Тыдзень майстэрства і эмоцый

На Магілёўшчыне надоечы завяршыўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Па яго выніках была сфарміравана рэгіянальная каманда педагогаў, якія сталі лепшымі ў сваіх намінацыях. Кожны з пераможцаў — неардынарная асоба, выключны прафесіянал. Кожны з іх бачыць у настаўніцкай працы сваё жыццёвае прызначэнне. Конкурс пашырыў іх прафесійныя гарызонты, стаў своеасаблівым імпульсам да самаўдасканалення.

Прапануем чытачам уражанні пераможцаў конкурсу.

Андрэй Віктаравіч Бязлепкін, настаўнік фізічнай культуры і здароўя ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, пераможца ў намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”, уладальнік ганаровага звання “Настаўнік года — 2020” Магілёўскай вобласці:

— Я доўга ішоў да ўдзелу ў гэтым прафесійным спаборніцтве. Конкурс стаў яркай падзеяй у маім жыцці. У першую чаргу таму, што я ўбачыў наколькі многа ў нашым рэгіёне таленавітых, творчых настаўнікаў. Значна і тое, што конкурсны шлях для мяне быў вельмі плённым. Вядома, заданні былі ня­простыя, але яны сапраўды дапамагаюць дэталёва ацаніць свой прафесійны ўзровень. Таму раю ўсім педагогам: удзельнічайце ў такіх конкурсах! Яны даюць мноства новых ведаў, новага вопыту, даюць своеасаблівы штуршок у прафесійным развіцці.

Аляксандра Аляксандраўна Лазавікова, настаўніца нямецкай мовы Дашкаў­скай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, пераможца ў намінацыі “Замежная мова”:

— Удзел у конкурсе стаў для мяне са­праўдным святам. Запомнілася непаўторная, творчая атмасфера на працягу ўсяго конкурснага тыдня. Усе ўдзельнікі — высокапрафесійныя педагогі. Але я не адчувала канкурэнтнай барацьбы. Настолькі ўсе былі добразычлівыя адно да аднаго. Шмат уражанняў прынёс майстар-клас. Прэзентацыю сваёй педагагічнай дзейнасці ў такой форме я праводзіла ўпершыню. Але ўсё атрымалася! У нашай катэгорыі па выніках гэтага задання я набрала найбольшую колькасць балаў. Наогул, галоўнае, што даў удзел у конкурсе, — гэта новы вопыт. Я выразна зразумела, у якім кірунку мне развівацца далей.

Таццяна Віктараўна Багдановіч, настаўніца фізікі гімназіі № 1 Бабруйска, пераможца ў намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”:

— Для мяне ўдзел у гэтым прафесійным спаборніцтве — штуршок для прафесійнага руху. Конкурсны тыдзень быў напоўнены падзеямі і эмоцыямі: яскравымі, запамінальнымі. Выконваючы заданні, зразумела: я на правільным шляху. Напрыклад, урок у незнаёмым класе дапамог яшчэ раз упэўніцца ў правільнасці маіх педагагічных прынцыпаў. Галоўнае для паспяховага навучання — творчае супрацоўніцтва настаўніка і вучняў.

Ірына Мікалаеўна Валуева, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 21 Магілёва, пераможца ў намінацыі “Пачатковыя класы”:

— Удзел у конкурсе дапамог падвесці свое­асаблівую рысу ў эфектыўнасці сваёй педагагічнай дзейнасці. Дапамог адкрыць новыя прафесійныя гарызонты, знайсці нешта новае ў традыцыйных адукацыйных методыках. Найбольш запомніўся ўрок у незнаёмым класе. Я праводзіла заняткі па беларускай літаратуры для навучэнцаў 3 класа. На сваіх штодзённых уроках вельмі часта прымяняю LEGA-тэхналогіі ў якасці дыдактычных сродкаў. Мае вучні да гэтага звыклыя, але вельмі хвалявалася: насколькі такі метад прыйдзецца даспадобы вучням, якіх бачу ўпершыню. Аднак заняткі атрымаліся. Дзеці адразу зацікавіліся. Канструктар дапамог хутка нала­дзіць эмацыянальны кантакт з кожным вучнем, усталяваць з імі зваротную сувязь.

Таццяна Мікалаеўна Казлова, настаўніца біялогіі гімназіі № 1 Горак, пераможца ў намінацыі “Хімія, біялогія”:

— Якія ўражанні пакінуў конкурс? Толькі пазітыўныя! Выкананне заданняў прыносіла задавальненне. Удзел і перамога ў конкурсе дадалі ўпэўненасці ў сваіх прафесійных уменнях, павысілі матывацыю да далейшага ўдасканалення сваёй педагагічнай дзейнасці.

Іна Мікалаеўна Мядзведская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мішнеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна, пераможца ў намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”:

— Удзел у гэтым конкурсе як планамерны вынік усёй работы. Вельмі прыемна было супрацоўнічаць з тымі настаўнікамі, якія знаходзяцца побач. Вядома, мы канкурэнты, але мы сталі яшчэ і сябрамі. Выкананне конкурсных заданняў дало істотны, важкі вопыт, які зараз дапамагае самаўдасканальвацца, рабіць пэўны крок наперад у сваёй педагагічнай дзейнасці.

Андрэй Айвавіч Трэй, настаўнік геа­графіі Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, пераможца ў намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геа­графія”:

— Я прымаў удзел у конкурсе другі раз. Тры гады назад таксама быў пераможцам у сваёй намінацыі. На рэспубліканскім этапе крыху не пашанцавала, таму засталося адчуванне нейкай недагаворанасці. Увесь міжконкурсны перыяд старанна адточваў прафесійнае майстэрства і вось паспрабаваў свае сілы зноў. Сёлета конкурс быў сапраўднай марафонскай дыстанцыяй. Дадаліся новыя заданні, усе ўдзельнікі дэманстравалі выключны прафесіяналізм. Але моцная канкурэнцыя асабіста мяне вельмі матывавала да мабілізацыі сваіх рэсурсаў у дасягненні пастаўленай мэты. Адметна, што ўсе пераможцы вельмі таленавітыя і крэатыўныя настаўнікі. Мы даволі хутка пазнаёміліся і ўжо сталі згуртаванай камандай.

Алена Мікалаеўна Чудакова, выхавальніца ясляў-сада № 7 Круглага, пераможца ў намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”:

— Ад удзелу ў прафесійным спаборніцтве я атрымала толькі задавальненне. Заданні былі такімі, што на кожным даводзілася быць рознай і пры гэтым заставацца сабой. Самым запамінальным момантам для мяне было бачыць у вачах абсалютна новых і незнаёмых мне людзей, маіх калег, непадробную гор­дасць, прызнанне і павагу. Вельмі значным для мяне стала і тое, што выхаванцы дашкольнай установы, дзе мне давялося даваць адкрытыя заняткі, не хацелі мяне адпускаць. Конкурс падарыў мне зносіны з цікавымі людзьмі, калегамі, прафесіяналамі сваёй справы, якія бязмежна любяць дзяцей. Мяне зацікавілі педагагічныя знаходкі іншых у­дзельнікаў, цікавыя ідэі, якія я абавязкова буду выкарыстоўваць у сваёй рабоце. А яшчэ спаборніцтва дазволіла чарговы раз зразумець: якой бы працай ні займаўся чалавек, ён павінен выконваць яе якасна і прафесійна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.