Тыдзень замежных моў

- 15:11Нам пішуць

Напрыканцы студзеня ва Уселюбскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе прайшоў тыдзень замежных моў. Пазакласная работа па вучэбным прадмеце “Замежная мова” заўсёды спрыяе развіццю ў вучняў камунікатыўных, вучэбна-пазнаваўчых кампетэнцый, а таксама кампетэнцый асобаснага развіцця.

Тыдзкеь быў спланаваны з улікам узроставых асаблівасцей вучняў, узроўню іх моўнай падрыхтоўкі і інтарэсаў. Пазакласныя мерапрыемствы — на англійскай і нямецкай мовах.

У рамках тыдня настаўнікі замежнай мовы Т.Я. Крылавец і Л.Б. Шапуцька арганізавалі выпуск насценных газет, аформілі стэнд, дзе размясцілі крыжаванкі, рэбусы, загадкі.

Упершыню педагогамі быў арганізаваны конкурс чытальнікаў “Я люблю замежную мову”. Вучні падабралі да конкурсу вершы знакамітых паэтаў: У.Шэкспіра, Р.Бёрнса, Д.Байрана і інш. Удзельнікі прадэманстравалі майстэрства выразнага чытання вершаў.

Цікавым аказаўся для вучняў старэйшых класаў конкурс перакладчыкаў школьнай газеты на англійскую і нямецкую мовы.

Усім вядома, што гульня павышае інтарэс дзяцей да вывучэння замежнай мовы, актывізуе жаданне палепшыць веды па прадмеце, пераадолець псіхалагічны бар’ер — страх. Такім чынам, тыдзень замежных моў закончыўся мерапрыемствам “Свая гульня”, дзе вучні змаглі паказаць веданне гісторыі, звычаяў, дзяржаўных сімвалаў краіны той мовы, што вывучаецца.

Педагогі замежных моў установы адзначаюць, што правядзенне пазакласных мерапрыемстваў па замежнай мове ў змястоўнай і цікавай форме стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця лінгвістычнай і сацыакультурнай кампетэнцыі, фарміравання асобасных якасцей вучняў.

Алена МАЛАШЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.