Тыдзень для пытанняў і абмеркаванняў

- 12:09Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Тыдзень прафесійнай адукацыі даў старт новаму прафарыентацыйнаму сезону. На працягу 7 дзён эксперты расказвалі ўсё пра прафесійную падрыхтоўку ў нашай краіне: што прапануюць прафесійныя каледжы і ліцэі і якія магчымасці адкрываюцца перад іх выпускнікамі.

Мерапрыемствы, аб’яднаныя тэмай “Твая прафесійная адукацыя: тыдзень для пытанняў, адказаў, абмеркаванняў”, ладзяцца ў рамках праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі”. Адна з задач праекта— павышэнне прывабнасці сістэ-мы прафесійнай адукацыі, і менавіта на гэта накіраваны ўсе актыўнасці тыдня.

Першы тыдзень прафесійнай адукацыі прайшоў вясной гэтага года напярэдадні ўступнай кампаніі. Новы, асенні тыдзень прафадукацыі адкрывае новыя прафарыентацыйныя перспектывы. Мерапрыемства карыснае  школьнікам і бацькам, настаўнікам, навучэнцам каледжаў і ліцэяў.

Для тыдня быў выбраны зручны і актуальны ў цяперашніх умовах анлайн-фармат. Стартаваў тыдзень дыскусіяй аб інклюзіўнай адукацыі. Потым удзельнікаў запрасілі на віртуальныя экскурсіі па каледжах і ліцэях, падчас якіх можна было наведаць Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж, Смілавіцкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, Мінскі радыётэхнічны каледж, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж. Таксама арганізатары прапанавалі адправіцца ў віртуальнае падарожжа па Аршанскім інструментальным заводзе і паглядзець, як можа выглядаць працоўнае месца выпускніка ўстановы прафадукацыі. У пятніцу спецыялісты па прафарыентацыі расказалі пра тое, як не памыліцца пры выбары прафесіі. А на выхадных можна было даведацца, якія дадатковыя актыўнасці ёсць у каледжах і ліцэях.

Для правядзення тыдняў прафесійнай адукацыі створаны цікавыя і змястоўныя відэаматэрыялы. Іх будуць і надалей выкарыстоўваць у рамках прафарыентацыйных мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі.

Дар’я РЭВА.