Тыя, хто не жыве ў цені і выцягвае з яго іншых

Апошнія дні восені беларускім школьнікам запомніліся наведваннем майстар-класа “Майстэрства прэзентацыі”. Нехта з іх завітаў сюды асабіста, нехта сачыў за развіццём падзей праз анлайн-трансляцыю. Мерапрыемства прайшло ў межах другога этапу конкурсу Velcom YOUTH і сабрала больш за тысячу старшакласнікаў з усёй краіны.

Адметнасцю праекта стала тое, што ўся камунікацыя, пачынаючы ад падачы заяўкі і заканчваючы прэзентацыяй уласнага праекта, ажыццяўляецца на беларускай мове. Выбітным і незвычайным стаў і фармат правядзення сустрэчы: пабудова дыялогу з аўдыторыяй вялася па прынцыпе лекцый TED (спецыяльных канферэнцый, мэта якіх — распаўсюджваць унікальныя ідэі). Самымі актыўнымі ўдзельнікамі своеасаблівага ўрока сталі хлопцы і дзяўчаты з Ліцэя БДУ, школы № 44 Віцебска, а таксама школьнікі з Вілейкі, Жлобіна, Шчучына і Баранавіч.

“Вы шмат у чым разбіраецеся лепш, чым мы, пакаленне дарослых, — заўважыў галоўны тэхнічны дырэктар кампаніі Velcom Крысціян Лаке. — Таму мы просім вашай дапамогі і парад. Кірункі “Культура”, “Тэхналогіі” і “Інклюзія” — гэта будучыня. А будучыня — гэта, перш за ўсё, моладзь. Памятайце, што лідары — гэта тыя, хто не жыве ў цені, а выцягвае адтуль астатніх. Гэта тыя, хто не баіцца нечага не ведаць, і тыя, хто гатовы акунацца ў новае з галавой”.

Першым спікерам Velcom YOUTH, які выйшаў на сімвалічны чырвоны круг канферэнцыі TED, стаў спікінг-коўч TEDxMinsk, кіраўнік школы прамоўніцкага майстэрства, радыёвядучы Дзмітрый Смірноў. Дзякуючы прамоўцу, адны маладыя людзі засвоілі асновы правільнай пабудовы прэзентацыі і пазнаёміліся з яе структурай, другія — паспрабавалі свае здольнасці ў якасці пасрэдніка ў перадачы візуальнай інфармацыі з дапамогай апісання, а таксама папоўнілі свае скарбонкі новымі ідэямі. “Як адчувае сябе чалавек, які не спаў некалькі сутак запар? Як выглядае сусветная гісторыя, калі пра яе расказвае бульба?” — адказ на гэтыя і іншыя незвычайныя пытанні моладзь змагла атрымаць тут жа, не закідваючы сябе вялікай колькасцю спецыяльнай літаратуры.

Прэзентацыі бываюць розныя

Па словах Дзмітрыя Смірнова, прадстаўленне праектаў, з якімі выступаюць школьнікі, звычайна дзеліцца на дзве катэгорыі. Першая — “Мы крутыя і хочам прэзентаваць круты праект”, другая — “Мы тут хочам… Таго… Гэта… Можа, вам будзе цікава”. І ў адным, і ў другім выпадку прэзентацыя абмяжоўваецца зачытваннем сутнасці праекта з паперкі або збіваецца адразу ж пасля просьбы агучыць яе ідэю. Гэта, на думку спецыяліста, сведчыць пра нізкі ўзровень маўленчай камунікацыі школьнікаў і недастатковае разуменне таго, чым ідэя адрозніваецца ад тэмы.

Як адзначыў радыёвядучы, паспяховае выступленне залежыць ад таго, як чалавек гаворыць, што гаворыць, і як ён пры гэтым выглядае. Акрамя таго, кожны выступовец павінен дасканала прадумаць ідэю свайго праекта, пачатак і канец прэзентацыі, акрэсліць аргументы ў яе абарону і вызначыць, хто ўваходзіць у склад аўдыторыі, перад якой ён паўстане.

— Ідэя — гэта думка, якую людзі забяруць з сабой, — падкрэсліў Дзмітрый Смірноў. — Можна бясконца доўга расказваць пра вартасці канкрэтнага праекта, але калі ў прэзентацыі не прагучыць ідэя — лаканічная фраза, якая поўнасцю адлюстроўвае яго сэнс і запамінаецца, усе намаганні будуць дарэмнымі.

Спікер растлумачыў розніцу паміж тэмай і ідэяй, выкарыстоўваючы сучасныя тэхнічныя вынаходніцтвы. Ён прапанаваў прысутным лаканічна і крэатыўна прадставіць такія рэчы, як шчотка для мыцця падлогі на пульце кіравання, плот з люстраным пакрыццём, кававарку-будзільнік і пасадку дрэў вакол школы. Гэта выклікала ажыўленасць сярод падлеткаў, лес рук не прымусіў сябе чакаць. Варыянты “Прыбірай, гуляючы”, “Новая зона для сэлфі”, “Кава ў ложак, ці Не — халоднай падлолозе” і “Пасадзі сваю гісторыю” прыйшліся дарэчы да кожнага прыкладу адпаведна.

Прынцып “4С”

Менавіта такі падыход, па словах лектара, дапаможа якасна аформіць пачатак прадстаўлення любой ідэі. Назву прынцыпу складаюць першыя літары яго кампанентаў: “свайго” (асабістага вопыту прамоўцы), “скандалу” (канфлікту ці пэўных супярэчнасцей), “сенсацыі” і “смеху” (гумару ў дачыненні да праекта). Засвоіць гэты тэарэтычны блок падлеткам дапамог прыклад міні-пігаў. Улічваючы ўсе чатыры аспекты, юнакі і дзяўчаты прапанавалі свае прэзентацыі жывёлы ў якасці аналага катам, сабакам і … нават сігналізацыі!

На заметку пачаткоўцам

Калі нехта думаў, што самая аптымальная канцоўка прэзентацыі — гэта “Ну ўсё, неяк так”, яго жыццё не будзе ранейшым. У гэтым пункце павінны змяшчацца вывады. І калі прамоўца будзе выкарыстоўваць там фразы кшталту “глабальная праблема”, “гэта закранае кожнага”, “высокая якасць”, “індывідуальны падыход”, такому спічу адразу вынесуць смяротны прысуд.

Падводзячы вынікі, таксама вельмі важна не выкарыстоўваць словы, якія абагульняюць людзей у аўдыторыі: замест “многія” можна сказаць, “нехта”, замест “ён” ці “яна” выкарыстаць займеннік “я”.

Мова даклада павінна быць простай і даступнай для слухачоў. Напрыклад, перад моладдзю нельга выступаць з доўгімі мудрагелістымі зваротамі: аўдыторыя не зможа ўспрыняць інфармацыю належным чынам. А слайды прэзентацыі не трэба загрувашчваць пярэстасцю і разнастайнасцю шрыфтаў, вялікімі тэкстамі. Лепшы варыянт, па словах Дзмітрыя Смірнова, “адзін слайд — адна думка” з мінімумам знакаў.

На сустрэчу з вопытнымі спецыялістамі прыйшлі людзі з рознымі мэтамі: адны, каб папросту паслухаць спікера, другія ж, як Кацярына Жылінская і Настасся Шыракоўская, палепшыць, а пасля прадставіць перад публікай уласныя праекты.

Праект Кацярыны Жылінскай звязаны з адукацыяй. “Цэнтр актыўнага развіцця”, як называе яго сама аўтар, не будзе тычыцца школьных прадметаў, увага дзяўчыны накіравана на творчую рэалізацыю вучняў у межах школы. Асноўная мэта праекта — захаваць у школьнікаў жаданне да самаразвіцця, ініцыятыўнасці і ўдзелу ў актыўным жыцці ўстановы на працягу ўсяго перыяду навучання.

— Калі сустракаешся з былымі аднакласнікамі з сярэдняга звяна, часта можна сутыкнуцца з тым, што яны па нейкіх прычынах страчваюць свой запал. У адных знікае ахвота, другія не зацікаўлены ў банальных мерапрыемствах, якія штораз праходзяць аднолькава, а ў трэціх папросту адбілі ініцыятыву. Гэтыя праблемы хочацца вырашыць з дапамогай свайго “цэнтра”.

Настасся Шыракоўская з гімназіі № 30 Мінска збіраецца прадставіць пытанне інклюзіі дзяцей-аўтыстаў. На стварэнне праекта дзяўчыну натхніў дзесяцігадовы сын матулінай сяброўкі.

— Калі я прапаную іншым дзецям назваць нейкую жывёлу, магу з вялікай верагоднасцю прадбачыць, што яны ўзгадаюць ката ці сабаку. А ён на лісточку старанна і па ўсіх правілах выводзіць рыбу-меч, — дзеліцца Настасся. — Гэта гаворыць пра тое, што дзеці з аўтызмам валодаюць не меншымі здольнасцямі, чым іх аднагодкі без такога дыягназу. У іх ёсць вялізны патэнцыял, які проста неабходна заўважыць і належным чынам раскрыць.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства.