Тыдзень Мендзялееўскай алімпіяды завяршыўся вялікім поспехам

У суботу ў Мінску на пляцоўцы Ліцэя БДУ адбылося ўрачыстае закрыццё 52-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды школьнікаў па хіміі. Беларуская каманда яшчэ раз пацвердзіла, што хімічная адукацыя ў нашай краіне знаходзіцца ў трэндзе. На рахунку нашых школьнікаў 10 медалёў рознай вартасці, а каманда складалася з 11 чалавек! Як у сваім віншавальным слове заўважыў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, вялікі дзякуй усім настаўнікам, без якіх гэтыя медалі былі б немагчымыя.

Са словамі віншавання да каманд звярнуўся старшыня аргкамітэта 52-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды дэкан хімічнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава, акадэмік РАН, прафесар Валерый Лунін. Валерый Васільевіч падзякаваў арганізатарам алімпіяды за стварэнне атмасферы, якая садзейнічала поспеху кожнага ўдзельніка, за насычаную культурна-забаўляльную праграму. “Тыдзень напружанай працы завяршыўся вялікім поспехам. Думаю, Мінск скарыў усіх вас, — звярнуўся ў залу Валерый Васільевіч.

Беларусь прымала Міжнародную Мендзялееўскую алімпіяду ў трэці раз. Арганізатарамі з’яўляюцца Міністэрства адукацыі нашай краіны, БДУ і МДУ імя М.В.Ламаносава. У склад аргкамітэта і метадычнай камісіі алімпіяды ўваходзяць прафесары і выкладчыкі вядучых універсітэтаў, а таксама настаўнікі хіміі агульнаадукацыйных школ краін-удзельніц.

Вернемся да нашай пераможнай каманды. “Золата” нам прынеслі Паліна Булаўская (Ліцэй БДУ) і Аляксей Гарахоўскі (гімназія № 29 Мінска).

“Серабро” заваявалі Дзяніс Новаш (Ліцэй БДУ) і Вікторыя Яўстаф’ева (гімназія № 29 Мінска).

“Бронза” дасталася Андрэю Злобіну (Гродзенская гарадская гімназія), Мацвею Навіцкаму (сярэдняя школа № 16 Полацка), Яўгену Малічу, Алегу Караткову, Радзівону Цінцявіцкаму (Ліцэй БДУ) і Настассі Смаленскай (гімназія № 7 Маладзечна).

Арцём Баярскі (Гродзенская гарадская гімназія) атрымаў ганаровы дыплом удзельніка. У ролі кіраўніка каманды выступіла метадыст Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Галіна Мікалаеўна Ільіна. Віншуем!

За плячыма нашых медалістаў перамога на рэспубліканскай алімпіядзе, што, канечне, з’яўляецца асноўнай падрыхтоўчай базай для скарэння міжнародных вяршынь, але не менш важнай застаецца лакальная падрыхтоўка — у навучальных установах разам са сваімі настаўнікамі. Улічваючы тое, што заданні Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды намнога складаней, чым на рэспубліканскай (а то і на міжнароднай хімічнай алімпіядзе), школьныя педагогі са сваімі падапечнымі ў працэсе падрыхтоўкі працуюць у інтэнсіўным рэжыме.

У 52-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі прымалі ўдзел 135 навучэнцаў старшых класаў з 22 краін. Залатыя медалі атрымалі 13 чалавек. Лепшы вынік прадэманстраваў прадстаўнік Расіі Аляксей Шышкін, які набраў максімальную колькасць балаў. Сярэбраныя медалі былі ўручаны 27 удзельнікам, бронзавыя атрымалі 40 чалавек.

Традыцыйна Мендзялееўская алімпіяда складаецца з двух тэарэтычных тураў і аднаго практычнага. Тэарэтычныя туры праходзілі на базе вучэбна-аздараўленчага комплексу “Форум” Міністэрства фінансаў, практычны — хімічнага факультэта БДУ. У рамках тэарэтычных тураў школьнікам прапаноўваліся заданні з розных раздзелаў хіміі: неарганічнай, арганічнай, аналітычнай, фізічнай і хіміі палімераў. Удзельнікі алімпіяды ў першым тэарэтычным туры выконвалі 8 абавязковых задач, а ў другім — 5 (з 15), па адной з кожнага раздзела, прадэманстраваўшы ўніверсальнасць сваёй падрыхтоўкі.

Пра эксперыментальны тур нашай газеце расказаў член журы загадчык кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімічнага факультэта БДУ Віктар Мікалаевіч Хвалюк: “На эксперыменце быў прапанаваны аналіз лекавага прэпарата (антацыднага сродку). Трэба было зрабіць якасны і колькасны аналіз таблетак. Для якаснага аналізу прапаноўваліся розныя ўзоры (па складзе). Акрамя таго, трэба было правесці тры цытраванні. На ўсё было дадзена 5 гадзін. Увогуле з эксперыментам справіліся. Хімічны факультэт добра падрыхтаваўся. Было задзейнічана 14 вучэбных лабараторый. Асобна хочацца сказаць “дзякуй” за дапамогу і падтрымку Міністэрству адукацыі, кіраўніцтву БДУ і старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, доктару хімічных навук, прафесару С.К.Рахманаву”.

Метадычная камісія алімпіяды пад кіраўніцтвам прафесара хімічнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава Валянціна Георгіевіча Нянайдзенкі падрыхтавала для ўдзельнікаў займальныя заданні тэарэтычных і эксперыментальнага тураў. “Хімія — вельмі прыгожая навука, і многія дзеці пачынаюць займацца ёй, бо бачаць прыгожыя пераўтварэнні, якія адбываюцца з рэчывамі. Мы штогод стараемся прапаноўваць задачы, якія б выклікалі ва ўдзельнікаў яшчэ большую цікавасць да хіміі. З камплектам задач гэтага года школьнікі справіліся проста выдатна, а з прапанаванымі задачамі справіцца не кожны навуковец. Задачы рыхтуе міжнароднае журы пад маім кіраўніцтвам. Гэта вельмі прафесіянальны і зладжаны калектыў. Цыкл падрыхтоўкі адной задачы — каля года. Яны заўсёды новыя і непаўторныя, бо за кожнай стаіць свой аўтар ці аўтары. Кожная праходзіць строгі адбор і карэкціроўку. Мы пастаянна імкнёмся да таго, каб задачу можна было рашыць рознымі шляхамі”, — расказаў Валянцін Георгіевіч.

Асноўнай мовай алімпіяды з’яўляецца руская, але па жаданні ўдзельнікаў ім прапануюцца заданні (і затым — рашэнні да іх) на англійскай мове. Пры неабходнасці кіраўнікі каманд маюць магчымасць напярэдадні кожнага тура алімпіяды перакласці заданні на нацыянальную мову. Такой магчымасцю звычайна карыстаюцца ўсе.

***

Напярэдадні ўрачыстага закрыцця 52-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды ў прэс-цэнтры Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча кіраўнікоў каманд, прадстаўнікоў дыпламатычных місій, СМІ і арганізатараў алімпіяды. Тэма пашыранай сустрэчы — “Перспектывы развіцця школьных алімпіяд у кантэксце міжнароднага супрацоўніцтва”. Вітальныя словы ўдзельнікам сустрэчы і алімпіяды перадаў пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

Валерый Васільевіч Лунін увагу прысутных засяродзіў на гісторыі алімпіяды. У прыватнасці, ён адзначыў, што ў 2017 годзе ўпершыню на Мендзялееўскую алімпіяду прыехалі каманды з усіх 15 рэспублік былога СССР. Да алімпіяды рэгулярна далучаюцца новыя краіны. У гэтым годзе ўпершыню ўдзельнічаюць школьнікі з Харватыі. У наступным годзе да “мендзялееўкі” далучыцца Сербія і, магчыма, ЗША. Дарэчы, сёлета ў Мінску праходзіла самая масавая ў гісторыі Мендзялееўская алімпіяда.

Валерый Васільевіч звярнуў увагу на тое, што наступная “мендзялееўка” пройдзе ў Санкт-Пецярбургу і будзе прысвячацца 150-годдзю перыядычнай табліцы Мендзялеева. Як, зрэшты, і ўвесь 2019 год, які Арганізацыя Аб’яднаных Нацый назвала Годам перыядычнай табліцы хімічных элементаў. “У верасні ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца міжнародны з’езд па чыстай і прыкладной хіміі. У ім прымуць удзел хімічныя супольнасці з усіх краін свету, што вельмі важна для будучай цывілізацыі і нашага жыцця”, — адзначыў прафесар В.В.Лунін.

Сяргей Кімавіч Рахманаў расказаў пра дзейнасць верхняй палаты парламента, міжнародныя кантакты парламентарыяў, а таксама пра развіццё беларускай хімічнай галіны. У прыватнасці, наша прадпрыемства “Полацк-Шкловалакно” вырабляе самыя сучасныя палімерныя кампазіты для авіяцыйнай галіны.

Валянцін Георгіевіч Нянайдзенка паведаміў, што міжнароднае журы штогод рыхтуе 25 задач. Па ацэнках экспертаў, задачы Мендзялееўскай алімпіяды пераўзыходзяць задачы міжнароднай алімпіяды. У складзе міжнароднага журы “мендзялееўкі” працуюць прадстаўнікі Расіі, Украіны, Беларусі і Казахстана і, як заўважыў Валянцін Георгіевіч, актыўна супрацоўнічаюць вопытныя выкладчыкі і аспіранты са студэнтамі. Як справядліва заўважыў выканаўчы дырэктар Фонду Андрэя Мельнічэнкі Аляксандр Чарэднік, на алімпіядзе пануе атмасфера навукі, якую фонд імкнецца не толькі падтрымліваць, але і развіваць.

А атмасферу цікавасці да хіміі ў кожнай камандзе падтрымлівае яе кіраўнік. Прынамсі, кіраўнік каманды Харватыі — сам былы ўдзельнік Мендзялееўскай алімпіяды, што, канечне, вельмі дапамагло яму ў рабоце ментара . “Алімпіяда — гэта не толькі задачы”, — адзначыў ён. Гэта новыя сябры і кантакты, новыя гарады і краіны, уражанні і жыццёвы вопыт ментара. Дарэчы, камандзе Харватыі спатрэбіўся доктар. У выніку ў харвацкіх школьнікаў засталіся прыемныя ўражанні і ад беларускай медыцыны.

Салідарнасць са сваім харвацкім калегам выказала і кіраўнік каманды Эстоніі Таццяна Ярашэнка, настаўніца хіміі муніцыпальнай гімназіі Нарвы, якая на Мендзялееўскую алімпіяду прывозіць школьнікаў амаль 20 гадоў. “Алімпіяда карысная найперш тым, што становіцца пляцоўкай для новых знаёмстваў, з’яўляецца дадатковым матыватарам для развіцця цікавасці да хіміі, бо разам збіраюцца аднадумцы, дзеці, якія некалі выбралі хімію”, — заўважыла яна.

Па выніках сустрэчы быў прыняты мемарандум хімічнай адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *