за ходам выканання задання, своечасовую карэкціроўку);
* узаемаправерку, узаемакантроль;
* абмеркаванне вынікаў работы, яе ацэнку.
Мэты арганізацыі работы ў групе могуць быць самымі рознымі. Гэта і стварэнне вучэбнай матывацыі, і абуджэнне ў вучняў пазнавальнай цікавасці, і развіццё імкнення да поспеху і ўхвалення, і зняцце няўпэўненасці ў сабе, боязі зрабіць памылку і атрымаць за гэта ганьбаванне, і развіццё здольнасці да самастойнай ацэнкі сваёй работы, і фарміраванне ўмення мець зносіны і ўзаемадзейнічаць з іншымі навучэнцамі.
Для арганізацыі групавой работы клас дзеліцца на групы, часцей за ўсё па 2—4 чалавекі. Заданне даецца групе, а не асобнаму вучню.
Група можа быць складзена з навучэнцаў, якія маюць высокі ўзровень інтэлектуальнага развіцця, якія вучацца з недастатковым узроўнем кампетэнцыі ў прадмеце, і навучэнцаў з нізкім узроўнем пазнавальнай актыўнасці. Можна складаць групы з навучэнцаў аднолькавага ўзроўню навучання. Акрамя таго, групы могуць быць створаны на аснове пажаданняў саміх навучэнцаў: па аднолькавых інтарэсах, стылях работы, сяброўскіх адносінах.
Ролі навучэнцаў пры рабоце ў групе могуць размяркоўвацца па-рознаму:
* усе ролі загадзя вызначаны настаўнікам;
* ролі ўдзельнікаў змешаныя: для часткі навучэнцаў яны строга зададзены і нязменныя на працягу ўсяго працэсу рашэння задачы, іншая частка групы вызначае ролі самастойна, зыходзячы са свайго жадання;
* удзельнікі групы самі выбіраюць сабе ролі.
Падчас работы навучэнцаў у групах настаўнік можа займаць наступныя пазіцыі: кіраўніка; “рэжысёра” групы; выконваць функцыі аднаго з удзельнікаў групы; быць экспертам, які адсочвае і ацэньвае ход і вынікі групавой работы; назіральнікам за работай групы.
Прыватным выпадкам групавой сумеснай дзейнасці вучняў з’яўляецца работа ў парах. Кожная пара перад пачаткам работы атрымлівае памятку навучэнцам, заданне, адпаведнае ўзроўню падрыхтоўкі, крытэрыі ацэньвання работы. У ходзе ўрока яны выконваюць заданне, ацэньваюць адно аднаго і вынік работы здаюць настаўніку.

Памятка вучню:

