Бярэзінскі біясферны запаведнік на тыдзень пераўтварыўся ў зялёную кнігу. 70 юных эколагаў з Беларусі і Расіі прыехалі ў запаведнік, каб зазірнуць у свет некранутай прыроды, на свае вочы ўбачыць чырванакніжнікаў — жывёл, птушак, расліны. Злёт юных эколагаў Беларусі і Расіі “Экалогія без меж” праводзіцца сёмы раз, два з іх — менавіта ў біясферным запаведніку. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства асветы Расіі. Праводзяць злёт Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства і Федэральны дзіцячы эколага-біялагічны цэнтр.
Падчас адкрыцця злёту Галіна Васільеўна Філіповіч, старшыня камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, вызначаючы ролю экалагічнай дзіцячай садружнасці, адзначыла: “Вы — гонар нашых дзвюх дзяржаў, нашага саюзу, бо не раўнадушныя да таго асяроддзя, у якім жывяце. Ахова навакольнага асяроддзя вызначана як адна з галоўных мэт устойлівага развіцця Беларусі, таму ў межах нашага саюзу мы спадзяёмся, што тыя задачы, якія мы ставім перад сабой, будуць вырашаны. Аб’яднаўшы ўсё самае лепшае ў навуцы, у тэхнічным прагрэсе, у звычайным жыцці, мы можам быць мацнейшымі на міжнародным узроўні”.
Юныя эколагі правядуць інтэлектуальнае спаборніцтва ў тэарэтычным і практычным турах па глебазнаўстве, гідрабіялогіі, геабатаніцы, энтамалогіі і арніталогіі. Ацэньваць канкурсантаў будзе журы, у склад якога ўвайшлі беларускія і расійскія вучоныя, у тым ліку супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Бярэзінскага біясфернага запаведніка, вядучых універсітэтаў і экалагічных устаноў Расіі.
Практычны тур прадугледжвае і комплексную палявую экспедыцыю па вывучэнні прыродных ландшафтаў Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Падчас палявых практык юныя арнітолагі пазнаёмяцца з птушкамі запаведніка, энтамолагі папоўняць свае калекцыі новымі відамі насякомых, глебазнаўцы вывучаць мясцовыя глебы і даведаюцца, калі і ў якіх умовах яны ўтвараліся, батанікі прааналізуюць багаты відавы склад раслін, а гідрабіёлагі вывучаць насельнікаў рэк і вадаёмаў. Прэзентацыя работ адбудзецца на выніковай навукова-практычнай канферэнцыі, дзе будзе дадзена экалагічная ацэнка мясцовасці, агучаны праблемы і спосабы іх вырашэння.
Адзіннацацікласнік Ратмір Зарыпаў з Казані (Рэспубліка Татарстан), пераможца Усерасійскай алімпіяды школьнікаў па экалогіі — 2018, зусім не хвалюецца напярэдадні іспытаў, бо, як сам гаворыць, за плячыма — грунтоўная падрыхтоўка.
“З Татарстана нас прыехала некалькі чалавек. Усе мы — пераможцы і прызёры алімпіяды, многія з нас ужо займаюцца на базе ўніверсітэтаў, паглыбляючы свае веды ў экалогіі, — гаворыць Ратмір. — У 6 класе я выканаў сваю першую даследчую работу па вывучэнні шкоднікаў у сельскай гаспадарцы, у прыватнасці пруса італьянскага (ці італьянскай саранчы), і шукаў шляхі барацьбы з імі. Потым былі і іншыя работы па насякомых, аднак мы паглыблена вывучаем не толькі энтамалогію, але і экалогію ў цэлым — і прамысловую, і лясную, і інш. У Татарстане вельмі магутная школа экалогіі, па гэтым кірунку наша каманда лічыцца самай выніковай у Расіі. Мабыць, таму, што ўрад Рэспублікі Татарстан некалі зрабіў стаўку на магутную цэнтралізаваную сістэму падрыхтоўкі ў шэрагу УВА. Ды і менавіта ў Казанскім федэральным універсітэце найстарэйшы экалагічны факультэт. У выніку — высокі ўзровень прафесіяналізму выкладчыкаў, якія актыўна працуюць з намі, школьнікамі”.
На злёт Ратмір ехаў, каб пагутарыць са спецыялістамі іншых рэгіёнаў Расіі і Беларусі, паглядзець на прыроду, на экасістэмы Бярэзінскага біясфернага запаведніка, параўнаць іх з казанскімі; даведацца, чым жывуць беларускія эколагі, якія праблемы вырашаюць. Не менш важна для юнака было наладзіць сувязі з равеснікамі-эколагамі з іншых рэгіёнаў Расіі і, канечне, з беларусамі.
Юлія Гладкоўская, навучэнка сярэдняй школы № 1 Бярозы (Брэсцкая вобласць), лічыць гадзіны да першай палявой практыкі, бо даўно марыла трапіць у Бярэзінскі запаведнік, каб папоўніць фотакалекцыю раслін-чырванакніжнікаў. Хаця, прызнаецца, часам такая ўдача надараецца і далёка ад запаведнікаў: “Мы нават пад Мінскам знайшлі чыну горную — вельмі рэдкую расліну, занесеную ў Чырвоную кнігу Беларусі. Прычым нам пашчасціла ўбачыць яе ў цвіценні. І вучоныя нам сказалі, што, хутчэй за ўсё, менавіта наш здымак будзе змешчаны ў перавыданні Чырвонай кнігі, бо такога выразнага фота ў перыяд цвіцення ў Беларусі дагэтуль не было”.
Праграма злёту будзе напоўнена і цікавымі культурна-забаўляльнымі мерапрыемствамі, у тым ліку пройдуць пазнавальная праграма “Беларусь вітае сяброў”, творчы вечар “Дзве сястры — Беларусь і Расія”, інтэлектуальная гульня “Разумнікі і разумніцы”, спартландыі. Чакаюць дзяцей таксама экскурсіі па азнаямленні з прыроднай і культурнай спадчынай Беларусі: экалагічная сцежка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, музей міфаў, экскурсіі “Полацк — гісторыка-культурны цэнтр”, “Хатынь — Курган Славы”, “Мінск — сталіца Беларусі”.
Пераможцаў практычнага і тэарэтычнага тураў злёту ўзнагародзяць дыпломамі і памятнымі прызамі. Па выніках індывідуальнага першынства будуць вызначаны абсалютныя пераможцы злёту. Яны атрымаюць дыпломы і памятныя прызы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.