Тыдзень на выбар: школьнікі спрабуюць сябе ў розных сферах і выбіраюць з іх самыя цікавыя для сябе

- 10:06Новости

Каб дзеці змаглі паспрабаваць сябе ў розных сферах і выбраць з іх самыя цікавыя для сябе, і разлічаны мерапрыемствы Рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сёлета ён праходзіць у краіне з 3 па 10 верасня, у ім задзейнічаны больш як 250 устаноў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Сярод мерапрыемстваў тыдня — дні адкрытых дзвярэй ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, канцэртныя, забаўляльна-пазнавальныя і фізкультурна-спартыўныя праграмы, выступленні творчых калектываў на выязных канцэртах і выставах, выставы дзіцячай творчасці па розных напрамках дзейнасці, рэкламныя кампаніі.

Насычаны бягучы тыдзень і для педагогаў. Так, калектыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі напярэдадні тыдня абазначыў педагагічныя арыенціры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі для калег з устаноў, намеціў актуальныя задачы развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў 2024/2025 навучальным годзе падчас рэспубліканскіх пасяджэнняў і нарад. На працягу тыдня тут дзейнічаюць выставы метадычных матэрыялаў да пачатку новага навучальнага года, сярод якіх — “Сучасныя аспекты развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: лепшыя педагагічныя практыкі”, “Выхоўваем грама­дзяніна і патрыёта: вопыт рэгіёнаў”. З 2 па 8 верасня тут праходзіць фестываль мастацтваў “АРТ-СТАРТ”. Намечаны і Рэспуб­ліканскі савет па пытаннях дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства для павышэння прафесійнай кампетэнцыі педагогаў дадатковай адукацыі адбыўся анлайн-семінар “Сучасныя патрабаванні да праграмы аб’яднанняў па інтарэсах як асноўнага дакумента педагога дадатковай адукацыі”. У сустрэчы прынялі ўдзел больш за 100 устаноў адукацыі з усіх абласцей Беларусі.

Акрамя таго, тут запланаваны анлайн- і афлайн-семінары і кансультацыі па пы­таннях арганізацыі і суправаджэння адукацыйнага працэ­су ў аб’яднаннях па інтарэ­сах эколага-біялагічнага і турыстычна-краязнаўчага профілю, экскурсійна-адукацыйныя праграмы, адукацыйныя майстар-класы, практыкумы і інш. У межах дня адкрытых дзвя­рэй тут разгорнуцца прэзентацыі аб’яднанняў па інтарэсах, работа️ інтэрактыўных адукацыйных пляцовак, займальныя майстар-класы і лабараторныя практыкумы, знаёмства з дзейнасцю дзіцячых навукова-эксперыментальных лабараторый па вывучэнні біяразнастайнасці, водных экасістэм, паветра, глебавых і прыродных рэсурсаў, жывёльнага свету, турыстычна-спартыўныя заняткі на свежым паветры: арыент-шоу і турыстычная сцежка.

У рамках Тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўсіх рэгіёнах краіны пройдзе мноства сацыяльна значных культурных мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё народных традыцый, выхаванне ў вучняў любові да Айчыны, а таксама на падтрымку іх творчых ініцыятыў.

Традыцыйна насычана праходзіць гэты тыдзень у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Тут не толькі дапамагаюць навучэнцам падабраць заняткі згодна з адметнасцямі тэмпераменту, але і запрашаюць паглыбіцца ў самыя розныя тэхнічныя кірункі, каб не памыліцца з выбарам. Напрыклад, тут пройдуць майстар-класы па інжынерным і графічным дызайне, стэрэафотаздымках, праграмаванні, 3D-мадэляванні, канструяванні, прататыпаванні і інш. Вызначыцца з кірункам дапаможа і навукова-пазнавальная пляцоўка АТОМ ТЕАМ, якую калектыў НДТ арганізуе 7 верасня ў батанічным садзе.

Адначасова з Тыднем устаноў дадатковай адукацыі праводзіцца рэспубліканскае комп­лекснае спартыўна-масавае мерапрыемства “Тыдзень спорту і здароўя”. Ва ўсіх жадаючых будзе магчымасць пагута­рыць са знакамітымі трэнерамі, чэмпіёнамі, паўдзельнічаць у інтэлектуальных конкурсах, майстар-класах і спартыўных спаборніцтвах. Насычаны ты­дзень будзе і спартыўнымі спаборніцтвамі. Напрыклад, на Віцебшчыне, у Пастаўскім раёне, пройдуць Адкрытыя абласныя спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні сярод дзіцяча-юнацкіх каманд, прысвечаныя памяці П.М.Машэрава. Запланаваны і Рэспубліканскі савет дырэктараў устаноў фізічнага выхавання.

Падвядзенне вынікаў Тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адбудзецца 10 верасня ў Баранавічах Брэсцкай вобласці.

 Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара