Ты за здаровы лад жыцця? Не прапусці!

Паслязаўтра на сцэнічнай пляцоўцы каля Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў адбудзецца ўрачыстае адкрыццё традыцыйнай, пятай па ліку, рэспубліканскай акцыі “Тыдзень спорту і здароўя”.

Кожны дзень Тыдня, які штогод праводзіцца па ўсёй краіне з мэтай прапаганды сярод навучэнцаў і студэнтаў здаровага ладу жыцця, будзе насычаным цікавымі мерапрыемствамі. Так, у чацвер ад галоўнага корпуса БДПУ імя Максіма Танка пад дэвізам “Будучы педагог за здаровы лад жыцця!”стартуе велапрабег з фінішам каля будынка на вуліцы Магілёўскай, 5. У гэты ж дзень на канькабежным стадыёне арганізуецца масавае катанне на каньках. На наступны дзень каля Мінск-Арэны прадугледжана правядзенне міні-турніру па стрытболе, а ў апошні дзень Тыдня 13 верасня адбудзецца дзіцячы фестываль лёгкай атлетыкі, прымеркаваны да адкрыцця лёгкаатлетычнага манежа Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.
І канечне, якое свята спорту ды без цёплай, амаль дамашняй гутаркі са знакамітымі спартсменамі? Будучых чэмпіёнаў абавязкова чакаюць сустрэчы з нашай славутай лыжнай акрабаткай Алай Цупер, залатым прызёрам Сусветнай летняй універсіяды ў Казані плыўцом Яўгенам Цуркіным, а таксама героямі нядаўняга чэмпіянату свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ Алегам Юрэнем, Андрэем Багдановічам, Марынай Літвінчук.
Непасрэдны ўдзел у акцыі прымуць і прадстаўнікі ўпраўленняў, камітэтаў і аддзелаў адукацыі, спорту і турызму. Так, ганаровае права адкрыць Тыдзень будзе прадастаўлена кіраўніцтву Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкама, Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.
Разам з ганаровымі гасцямі кожны ахвочы можа стаць 8 верасня гледачом, а пры жаданні і ўдзельнікам маладзёжнага флэш-моба “Крок наперад!”, танцавальнага марафону “Танцуй сам, танцуй з намі, танцуй лепш за нас!”, паназіраць за адмысловымі піруэтамі велафрыстайлістаў, палюбавацца грацыёзнасцю і спрытам аматараў спартыўнай гімнастыкі, бальных танцаў, аэробікі, каратэ, катання на ролікаваных каньках. Адным словам, юбілейны Тыдзень спорту і здароўя запрашае! Не прапусціце!

Падрыхтаваў Ігар ГРЭЧКА.