Тыдзень, прысвечаны роднай мове

- 11:05Нам пішуць

Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная, поўная наша мова! На кожны выпадак знойдзецца ў ёй і патрэбнае слова, і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі. Толькі гэтую мову мы можам назваць роднай, бо гэта мова нашай зямлі, нашых рэк, азёраў і лясоў. Але цяпер беларуская мова пакрыху забываецца, губляюцца адметныя словы, усё радзей чуеш яе на вуліцах…

Каб прывіць вучням цікавасць і любоў да роднай мовы, у Цяцерынскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Галоўнымі задачамі мерапрыемства было пашырэнне ведаў навучэнцаў і развіццё пазнавальнай цікавасці да прадмета.

У прадметным тыдні ўзялі ўдзел вучні нашай установы адукацыі. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Д.А.Ігнатковіч, Г.М.Болдзісава, настаўнікі пачатковых класаў А.У.Анадзенка, Л.У.Валіцкая, А.І.Добрая, Г.Б.Ляўковіч падрыхтавалі і правялі цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей. Гэта і віктарына знаўцаў беларускай мовы “Беларуская скарбонка”, вусныя часопісы “Я люблю Беларусь”, “Жыццё і творчасць Я. Маўра”; літаратурная сустрэча “Каралеўства мовы і літаратуры”, літаратурна-музычны перапынак “Мова — самы вялікі скарб народа”, завочнае падарожжа “Вандроўка па родным краі”, “Гадзіна крыжаванкі”. Сумесна з бібліятэкарам школы Г.М.Болдзісавай зладзілі выставу кніг, прысвечаную пісьменнікам-юбілярам. Выстава садзейнічала раскрыццю шматграннасці талентаў мастакоў беларускага слова.

Акрамя гэтага вучням прапаноўвалася паспрабаваць свае сілы ў конкурсах малюнкаў і плакатаў “О, любоў мая, Беларусь!”, конкурсе сачыненняў “Багата, родная ты мова, цябе стварыў і ўзнёс народ”, мэтай якіх ставілася развіццё эстэтычнага густу вучняў, выхаванне любові і павагі да роднага, беларускага.

Весялосць, добразычлівасць, атмасфера даверу панавалі ў школе. Падчас правядзення разнастайных конкурсаў гучалі вершы беларускіх пісьменнікаў, песні беларускіх кампазітараў. Мерапрыемствы праходзілі ў выглядзе спаборніцтваў. Каманды павінны былі прайсці шэраг выпрабаванняў, у якіх трэба выявіць свае веды па беларускай мове і літаратуры, адшукаць адказы на нестандартныя пытанні.

Вучні паказалі добрыя веды. Асабліва хочацца адзначыць юнакоў і дзяўчат, якія праявілі найбольшую актыўнасць падчас тыдня. Гэта Марыя Галубовіч, Валерыя Багатка, Дзяніс Глінскі, Максім Ганчароў, Марыя Клімава, Руслан Пархоменка, Яна Нашыванкіна, Кацярына Іванькова і іншыя.

Заключным акордам тыдня беларускай мовы і літаратуры стаў конкурс чытальнікаў “Хай жа песня ўсюды льецца, у сэрцы вашым адгукнецца”. Вучні школы з вялікім задавальненнем чыталі вершы Я.Янішчыц, М.Танка, А.Пысіна, К.Буйло, А.Куляшова, П.Труса, А.Разанава. Усе дэкламатары хацелі перадаць любоў кожнага з паэтаў да чароўнага, беларускага слова, расказаць, як любілі паэты тое месца, дзе нарадзіліся, як ганарацца сваёй Айчынай. Трэба адзначыць, што ўдзельнікі самі выбіралі вершы для дэкламацыі. Прысутныя змаглі ўбачыць, наколькі багатая і непаўторная беларуская паэзія.

Перакананы, што такія тыдні трэба праводзіць не толькі таму, што яны павучальныя, змястоўныя, цікавыя, а яшчэ і таму, што яны прывіваюць любоў да роднай мовы. І хочацца верыць, што тыя вучні, якія душой дакрануліся да багатай культурнай спадчыны беларускага народа, будуць імкнуцца, каб роднае слова гучала ў вяках.

Дзмітрый ІГНАТКОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Цяцерынскай дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна.