Першы вучэбны дзень трэцяй чвэрці ўжо каторы год дае старт трэцяму (абласному) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У традыцыйных інтэлектуальных спаборніцтвах бяруць удзел тысячы навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.
Як вядома, першы алімпіядны этап праходзіў на ўзроўні навучальных устаноў у першай чвэрці. Затым праходзіў другі этап (раённы, гарадскі), які быў завершаны ў канцы лістапада 2015 года. І вось стартаваў абласны этап правядзення рэспубліканскай алімпіяды.
Нагадаем, што алімпіяды пройдуць па 17 прадметах: матэматыка, працоўнае навучанне, нямецкая, англійская, іспанская, французская і кітайская мовы, інфарматыка, руская мова і літаратура, хімія, астраномія, грамадазнаўства, фізіка, біялогія, беларуская мова і літаратура, геаграфія і гісторыя.
Калі гаварыць пра геаграфію правядзення трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, то яна, натуральна, ахоплівае абласныя цэнтры (Віцебск, Гродна, Гомель, Магілёў, Брэст), сталіцу, а таксама шэраг іншых гарадоў краіны.Дарэчы, Мінская гарадская алімпіяда пачынаецца сёння. Прынамсі, гімназія № 24 Мінска прымае лепшых у горадзе па рускай мове і літаратуры. Трэба адзначыць, што выбар на гэтую навучальную ўстанову выпаў невыпадкова. Тут працуе зладжаны калектыў настаўнікаў-філолагаў. У прыватнасці, на педагагічным рахунку Таццяны Юр’еўны Панцялеевай — перамогі яе вучняў на гарадской алімпіядзе па рускай мове і літаратуры, рэспубліканскай. Ёсць у яе і міжнародныя пераможцы.
З самой 24-й гімназіі права выступаць на гарадской алімпіядзе атрымалі не толькі рускія філолагі. Удзельнікамі трэцяга этапу сталі 29 гімназістаў, якія будуць абараняць гонар сваёй навучальнай установы на алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, англійскай, нямецкай мовах, гісторыі і матэматыцы.
Як паказвае практыка і сістэмная работа рэгіёнаў, стварэнне неабходных умоў для размяшчэння іншагародніх удзельнікаў алімпіяды, кіраўнікоў каманд, членаў журы, арганізацыя харчавання, транспартнае, медыцынскае і культурнае абслугоўванне ўдзельнікаў рэспубліканскай алімпіяды, распрацоўка і правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў адкрыцця і закрыцця алімпіяды, прадастаўленне лабараторнага, камп’ютарнага і іншага абсталявання будзе забяспечана ў поўнай меры.
Узнагароды пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды атрымаюць у канцы гэтага тыдня. У гэты ж час стануць вядомы імёны тых, хто зможа прадставіць свой рэгіён на рэспубліцы. Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах пройдзе з 21 па 25 сакавіка 2016 года.
У Барысаве Мінскай вобласці збяруцца лепшыя знаўцы геаграфіі, а ў Жодзіне стануць вядомы імёны лепшых майстроў і майстрых. Тут пройдзе Рэспубліканская алімпіяда па працоўным навучанні. У Мінску стануць вядомы лепшыя знаўцы біялогіі і хіміі. Дзяржынск Мінскай вобласці будзе прымаць юных рускіх філолагаў, у Віцебску стануць вядомы пераможцы алімпіяд па замежных мовах (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай), а ў Полацку вызначаць лепшых беларускіх філолагаў.
У Гродне будуць агучаны імёны лепшых юных гісторыкаў і знаўцаў грамадазнаўства. У Гомелі будуць вырашаць, хто лепшы ў краіне па матэматыцы, фізіцы, астраноміі, а ў Магілёве — па інфарматыцы.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.