Тыдзень пошукаў і адкрыццяў

- 17:04Нам пішуць

Як сцвярджае жыццё, малодшы школьны ўзрост самы спрыяльны для выхавання патрыятызму. А пачынаць усё трэба з роднага парога, з традыцый сваіх бацькоў, з цікавых мясцін і знакамітых людзей роднага горада. Менавіта таму ў нашай гімназіі № 6 г. Гродна мноства мерапрыемстваў у пачатковых класах прысвечана выхаванню цікавасці, любові і павагі да жыцця краіны.

Сёлета тыдзень пачатковых класаў у нашай установе праходзіў пад дэвізам “Мой родны кут, як ты мне мілы…”. Даследчыя ініцыятывы вучняў і настаўнікаў спрыялі стварэнню праекта “Мой родны горад Гродна”, які кульмінацыяй меў выставу “Цікавыя мясціны і знакамітыя людзі Гародні” і выданне брашуры “Мой родны горад Гродна”.

Больш актыўна пашыралі свае веды пра родны край настаўнікі, вучні і іх бацькі, вывучаючы культурныя і гістарычныя славутасці Беларусі. У выніку плённай працы атрымалася карта культурных і гістарычных славутасцей Рэспублікі Беларусь (маштаб 1:1500), на якой размешчаны фотаздымкі славутых мясцін нашага краю з кароткімі звесткамі аб гэтых помніках гісторыі.

Сумесная даследчая дзейнасць дарослых і дзяцей у час правядзення тыдня пачатковых класаў папоўніла скарбонку нагляднага дыдактычнага матэрыялу ўстановы літарамі беларускага алфавіта, упрыгожанымі сімваламі роднага краю, зборнікамі “Беларускія фразеялагізмы”, “Карагод беларускіх прыказак і прымавак”, “Задачы аб родным краі”, “Што гавораць лічбы пра Беларусь” , “Рэбусаград”. Вынікам пошукавай і творчай дзейнасці вучняў стала рукапісная кніга вершаў “Мая Гародня”, якая складалася з двух блокаў: “Паэты Гродзеншчыны аб родным краі”, “Юныя таленты гімназіі пра Гродна”. Матэрыял выкарыстоўваецца настаўнікамі ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці.

Былі арганізаваны выставы “З бабулінага куфэрка” і “Ад прадзедаў спакон вякоў…”, якія садзейнічалі пашырэнню слоўнікавага запасу вучняў па тэме “Адзенне і прадметы быту нашых продкаў” . Многія рэчы, прадстаўленыя на выставе, сталі экспанатамі музея “ Жывая гісторыя горада (мікрараён Дзевятоўка)”, створанага ў нашай гімназіі.

Усе мерапрыемствы, зладжаныя ў рамках тыдня пачатковых класаў, былі накіраваныя на тое, каб у нашых дзяцей з’явілася жаданне адчуваць сябе грамадзянінам Айчыны, пачуццё адказнасці за сваю будучыню, бо настаўнікі нашай гімназіі цвёрда ўпэўнены, што недастаткова толькі навучальных заняткаў, дзе набываюцца веды, — патрэбна сістэма вучэбнай дзейнасці і пазакласнай працы, заснаваная на супрацоўніцтве настаўнікаў, вучняў, бацькоў і грамадскіх арганізацый.

Вольга ГРЫГОР’ЕВА,
кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў гімназіі № 6 г. Гродна.