Тыдзень мабільнасці

Ваўкавыск ужо другі раз далучыўся да Еўрапейскага тыдня мабільнасці (праходзіць з 16 па 22 верасня) — маштабнага мерапрыемства, накіраванага на прапаганду здаровага ладу жыцця, экалагічна бяспечнага транспарту, скарачэнне шкодных выкідаў у атмасферу. Адкрыццё акцыі прайшло ў мінулую суботу на плошчы імя Леніна.

З мэтамі Еўрапейскага тыдня мабільнасці пазнаёміў прысутных загадчык Ваўкавыскай рай(гар)інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Міхайлавіч Радзікевіч. Мерапрыемства адкрылася ўрачыстым канцэртам. Пасля праводзіліся тэматычныя конкурсы, у якіх паспяхова выступілі вучні сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска. Ірына Новік (8 “Б” клас) стала пераможцай “Аўкцыёну”, дзе трэба было пералічыць віды экалагічна бяспечнага транспарту, акрамя таго, разам з Даніілам Сакалоўскім з 8 “А” яна прыняла ўдзел у эстафеце конкурсу фігурнага ваджэння веласіпеда. Вікторыя Казімірчык, Вера Жылінская і Кацярына Капытова з 8 “А” выйгралі конкурс на лепшы тэматычны малюнак пад дэвізам “Выбірай і рухайся!”.

Узнагароды пераможцам уручылі загадчык упраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Баляслававіч Сямёнчык і загадчык сектара сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Святлана Іванаўна Стачук. Віншуем нашых вучняў з паспяховым выступленнем!

Аксана БАШКО,
настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска.