Тыдзень маладога настаўніка

Малады настаўнік… Сучасны настаўнік… Якія думкі, асацыяцыі выклікаюць гэтыя словы? Энергічны, творчы, рухомы? Адкрыты да ўсяго новага і больш успрымальны да інтарэсаў вучняў. Можа, гэта настаўнік, у якога яшчэ недастаткова ведаў, вопыту? І такое таксама магчыма. Педагог-пачатковец стаіць на першай прыступцы прафесійнай дзейнасці і, вядома ж, будзе адчуваць цяжкасці ў працы.

Кожны год у многіх школах, ліцэях, гімназіях сустракаюць маладых настаўнікаў — выпускнікоў педагагічных устаноў. Штогод і ў нашу школу прыходзяць маладыя спецыялісты, якія ўжо ў пачатку сваёй дзейнасці адчуваюць цяжкасці прафесійнага, псіхалагічнага і сацыяльнага характару. У гэтым навучальным годзе педагагічны калектыў сярэдняй школы № 7 Навагрудка прыняў у сваю школьную сям’ю 8 маладых спецыялістаў.

Якімі гэтыя выкладчыкі будуць праз год-два? Як яны ўвальюцца ў калектыў? Адказы на гэтыя пытанні шмат у чым залежаць ад арганізацыі і дапамогі педагогу-пачаткоўцу. Стварыць умовы для паспяховай адаптацыі, прафесійнага росту заклікана сістэма метадычнага суправаджэння ў нашай адукацыйнай установе, якая ўключае настаўніцтва, працу школьнага метадычнага фарміравання “Школа маладога спецыяліста”, псіхалагічнае суправаджэнне маладых педагогаў, маніторынг прафесійнай дзейнасці, вядзенне партфоліа.


Работа ладзіцца па вызначаным алгарытме.

У рамках тэарэтычнага перыяду (верасень — кастрычнік) праводзяцца: гутарка “Першыя крокі маладых педагогаў”, якая ўключае пытанні, накіраваныя на выяўленне лідарскіх якасцей кожнага спецыяліста, фарміраванне псіхалагічнага партрэта як індывіда, так і ў мікраклімаце калектыву; серыя тэарэтычных семінараў “Метады, прыёмы і спосабы ў вучэбнай дзейнасці, якія спрыяюць павышэнню матывацыі навучэнцаў да вывучэння прадмета”. Таксама маладыя спецыялісты выбіраюцьтэмы па самаадукацыі.

Першыя вынікі адаптацыі адсочваюцца ў кастрычніку з дапамогай анкетавання. Дапамогу ў адаптацыі маладым спецыялістам аказваюць не толькі адміністрацыя, але і калегі, члены калектыву.

У рамках работы практычнага этапу настаўнікі-прадметнікі праводзяць адкрытыя навучальныя заняткі рознага ўзроўню, дэманструючы маладым спецыялістам найбольш аптымальныя формы і метады арганізацыі адукацыйнай дзейнасці навучэнцаў. У сваю чаргу маладыя спецыялісты самастойна праводзяць аналіз гэтых урокаў па схеме, якая прапаноўваецца папярэдне.

Творчы этап уключае правядзенне маладымі спецыялістамі адкрытых навучальных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў, распрацаваных самастойна, іх самааналіз і аналіз вучэбных заняткаў і мерапрыемстваў маладых калег.

Традыцыйна ў школе ў канцы красавіка прайшоў тыдзень маладога спецыяліста, які пачаўся з прэзентацыі педагагічных эсэ “Дазвольце прадставіцца…”. Адміністрацыя школы, настаўнікі наведалі адкрытыя навучальныя заняткі маладых педагогаў, была праведзена псіхолага-педагагічная дыягностыка “Па прыступках творчасці”, прайшоў трэнінг “Ведаючы сябе, спазнаем іншых”, накіраваны на самапазнанне і самаразвіццё, авалоданне навыкамі практычнага самапазнання, развіццё асобасна значных якасцей (прафесійная рэфлексія, эмпатыя, крытычнасць і гнуткасць установак, пераадоленне псіхалагічных бар’ераў, якія замінаюць паўнавартаснаму самавыяўленню).

На працягу ўсяго тыдня працавала выстава “Вучыцца, каб дзяліцца”, падрыхтаваная маладымі спецыялістамі. Былі выстаўлены метадычныя распрацоўкі ўрокаў, класных і пазакласных заняткаў маладых педагогаў, дыдактычны матэрыял.

Па выніках тыдня маладога спецыяліста быў арганізаваны круглы стол “Першыя крокі ў прафесіі”, падчас якога абмеркаваны праблемы, з якімі сутыкаюцца маладыя спецыялісты. Педагогі-настаўнікі падалі справаздачы аб рабоце з маладымі. У канцы тыдня педагогі ў форме адкрытага дыялогу дзяліліся ўражаннямі, дэманстравалі веды па вучэбных прадметах і методыцы выкладання. З’явілася ўпэўненасць у сваіх сілах, павысілася самаацэнка.

Маладыя настаўнікі, якія прыходзяць да нас у школу, становяцца дасведчанымі спецыялістамі і застаюцца вернымі прафесіі. Гэта дае нам падставу лічыць, што, працуючы з маладымі педагогамі, мы на правільным шляху.

Адміністрацыя сярэдняй школы № 7 Навагрудка.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *