Тыдзень хіміі і фізікі

- 10:46Нам пішуць

Як павысіць цікавасць навучэнцаў да вывучэння прадмета? Гэтае пытанне хвалюе многіх настаўнікаў. Адзін са шляхоў вырашэння гэтай праблемы — пазакласная работа. Сярод мноства форм вылучаюцца прадметныя тыдні.

У нашай установе адукацыі прадметныя тыдні сталі добрай традыцыяй. Яны ладзяцца па ўсіх вучэбных дысцыплінах. Мерапрыемствы праводзяцца па плане, зацверджаным кіраўніком установы адукацыі. Форма і змест адпавядаюць узроставым асаблівасцям і запытам навучэнцаў.

Тыдзень фізікі і хіміі прайшоў ва ўстанове адукацыі ў студзені. Кожны дзень прадметнага тыдня быў спланаваны так, што ўключаў мерапрыемствы па абодвух прадметах. Кожны настаўнік-прадметнік імкнуўся напоўніць яго творчым і займальным зместам.

Да ўрачыстага адкрыцця тыдня рыхтаваліся сумесна з вучнямі: падбіралі неабходны матэрыял, складалі сцэнарый. На працягу тыдня ў кабінеце дзейнічала выстава, якая знаёміла чытачоў з хімічнымі цікавосткамі і навінкамі. Кожны мог выбраць сабе заданне па душы: ці то паварушыць звілінамі над крыжаванкамі ў кампаніі сяброў-аднадумцаў, ці праявіць творчыя здольнасці, напісаўшы казку на тэму “Хімічны элемент”. Не забыліся і пра аматарараў камп’ютараў: свае ўменні яны маглі прадэманстраваць у конкурсе прэзентацый і відэаролікаў “Хімія вакол нас”, “Цікавыя звесткі з галіны хіміі”. Самастойны пошук рашэнняў займальных задач “Галаваломкі мы рашаем” адкрыў шырокія магчымасці для работы з рознымі крыніцамі ведаў: кнігай, інтэрнэтам, даведачным матэрыялам. Праводзіліся спаборніцтвы між класамі: вучням ІX—XI класаў прапаноўвалася прадэманстраваць веды ў інтэлектуальнай гульні “У лабірынтах хіміі”, а вучні VII—VIII класаў паказалі кемлівасць у турніры “Юны хімік”.

Тыдзень прайшоў на ўздыме. Навучэнцы былі цікаўныя, кожнае з прапанаваных мерапрыемстваў не засталося незаўважаным. Актыўнасць вучняў адзначылі граматамі і памятнымі сувенірамі на школьнай лінейцы.

Прадметны тыдзень патрабуе працяглай і старанна прадуманай падрыхтоўкі, але, добра арганізаваны і цікава праведзены, дапамагае ўзбагаціць веды дзяцей, актывізаваць іх ініцыятыву і самастойнасць, спрыяе развіццю індывідуальных якасцяў, раскрыццю талентаў, творчай актыўнасці.

Алена ЧАРНЕЦКАЯ,
настаўніца хіміі Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы
Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.