* Калі ты выконваеш заданне з таварышам, які прыблізна роўны табе па сілах, то старайся падзяліць усю работу пароўну. Дапамагайце адно аднаму ў выпадку цяжкасцей, тактоўна выпраўляйце памылкі адно аднаго.
* Калі твой таварыш спраўляецца лепш за цябе, не саромейся звярнуцца да яго па дапамогу, папрасіць нешта растлумачыць. Але не злоўжывай гэтым. Не крыўдуй на таварыша, калі ён выправіць тую ці іншую памылку.
* Калі ты бачыш, што твой таварыш спраўляецца горш за цябе, дапамажы яму, аднак старайся рабіць гэта так, каб ён сам працаваў з поўным напружаннем сіл. Сачы за тым, ці не робіць ён памылак, калі робіць, то тактоўна і добразычліва выпраўляй іх.
* Запомні галоўнае правіла: у любой калектыўнай справе патрэбна ўзгодненасць дзеянняў і гатоўнасць дапамагчы свайму таварышу. Ты ў адказе за яго, ён — за цябе.
Гэтая форма вучэбнай дзейнасці можа быць выкарыстана як на этапе папярэдняй арыенціроўкі, калі школьнікі выдзяляюць (з дапамогай настаўніка ці самастойна) утрыманне новых для іх ведаў, так і на этапе адпрацоўкі матэрыялу.
У якасці варыянтаў работы ў парах можна назваць наступныя:
* вучні, якія сядзяць за адной партай, атрымліваюць адно і тое ж заданне; спачатку кожны выконвае заданне самастойна, затым яны абменьваюцца сшыткамі, правяраюць правільнасць атрыманага выніку і паказваюць адно аднаму памылкі, калі яны будуць выяўлены;
* вучні па чарзе выконваюць агульнае заданне, выкарыстоўваючы тыя пэўныя веды і сродкі, якія ёсць у кожнага;
* абмен заданнямі: кожны з суседзяў па парце атрымлівае ліст з заданнямі, складзенымі іншымі вучнямі. Яны выконваюць заданні, раячыся адно з адным. Калі абодва не спраўляюцца з заданнямі, то могуць звярнуцца да аўтараў заданняў па дапамогу. Пасля завяршэння выканання заданняў вучні вяртаюць работы аўтарам для праверкі. Калі аўтары знайшлі памылку, яны павінны паказаць яе вучням, абмеркаваць яе і папрасіць выправіць. Вучні, у сваю чаргу, могуць таксама ацаніць якасць прапанаваных заданняў (складанасць, арыгінальнасць і да т.п.).
Паколькі групавыя формы работы садзейнічаюць вырашэнню не толькі адукацыйных задач, але і выхаваўчых, яны абавязкова прымяняюцца хаця б час ад часу, прычым незалежна ад асаблівасцей класа і навыкаў правядзення такіх урокаў у настаўніка.
Настаўнік адсочвае і ацэньвае тое, як удзельнікі слухаюць адно аднаго, дапамагаюць адно аднаму, разам вырашаюць пытанні, якія ўзніклі. Можна ўключыць некаторы элемент спаборніцтва паміж групамі. Таксама неабходна агаварыць, што працэс выканання задання ў групе павінен ажыццяўляцца на аснове абмену думкамі, ацэнкамі. У канцы заняткаў выпрацаваныя кожнай групай рашэнні абмяркоўваюцца ўсім класам. Абавязкова павінен быць заключны этап работы з падвядзеннем вынікаў, калі настаўнік (ці клас або група назіральнікаў) выносіць рашэнне аб выніках выканання заданняў і работы груп. Ацэнка работы групы не павінна прыводзіць да канфліктаў і абясцэньвання вынікаў работы асобных груп або вучняў.
Настаўнік атрымлівае магчымасць рэальна ажыццяўляць дыферэнцыраваны і індывідуальны падыход да навучэнцаў: улічваць іх здольнасці, тэмп работы, узаемную схільнасць пры дзяленні класа на групы, даваць групам заданні, розныя па цяжкасці, удзяляць больш увагі слабым навучэнцам.
Псіхолагі адзначаюць важнасць узаемадзеяння навучэнцаў адно з адным, паколькі кансультаванне, якое праводзіцца самімі вучнямі, або ўзаеманавучанне з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных спосабаў засваення ведаў. У псіхалагічнай літаратуры прыводзяцца такія даныя: навучэнцы ўтрымліваюць у памяці 10% таго, што чытаюць, 26% таго, што чуюць, 30% таго, што бачаць, 50% таго, што яны бачаць і чуюць, 70% таго, што яны абмяркоўваюць з іншымі, 80% таго, што заснавана на асабістым вопыце, 90% таго, што яны кажуць (прагаворваюць) у той час як робяць, і 95% таго, чаму яны навучаюць самі.
Зыходзячы з гэтага інтэрактыўнае навучанне, звязанае з абмеркаваннем матэрыялу, навучаннем вучнямі адно аднаго з’яўляецца найбольш прадукцыйным з пункту гледжання засваення і запамінання вучэбнага матэрыялу.

Плюсы такой работы:

* павышаецца вучэбная і пазнавальная матывацыя вучняў, яны імкнуцца заняць месца лідара ў пары і перайсці ў групу больш высокага ўзроўню падрыхтаванасці;
* зніжаецца ўзровень трывожнасці, страху аказацца няўдалым, усе навучэнцы ў парах спраўляюцца з прапанаваным заданнем;
* узровень навучання павышаецца, бо кожны вучань стараецца найбольш пісьменна выканаць заданне, своечасова ліквідаваць прабелы;
* у пары адбываецца ўзаеманавучанне, кожны ўносіць уклад у агульную работу, дапамагае ліквідаваць прабелы;
* развіваюцца камунікатыўныя навыкі, уменне весці дыялог, аргументаваць свой пункт гледжання;
* паляпшаецца псіхалагічны клімат у класе, навучэнцы свабодныя ў высвятленні цяжкасцей, у таварыша лягчэй спытаць, чым у настаўніка, развіваецца талерантнасць;, навучэнцы свабодныя ў высвятленні цяжкасцей, у таварыша лягчэй спытаць, чым у настаўніка, развіваецца талерантнасць;
* кожны вучань на ўроку атрымлівае адзнаку, стараецца больш якасна падрыхтавацца да заняткаў;
* развіваецца ўменне правільна ацэньваць сябе і аднакласнікаў, аналізаваць працэс работы, фарміруюцца першыя педагагічныя ўменні.

Сярод цяжкасцей, якія чакаюць педагогаў, назаву вялікую падрыхтоўчую работу з боку настаўніка, магчымасць умела арганізаваць працэс выканання задання на аснове абмену думкамі, забеспячэнне дысцыпліны на ўроку.
У выніку такой работы назіраецца рост станоўчай матывацыі на ўроках; павышэнне прадукцыйнасці вучэбна-выхаваўчага працэсу; якаснае змяненне ўзаемаадносін паміж удзельнікамі вучэбна-выхаваўчага працэсу; рост якасці ведаў; працэс навучання становіцца займальным, цікавым і запамінальным.

Таццяна БАРЭЛЬ,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 23 Гродна.