Тыдзень памяці героя

На працягу многіх гадоў асаблівая ўвага ў брэсцкай сярэдняй школе № 14 імя Я.М. Фаміна ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню вучняў. Актыўная грамадзянская пазіцыя фарміруецца праз усведамленне вучнямі ўключанасці ў грамадскае жыццё школы, горада. Штогод у нас праходзіць тыдзень памяці палкавога камісара Я.М. Фаміна, аднаго з арганізатараў абароны Брэсцкай крэпасці, чыё імя носіць школа.

Мэта правядзення такіх тыдняў — выхаванне павагі да слаўнага мінулага нашай краіны, фарміраванне пачуцця нацыянальнага гонару, грамадзянскасці і патрыятызму, пачуцця ўдзячнасці тым, хто пазбавіў чалавецтва ад жахаў фашызму. У гэтым навучальным годзе мы, як і заўсёды, правялі шмат цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў, якія знайшлі водгук у навучэнцаў розных узростаў. Так, напрыклад, для навучэнцаў 5—8 класаў члены БРПА арганізавалі лектарскія групы, якія правялі з дзецьмі гутаркі аб Я.М. Фаміне. Навучэнцы пачатковай школы падрыхтавалі выстаўка малюнкаў “Памяць у сэрцы маім”.

Асаблівую цікавасць у школьнікаў выклікала віктарына “У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу”. Навучэнцы захоплена адказвалі на пытанні пра гісторыю горада і абаронцаў Брэсцкай крэпасці, а ў школьнай бібліятэцы была арганізавана кніжная выстаўка “Чалавек з легенды”. На працягу тыдня ў фае школы дэманстраваліся відэаролікі навучэнцаў, прысвечаныя падзеям абароны Брэсцкай крэпасці і гісторыі горада.

Наша школа актыўна супрацоўнічае з Музеем абароны Брэсцкай крэпасці, работнікі якога правялі ўрок-лекцыю “Сямейны альбом. Памяці бацькоў…” для старшакласнікаў.

Адным з самых відовішчных мерапрыемстваў тыдня стаў адкрыты турнір па ваенна-спартыўным мнагабор’і, прысвечаны памяці Я.М. Фаміна. У турніры ўзялі ўдзел навучэнцы сямі навучальных устаноў Маскоўскага раёна г. Брэста. На мерапрыемстве прысутнічалі ганаровыя госці: дырэктар Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Г.Г. Бысюк, намеснік камандзіра 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, кавалер ордэна Мужнасці, ордэна Айчыны III ступені гвардыі палкоўнік С.М. Сухаў. Дапамогу ў правядзенні турніру аказаў дэпутат Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў дырэктар ТДА “Панда” А.В. Ласковіч.

Пераможцы спаборніцтваў былі ўзнагароджаны кубкамі і дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Маскоўскага раёна Брэста. З гонарам хочацца сказаць, што першае месца ў турніры заняла каманда навучэнцаў нашай школы.

Патрыятызм — адно з найбольш глыбокіх пачуццяў, замацаваных многімі пакаленнямі на працягу стагоддзяў і тысячагоддзяў. Навучэнцы і педагогі нашай школы беражліва захоўваюць памяць пра гераічнае мінулае нашай шматпакутнай зямлі. Мы яшчэ раз пераканаліся, што маладое пакаленне рупліва захоўвае памяць пра герояў, якія загінулі за свабоду і незалежнасць нашай краіны, а калектыў педагогаў школы шмат увагі ўдзяляе выхаванню ў вучняў патрыятызму і любові да Радзімы.

Таццяна САЦУК,
настаўнік гісторыі, кіраўнік ВМА настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства
сярэдняй школы № 14 імя Я.М. Фаміна Брэста.