Тыдзень псіхалогіі

- 12:26Нам пішуць

Дзень пазітыву — лепшы пачатак тыдня. Выказванні пазітыўнага характару здымалі эмацыянальнае напружанне і стомленасць, падымалі настрой. Цікава прайшла акцыя “Віні Пух і ўсе-ўсе-ўсе”, у якой узялі ўдзел не толькі дзеці, але і настаўнікі. Інтрыга захоўвалася да наступнага дня, калі кожны змог паглядзець на сябе праз прызму характарыстык персанажаў мультфільма.

Адзін з дзён быў прысвечаны сяброўству і супрацоўніцтву. У жыцці важна мець надзейнага сябра і самому быць дастойным сябрам для кагосьці. Зносіны, агульныя таямніцы і сакрэты, узаемадапамога і выручка, падтрымка і ўзаемаразуменне, спрэчка і прымірэнне — тыя нямногія асаблівасці шматграннага сяброўства.

Падчас правядзення акцыі “Мой лепшы сябар” удзельнікі маглі выказаць словы падзякі таму, з кім сябруюць. А падчас акцыі “Давай сябраваць!” вучні мелі магчымасць прапанаваць сяброўства сваім аднагодкам.

Дзень колеру стварыў Вясёлку настрою школы. Добра, што ў вучняў нашай школы пераважае добры настрой.
Наша школа — краіна поспехаў і дасягненняў, сяброўства і супрацоўніцтва, выдатных вучняў і педагогаў!

Наталля САМАРДАК,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска.