верагодна, не чыталі асноватворных дакументаў
Днямі ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Шматузроўневая прафесійная адукацыя”. Нягледзячы на заяўленую тэму, гаворка спецыялістаў звялася да Балонскага працэсу і механізмаў уваходжання сістэмы адукацыі нашай краіны ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі.
Як заўважыў прарэктар па вучэбнай рабоце і міжнародным супрацоўніцтве БНТУ, акадэмік НАН Беларусі, прафесар А.Р.Цыганаў, з уступленнем Беларусі ў Балонскі працэс айчынная сістэма вышэйшай адукацыі будзе састыкавана з еўрапейскай і ў гэтым ёсць несумненныя плюсы.
“Першы плюс палітычны, — адзначыў Аляксандр Рымавіч. — Дагэтуль Беларусь была адзінай краінай у Еўропе, якая не ўваходзіла ў Балонскі працэс. А зараз мы атрымалі магчымасць для гарманічнага ўваходжання ў Еўрапейскую сістэму вышэйшай адукацыі, што дасць новы імпульс для развіцця нашых універсітэтаў.
Справа ў тым, што ў айчыннай вышэйшай школе настаў момант, калі нам становіцца ўсё цяжэй прыцягваць на вучобу замежнікаў. Многія ўніверсітэты, каледжы, а таксама кампаніі Кітая, Індыі і іншых краін перасталі прызнаваць дыпломы магістра і РhD, калі ў выпускніка няма адпаведнага дыплома бакалаўра. І вельмі складана, а часта немагчыма растлумачыць ім сутнасць нашага дыплома спецыяліста. Таму другі плюс у тым, што цяпер нам будзе значна прасцей аказваць адукацыйныя паслугі. І нарэшце трэці плюс у тым, што мы зможам шырэй удзельнічаць у атрыманні грантаў з розных еўрапейскіх фондаў”.
Аляксандр Рымавіч таксама пракаменціраваў той факт, што многія, асабліва не разбіраючыся ў сутнасці Балонскага працэсу, ганяць яго і малююць нейкія неверагодныя рызыкі ад удзелу ў ім нашай краіны.
“Не будзем хаваць таго, што ў Беларусі ёсць праціўнікі Балонскага працэсу, якія расказваюць пра “балванізацыю” моладзі і г.д., — заўважыў акадэмік. — Але гэтыя людзі, верагодна, не чыталі асноўныя дакументы, на якіх грунтуецца Балонскі працэс. Бо ні ў адным з гэтых дакументаў няма жорсткіх дырэктыўных указанняў. Па сутнасці, Балонскі працэс — гэта своеасаблівая пляцоўка, дзе міністры адукацыі розных краін абменьваюцца сваім бачаннем развіцця вышэйшай адукацыі і выпрацоўваюць пэўныя падыходы. У далейшым некаторыя краіны іх прымаюць, некаторыя прымаюць часткова, а іншыя не прымаюць увогуле”.
А.Р.Цыганаў расказаў, што, напрыклад, такія краіны, як Таджыкістан, Узбекістан, Кыргызстан, хоць і з’яўляюцца членамі Балонскага працэсу, дагэтуль не перайшлі на шматузроўневую сістэму вышэйшай адукацыі. Даволі своеасаблівае бачанне Балонскага працэсу ў Германіі. “Таму асноўная задача Міністэрства адукацыі Беларусі, вышэйшай школы, навукова-педагагічнай грамадскасці — увайсці ў Балонскі працэс з найменшымі стратамі, узяўшы тое лепшае, што ёсць у нас, а таксама ў тых краінах, якія будуць служыць для нас узорам”, — заявіў Аляксандр Рымавіч.
Ён расказаў, што розныя краіны Еўропы паводзяць сябе ў Балонскім працэсе па-рознаму. Адны прымаюць і выконваюць усё, што рэкамендавана ў Балонскіх дакументах. Тыповы прыклад — гэта краіны Балтыі, якія адмовіліся ад кваліфікацыі “спецыяліст” і перайшлі да мадэлі “бакалаўр — магістр”, а ў сферы навукі — да РhD. Выпускнікоў савецкіх ВНУ там прыраўнавалі да магістраў, а дактароў і кандыдатаў навук — да РhD.
Другі падыход — гэта калі некаторыя рэкамендацыі прымаюцца, а некаторыя — не. Класічны прыклад — Германія, дзе для гуманітарных спецыяльнасцей увялі сістэму “бакалаўр — магістр”, у сферы навукі — РhD (не адмаўляючы, аднак, і постдактарантуру). А вось па інжынерных спецыяльнасцях прапаноўваецца тры ступені “бакалаўр — інжынер — магістр”.
“На мой погляд, такі падыход вельмі лагічны, — заўважыў акадэмік А.Р.Цыганаў, — бо ён не разбурыў тое, што было ў класічнай нямецкай інжынернай школе (а гэта найлепшы еўрапейскі вопыт). Мы лічым, што нам таксама не трэба нічога выдумваць, а прыняць такі ж падыход, як у немцаў”.
Начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Іванавіч Раманюк пагадзіўся, што ў Балонскай дэкларацыі можна знайсці любы прыклад для сваёй пазіцыі. “Там ёсць практычна ўсё, што вы можаце сабе ўявіць, — адзначыў ён, — таму нам трэба аналізаваць Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі і прымаць той вопыт, які найлепш падыходзіць да нашых рэалій”.
Сяргей Іванавіч нагадаў, што рух Беларусі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі пачаўся даволі даўно — па сутнасці, у 2007 годзе, з прыняцця Закона “Аб адукацыі”, а таксама Закона “Аб вышэйшай адукацыі”. Ужо тады прадугледжвалася двухузроўневая сістэма вышэйшай адукацыі “спецыялітэт — магістратура”. А ў 2011—2012 гадах была праведзена вялікая работа па скарачэнні тэрмінаў атрымання вышэйшай адукацыі, калі многія спецыяльнасці былі пераведзены на 4—4,5-гадовы тэрмін навучання. Усё гэта элементы Балонскага працэсу.
С.І.Раманюк расказаў, што найбольш актыўныя захады для ўваходжання ў Балонскі працэс Міністэрства адукацыі рабіла ў 2014 годзе, калі вырашаліся многія працэдурныя пытанні. Зараз вызначаны ключавыя задачы, якія стаяць перад сістэмай адукацыі Беларусі ў сувязі з уступленнем у Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Перш за ўсё гэта павышэнне якасці адукацыі. Другая задача — павышэнне канкурэнтаздольнасці вышэйшай адукацыі. І трэцяя — фарміраванне ўмоў для росту эканамічнай зацікаўленасці ўстаноў вышэйшай адукацыі.
“Першыя дзве задачы ўзаемазвязаныя, і іх вырашэнне з’яўляецца ўмовай для выжывання айчыннай сістэмы адукацыі ў новых рэаліях, — адзначыў Сяргей Іванавіч. — Адукацыйная прастора для грамадзян Беларусі істотна пашыраецца, а гэта павялічвае рызыку канкурэнцыі сярод універсітэтаў і прымушае іх прыкладаць дадатковыя намаганні нават для захавання status quo. Зрэшты, гэта тое, што мы ў любым выпадку павінны рабіць: і павышаць якасць адукацыі, і весці канкурэнтную барацьбу (незалежна ад таго, знаходзімся мы ў Балонскім працэсе ці не)”.
С.І.Раманюк адзначыў, што неабходна ўзмацняць практыка-арыентаваную падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй: “Гэта не толькі адказвае патрэбам эканомікі, але і павышае ацэнку нашай вышэйшай школы ў вачах абітурыентаў і іх бацькоў, надаючы ёй арэал сучаснасці, актуальнасці і навізны”.
У сувязі з гэтым Міністэрства адукацыі лічыць, што трэба больш актыўна прыцягваць арганізацыі — заказчыкі кадраў да фарміравання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў вышэйшай адукацыі, стварэння навукова-вытворчых комплексаў, а таксама прадастаўлення месцаў для студэнцкай практыкі.
“Сусветны вопыт паказвае, што якасць практычнай падрыхтоўкі кадраў залежыць ад зацікаўленасці арганізацый і прадпрыемстваў у супрацоўніцтве з універсітэтамі, — сказаў Сяргей Іванавіч. — У Германіі і ў іншых краінах у рамках сістэмы дуальнай адукацыі праводзіцца практычная падрыхтоўка студэнтаў, 80% кошту якой аплачваюць менавіта прадпрыемствы. За гэта прадпрыемствы маюць ільготы і падатковыя прэферэнцыі. Мы мяркуем, што элементы дуальнай адукацыі трэба абавязкова ўводзіць і ў нашу сістэму вышэйшай адукацыі”.
Удзельнікі канферэнцыі падтрымалі гэтую прапанову, аднак заўважылі, што не так проста прымусіць/заахвоціць прадпрыемствы ўдзельнічаць у падрыхтоўцы спецыялістаў. “Міністэрства прамысловасці ніколі не пойдзе на тое, каб дапамагаць Міністэрству адукацыі, бо апошняе служыць для Мінпрама сапраўднай палачкай-выручалачкай. Вось пытаюцца, напрыклад, правяраючыя на прадпрыемстве: “А чаму ў вас такая дрэнная прадукцыя?” — “А таму што ў нас дрэнна падрыхтаваныя спецыялісты!” Як толькі Мінпрам падключыцца да падрыхтоўкі спецыялістаў, яму не будзе на каго звальваць свае праблемы. А так крайнія мы, і ім выгадна заўсёды трымаць нас крайнімі”, — такое меркаванне выказаў дырэктар Рэспубліканскага інстытута інавацыйных тэхналогій БНТУ прафесар Уладзімір Лявонцьевіч Саламаха, і ўдзельнікі канферэнцыі яго падтрымалі.
Зрэшты, падказалі і выхад з гэтай сітуацыі. Прагучала прапанова на заканадаўчым узроўні замацаваць ступені прысутнасці кожнага боку ў працэсе падрыхтоўкі спецыялістаў і, адпаведна, ступені адказнасці.
Сяргей Іванавіч Раманюк расказаў, як будзе ўдасканальвацца навукова-метадычнае забеспячэнне вышэйшай школы — адукацыйныя стандарты, вучэбныя планы і праграмы. У выніку гэта павінна адбіцца і на практыкаарыентаванасці, і на якасці падрыхтоўкі, і на інтэграцыі сістэмы вышэйшай адукацыі ў Еўрапейскую прастору, і на ўмацаванні сувязей універсітэтаў з іншымі краінамі і ўніверсітэтамі і г.д.
“Дэталёвая рэгламентацыя зместу вышэйшай адукацыі, якая зафіксавана ў дзеючым Кодэксе аб адукацыі, а таксама ў адукацыйных стандартах, вучэбных планах і праграмах, стрымлівае развіццё нацыянальнай вышэйшай школы, бо абмяжоўвае аператыўнае абнаўленне, — прызнаў С.І.Раманюк. — Для ліквідацыі перашкод патрабуецца ўнясенне змяненняў у Кодэкс аб адукацыі і іншыя нарматыўныя прававыя акты, якія прадугледжваюць пашырэнне правоў і адказнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі”.
У прыватнасці, Міністэрства адукацыі прапаноўвае замяніць тыпавую вучэбна-праграмную дакументацыю на прыкладную, замяніць напрамкі спецыяльнасцей і спецыялізацый істотным пашырэннем (да 50%) універсітэцкага кампанента адукацыйнай праграмы. Мяркуецца, што гэта дазволіць фарміраваць у рамках адной і той жа спецыяльнасці так званую прафілізацыю.
“Мы ўводзім новы тэрмін — прафілізацыя, — звярнуў увагу прысутных Сяргей Іванавіч. — Тэрмін, які заменіць паняцці “напрамак спецыяльнасці” і “спецыялізацыя” і пры гэтым пакіне магчымасць больш поўна і аперытыўна рэагаваць на патрэбы прадпрыемстваў, студэнтаў і іх бацькоў. А галоўнае, ён пазбавіць універсітэты ад бюракратычных працэдур па ўзгадненні змен”.
На канферэнцыі таксама ішла размова пра неабходнасць павышэння іміджу айчыннай вышэйшай адукацыі ў еўрапейскай і сусветнай адукацыйнай прасторы. Увогуле, гэта адно з ключавых пытанняў, якое забяспечвае канкурэнтаздольнасць вышэйшай адукацыі. Для яго вырашэння Міністэрства адукацыі выносіць цэлы шэраг прапаноў.
“Нам разам з універсітэтамі неабходна распрацаваць інтэгральныя індыкатары развіцця нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі, узгодненыя з аналагічнымі індыкатарамі іншых краін. Вельмі важна зразумець асноўныя рэперныя кропкі, па якіх мы будзем параўноўваць сябе з іншымі”, — адзначыў С.І.Раманюк.
Акрамя таго, Міністэрству адукацыі належыць рэгламентаваць распрацоўку адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі па сістэме ўключанай адукацыі і падвойных дыпломаў. Гаворка ідзе пра модульны прынцып пабудовы адукацыйных праграм і распаўсюджанне еўрапейскай сістэмы пераводу і накаплення крэдытаў ( ECTS).
“Гэта неабходна было б рабіць, нават калі б мы не ўступілі ў Балонскі працэс, — заўважыў Сяргей Іванавіч, — бо мы дайшлі да таго, што ў нас нават перавод паміж універсітэтамі ўнутры краіны выклікае масу праблем”.
Адукацыйны стандарт С.І.Раманюк увогуле параўнаў са свяшчэннай каровай, якую нельга зрушыць з месца. “Па нарматывах стандарты можна мяняць раз у 5 гадоў, і яны становяцца сапраўдным тормазам у развіцці вышэйшай школы, — заўважыў Сяргей Іванавіч. — Гэтую сітуацыю трэба тэрмінова выпраўляць, пераходзіць на акрэдытацыю па модулях і на ўлік вучэбнай нагрузкі па сістэме крэдытаў. Мы гэты працэс пачалі, але ён патрабуе працягу і паглыблення. Гэта таксама адна з умоў канкурэнтаздольнасці нашых універсітэтаў”.
На канферэнцыі ішла размова і пра неабходнасць удасканалення шматузроўневай сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў, яе набліжэння да міжнароднай практыкі. У прыватнасці, патрабуецца ўвядзенне ў Кодэкс аб адукацыі норм, што рэгламентуюць рэалізацыю бакалаўрыята і магістратуры, а па найбольш складаных спецыяльнасцях — бесперапыннай адукацыйнай праграмы першай і другой адукацыйных ступеней вышэйшай адукацыі.
“Патрабуецца больш дакладнае і зразумелае вызначэнне статусу магістратуры, — адзначыў Сяргей Іванавіч. — Гэта пытанне важнае не толькі з пункту гледжання павышэння пазнавальнасці беларускай вышэйшай адукацыі ў свеце. Яшчэ большае значэнне яно мае зыходзячы ад патрэб айчыннай эканомікі. Таму мы прапаноўваем адмовіцца ад двух відаў магістратуры, бо на практыцы гэта прыводзіць да непатрэбнага дубліравання спецыяльнасцей і ўсёй вучэбна-праграмнай дакументацыі, і вызначыць, нарэшце, статус магістра на рынку працы”.
На жаль, гэтае пытанне знаходзіцца ў сферы ўплыву Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таму яго вырашэнне завісла на няпэўны тэрмін.
“Сёння ў кваліфікацыйных патрабаваннях да пасад спецыялістаў і служачых не ўлічваецца ступень магістра, а размеркаванне магістраў на работу ажыццяўляецца ў адпаведнасці з кваліфікацыяй, набытай імі на першай ступені вышэйшай адукацыі, — расказвае Сяргей Іванавіч. — Але гэта абсалютна ненармальная сітуацыя. Мы вядзём актыўную работу з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, але пакуль што нам удалося дабіцца прыняцця ўсяго аднаго дакумента ў гэтай частцы. У канцы 2012 года была выдадзена пастанова, згодна з якой наймальнікі пры наяўнасці ў работніка ступені магістра маюць права датэрмінова павышаць яму аклад і пераводзіць праз кваліфікацыйныя прыступкі, калі такія маюцца. Аднак гэтая норма не вырашае праблемы, і трэба ўсё ж такі вызначыць становішча на рынку працы і магістраў, і кандыдатаў, і дактароў навук”.
Сяргей Іванавіч паведаміў, што Міністэрства адукацыі ініцыіруе змяненні ў нарматыўныя прававыя акты, згодна з якімі вызначаюцца лічбы прыёму ў магістратуру за кошт сродкаў бюджэту. У прыватнасці, прапаноўваецца зняць наяўныя абмежаванні (7% ад выпуску першай ступені для навуковай магістратуры і 7% — для практыка-арыентаванай). Прапаноўваецца таксама распрацаваць крытэрыі для адкрыцця магістратуры ва ўстановах адукацыі: па меркаванні Міністэрства адукацыі, падрыхтоўка магістраў магчыма толькі там, дзе ёсць адпаведныя навуковыя школы і інавацыйныя распрацоўкі.
Плануецца таксама ўдасканальваць сістэму стыпендыяльнага забеспячэння студэнтаў. Гаворка ідзе пра тое, каб павысіць мінімальны сярэдні бал, які дае права на атрыманне стыпендыі. Пры гэтым вызваленыя сродкі накіраваць на павелічэнне дыферэнцыяцыі мінімальнага і максімальнага памераў стыпендыі.
“З нашага пункту гледжання, стыпендыя — гэта не толькі фінансавая падтрымка студэнтаў, а адзін з інструментаў, які ўплывае на якасць адукацыі, — заўважыў Сяргей Іванавіч. — Цяперашні мінімальны бал для атрымання стыпендыі — 5, але толькі поўны лайдак не атрымлівае гэтую пяцёрку. Стыпендыя ў такім выпадку страціла функцыю стымулу для развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі, і гэтую сітуацыю трэба выпраўляць”.
Значная ўвага на канферэнцыі была ўдзелена праблеме развіцця дыстанцыйных форм атрымання адукацыі (на гэтую тэму быў нават праведзены круглы стол). Усе ўдзельнікі пагадзіліся з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Кодэкс аб адукацыі, каб даць гэтай форме новае жыццё.
“Дыстанцыйная форма атрымання адукацыі прапісана ў нашым заканадаўстве, яна рэалізоўваецца ва ўніверсітэтах, але на практыцы гэта хутчэй узмоцненая з пункту гледжання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій завочная форма, — заўважыў Сяргей Іванавіч. — Аднак дыстанцыйная адукацыя павінна адрознівацца і ад дзённай, і ад завочнай формы тым, што мае на ўвазе мінімальнае знаходжанне студэнта ў сценах універсітэта. Сёння гэтая форма вельмі шырока распаўсюджваецца ў свеце. Напрыклад, у Гарвардскім універсітэце ёсць меркаванне, што той, хто адстане ў развіцці дыстанцыйных форм атрымання адукацыі, прайграе канкурэнтную барацьбу канчаткова і беспаваротна. Укараненне інтэрнэту ў свядомасць маладых людзей настолькі глабальная і шырокая з’ява, што дыстанцыйная форма адлюстроўвае іх унутраныя патрэбы. Нам трэба з гэтым лічыцца”.
“Мне вельмі падабаецца тое, што прапаноўвае Міністэрства адукацыі, — заўважыў загадчык кафедры “Бізнес-адміністраванне” БНТУ прафесар Андрэй Мікалаевіч Тур. — Любая сістэма, якая пачынае фарміравацца, падразумявае жорсткія стандарты, вучэбныя праграмы і г.д. Усё гэта трэба прайсці. І вось зараз мы стаім на новай прыступцы, тым больш што і Балонскі працэс падштурхоўвае нас да змен. Важна зрабіць сістэму больш празрыстай, больш рухомай і больш эфектыўнай. Пры гэтым неабходна ўлічваць усе сусветныя працэсы і тэндэнцыі найбліжэйшай перспектывы, ад якіх нам нікуды не дзецца. Хочам мы таго ці не, свет рухаецца ў бок глабалізацыі — гэта форма нашага далейшага існавання. А таму вельмі добра, што мы ўступілі ў Балонскі працэс”.
Андрэй Мікалаевіч звярнуў увагу на тое, што ўсе рашэнні павінны прымацца з улікам вельмі складанай дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.
“Нас, беларусаў, усяго 9 млн 341 тысяча (звесткі на 1 студзеня 2015 года), а для таго, каб нармальна жыць і развівацца, нас павінна быць утрая больш, — заявіў А.М.Тур. — У краіне 2,6 млн пенсіянераў і больш як 2 млн дзяцей, якіх трэба ўтрымліваць, выхоўваць і даваць адукацыю. Таму на нас, працуючых, кладзецца каласальная нагрузка. Але калі мы сёння будзем займацца толькі дэмаграфіяй, то нейкія значныя вынікі зможам атрымаць толькі гадоў праз пяцьдзясят. Вырашыць праблему нармальнага развіцця і прасоўвання наперад у гэтай сітуацыі можна двума шляхамі: або прыцягваць у краіну мігрантаў, або павышаць прадукцыйнасць працы. Шлях мадэрнізацыі, безумоўна, лепшы, але ён немагчымы без добрай адукацыі. Я лічу, што Балонскі працэс — гэта не толькі новыя адукацыйныя магчымасці, ён будзе падштурхоўваць нас да якасці і канкурэнтаздольнасці эканомікі”.
Дырэктар Рэспубліканскага інстытута інавацыйных тэхналогій БНТУ прафесар Уладзімір Лявонцьевіч Саламаха катэгарычна адхіліў распаўсюджанае меркаванне аб тым, што Балонскі працэс служыць вымыванню таленавітай моладзі.
“У нас даўно створаны такія ўмовы, што практычна любы студэнт, які паставіў на мэце паехаць вучыцца за мяжу, можа туды паехаць, — заўважыў прафесар. — Многія застаюцца там, але многія і вяртаюцца. І калі ў нашай краіне будуць адпаведныя ўмовы для работы і жыцця, то наша моладзь застанецца ў Беларусі”.
Галіна СІДАРОВІЧ.