Тыдзень лесу ў Баравіках

- 16:34Нам пішуць

З 14 красавіка стартавала рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу-2018”. Сотні неабыякавых па ўсёй краіне ўжо паспелі ў ёй паўдзельнічаць: работнікі культуры, адукацыі, працоўныя калектывы розных прадпрыемстваў. Не засталася ўбаку і Баравікоўская сярэдняя школа.

Акцыя ў нашай установе адукацыі стала традыцыйнай. У межах супрацоўніцтва з Баравікоўскім лясніцтвам за навучальны год мы паспяваем паўдзельнічаць у шэрагу мерапрыемстваў, накіраваных на выхаванне беражлівага стаўлення да лесу і прыроды роднага краю, на ахову прыроды і на фарміраванне працоўных уменняў і навыкаў: займаемся ўборкай ляснога масіву, вырабляем і развешваем штучныя гняздоўі, аказваем дапамогу ў нарыхтоўцы насення, ахове мурашнікаў, зімовай падкормцы птушак.

Акцыя “Тыдзень лесу-2018” стала для навучэнцаў і педагогаў асаблівай: мы ўдзельнічалі ў пасадцы лесу. За два дні пасадзілі каля 8 тысяч сеянцаў хвоі. Праца даволі карпатлівая і працаёмкая. Было складана ўявіць, што з маленькага кволага сеянца памерам у 15—20 сантыметраў вырастае высокае хваёвае дрэва. Але для гэтага дрэўцу неабходна адолець доўгі шлях. Хацелася б абавязкова вярнуцца праз некалькі дзясяткаў гадоў на ўчастак, дзе садзілі сеянцы, каб прагуляцца па хваёвым лесе, бо праз 25 гадоў там ужо можна будзе збіраць грыбы. Паўнавартасныя ж дрэвы, гатовыя да высечкі, будуць толькі праз 80 гадоў. Прыемна, што нам давялося прыкласці руку да вялікай справы!

Удзел у акцыі дапамог чарговы раз усвядоміць, што нельга браць ад прыроды больш, чым можаш ёй аддаць. Нельга парушаць гармонію, якая захоўвалася мільёны гадоў. І сёння мы, новае пакаленне, разумеем, што аднаўляць лес — наш прамы абавязак!

Аляксандра БУСЕЛ,
навучэнка 11 класа Баравікоўскай сярэдняй школы
Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.