Тыдзень бізнесу і прадпрымальніцтва

- 11:14Адукацыйная прастора

Сёння асаблівая ўвага ўдзяляецца фінансавай адукацыі вучняў, кожнаму з якіх у будучыні давядзецца вырашаць шмат грашовых пытанняў, звязаных з аплатай камунальных паслуг, набыццём маёмасці і г.д. Для гэтага неабходны фінансавыя веды і ўменні разумна і адказна абыходзіцца з грашыма. Эфектыўнай формай работы ў вырашэнні гэтай складанай задачы з’яўляецца тыдзень бізнесу і прадпрымальніцтва, які праводзіцца ў гімназіі Ганцавіч.

Сёлетні тыдзень пачаўся з прэзентацыі гімназічнай бізнес-кампаніі “Ад ідэі — да прыбытку”. Дзевяцікласнікі прапанавалі шырокі асартымент сувеніраў, запатрабаваных напярэдадні навагодніх свят. Арганізатары бізнес-кампаніі правялі рэкламную акцыю, каб заахвоціць пакупнікоў набыць сувеніры. Удзел вучняў у такіх мерапрыемствах павышае верагоднасць іх будучага поспеху ў прафесійнай дзейнасці і працаўладкаванні.

З асаблівай цікавасцю хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў адукацыйнай экскурсіі ў аддзяленне ААТ “Белаграпрамбанк”. Супрацоўнікі банка расказалі вучням пра неабходнасць ашчаднага падыходу да размеркавання сямейнага бюджэту і шырокія магчымасці сучасных банкаўскіх тэхналогій.

На сустрэчы з індывідуальным прадпрымальнікам І.М.Радзіюком былі ўзняты актуальныя праблемы, звязаныя з развіццём малога бізнесу на Ганцавіччыне. Вучні задавалі пытанні, што тычыліся асаблівасцей развіцця прадпрымальніцтва ў сферы камп’ютарнай тэхнікі, цяжкасцей, пераваг і перспектыў гэтай дзейнасці.

Цікавыя навуковыя знаходкі гімназістаў былі прэзентаваны на міжрэгіянальным маладзёжным конкурсе “100 ідэй для Беларусі” ў Баранавічах. У спаборніцтве ўдзельнічалі вучні гімназій, ліцэяў і ўстаноў прафесійнай адукацыі, а таксама студэнты БарДУ. Дзесяцікласніца Настасся Вайцешык расказала пра калектыўны вучнёўскі праект “Маршрут памяці па ваенна-гістарычных месцах Ганцавіцкага раёна”, акцэнтаваўшы ўвагу на асноўных этапах рэалізацыі патрыятычнага маршруту для арганізацыі экскурсійнай дзейнасці гімназістаў. Падчас работы былі выкананы фінансавыя падлікі, пакладзеныя затым у аснову развіцця гімназічнай бізнес-кампаніі. Вучнёўскае аб’яднанне займаецца арганізацыяй дзіцячых экскурсій. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з райкамам БРСМ, дзейнасць гімназістаў у межах праекта атрымала шырокую рэкламу і была адзначана на конкурсе сертыфікатам у намінацыі “Сацыяльная сфера”.

Вядома, гэтыя мерапрыемствы з’яўляюцца толькі пачаткам мэтанакіраванай работы па развіцці эканамічнай адукацыі старшакласнікаў і маладзёжнага прадпрымальніцтва. Вучні павінны зразумець, што свая справа — гэта выдатная магчымасць рэалізаваць сябе ў пэўнай прафесійнай дзейнасці.

Наталля АНІШЧАНКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Ганцавіч.