Тыдзень дабра і клапот

Дзень маці — цёплае і сардэчнае свята, якое займае асаблівае месца сярод шматлікіх святаў. У ЦКРНіР г. п. В. Бераставіца ладзіўся тэматычны тыдзень, калі дзеці-інваліды віншавалі сваіх матуль.

З мэтай выхавання трапяткога, паважлівага стаўлення да маці, умення іх шанаваць у ЦКРНіР прайшоў прагляд прэзентацыі “Матулі родныя, матулі кожнаму патрэбныя”. У прэзентацыі, падрыхтаванай педагагічнымі работнікамі, дзіцячыя фатаграфіі матуль пераклікаліся з фотаздымкамі сыноў і дачок, а лірычная музыка ўносіла ноткі душэўнасці і цеплыні.

Запомніўся конкурс мадэльераў “Сукенка для матулі”, падрыхтаваны настаўнікам І.Т.Курмель. Дзеці з вялікім задавальненнем майстравалі сваімі рукамі з тканіны, а потым уручылі вырабы любімым матулям.

Шмат пазнавальнай інфармацыі матулі даведаліся з аформленага стэнда “Дзень маці: гісторыі і традыцыі”, які расказаў пра святкаванне Дня маці ў Беларусі.

Напярэдадні свята вучні сумесна з выхавальнікам Т.Г.Дудзінскай з вялікім задавальненнем стварылі кветкавыя кампазіцыі, якія былі прадстаўлены 11 кастрычніка ў ЦКРНіР на выстаўцы “Адзінай матулі на свеце”. Прывабныя і разнастайныя дзіцячыя работы, прысвечаныя самаму дарагому чалавеку, прасякнуты асаблівым святлом і цяплом.

Заключным мерапрыемствам у рамках тыдня маці стала выязное віншаванне “Добра побач з матуляй”, якое было арганізавана 12 кастрычніка педагогамі сумесна з дзецьмі-інвалідамі. Дзяўчынкі і хлопчыкі ўручылі кветкі і вырабы, зробленыя сваімі рукамі, са словамі любові і пажаданнямі дабра, здароўя і дабрабыту, звярнуліся да сваіх матуль.

Аксана КУДЛАШ,
сацыяльны педагог ЦКРНіР г. п. В. Бераставіца.