Тыдзень турыстаў і краязнаўцаў

- 10:54Выхаванне

У канцы мая па традыцыі праводзіцца Рэспубліканскі тыдзень турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі. Паходы, экскурсіі, спаборніцтвы, семінары, майстар-­класы — усе гэтыя мерапрыемствы, якія сёлета праходзяць з 20 па 26 мая, накіраваны на актывізацыю турыстычна-­краязнаўчай і экскурсійнай дзейнасці сярод навучэнцаў, фарміраванне ў іх духоўных і маральных каштоўнасцей, грамадзянскасці і патрыятызму.

Нягледзячы на агульную мэту і тэматыку, мерапрыемствы тыдня кожны год маюць свае адметнасці. Сёлета яны ладзяцца пад знакам Года народнага адзінства. Таму асаблівую ўвагу варта звярнуць на ўдзел ва Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”. Гэта выдатны праект, які садзейнічае грамадзянска-­патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Ключавой датай з’яўляецца і 80-­годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У рамках тыдня рэкамендуецца арганізаваць патрыятычныя праекты, прымеркаваныя да юбілейнай даты. Заслугоўвае ўвагі і ўдзел у агульнанацыянальным праекце “Дзеці незалежнай Беларусі ветэранам і будучым пакаленням!”.

Удзел навучэнцаў у паходах, экскурсіях і экспедыцыях па малой ра­дзіме, работа ў архівах, музейных фондах, сустрэчы са сведкамі мінулага, безумоўна, аказваюць моцнае эмацыянальнае ўздзеянне. Дарэчы, па выніках рэспубліканскага конкурсу на лепшы пошукавы атрад у намінацыі “Пошук. Знаходкі. Адкрыцці” на чэрвень запланавана правядзенне рэспубліканскай канферэнцыі. Мерапрыемствы тыдня могуць стаць выдатнай магчымасцю для падрыхтоўкі да канферэнцыі. А яшчэ гэта добрая нагода падрыхтавацца да конкурсаў рэспуб­ліканскай акцыі “Я гэты край Ра­дзімаю заву”, сярод якіх “Радзіму праслаўляем — разам гуляем”, “Лепшая метадычная распрацоўка музейных заняткаў”, конкурс юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі.

Своеасаблівы старт тыдню будзе дадзены ў Барысаўскім раёне, дзе з 20 па 23 мая пройдуць рэспубліканскія спаборніцтвы па турысцка-­прык­ладным мнагабор’і ў тэхніцы пешаходнага турызму Рэспубліканскай спартакіяды сярод дзяцей і моладзі. Больш падрабязна з мерапрыемствамі тыдня і рэкамендацыямі па яго правядзенні можна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.