Тыя, хто верыць у жыццё

- 9:10Выбар прафесіі

Паступіўшы на жаданыя спецыяльнасці, гэтыя хлопцы і дзяўчаты стараюцца не толькі атрымаць веды, раскрыць свой творчы патэнцыял, але і імкнуцца нешта пакінуць пасля сябе. У розных універсітэтах і на розных спецыяльнасцях яны робяць агульную справу — дапамагаюць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Студэнты-валанцёры расказваюць пра выбар будучай прафесіі і валанцёрства як магчымасць мяняцца да лепшага.

У свеце ўсё магчыма

Настасся Бобніс — трэцякурсніца фізіка-тэхнічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У будучыні дзяўчына стане інжынерам-энергетыкам. Насця не любіць сядзець без справы і заўсёды знаходзіць час на тое, што любіць: сям’ю, сяброў, хобі, вучобу.

Настасся Бобніс (справа) падчас акцыі.

У школе ёй падабаліся фізіка і матэматыка, таму і будучую спецыяльнасць вырашыла выбіраць, абапіраючыся на цікавасць да прадметаў. Энергетыка прываблівала запатрабаванасцю — Насця вырашыла, што без яе немагчыма ўявіць жыццё сучаснага чалавека. Студэнтка жартуе, што ёй заўсёды было больш камфортна ў мужчынскім калектыве. І гэта таксама паўплывала на выбар, бо на яе факультэце хлопцаў значна больш, чым дзяўчат.

Першы час пасля паступлення прысутнічаў страх перад вучобай: пужала невядомасць, дзяўчына баялася адстаць ад аднагрупнікаў. Аднак асяроддзе, у якім яна апынулася, хутка развеяла ўсе страхі. Уяўленні пра навучанне спраўдзіліся, і Насця адчула смак вучобы. Першакурсніцы імпанавалі разуменне і клопат з боку аднакурснікаў, выкладчыкаў і студэнтаў-старшакурснікаў, таксама яна зразумела, наколькі шырока скіравана яе прафесія.

У каманду “Ты не адзін” яна прыйшла на першым курсе: час ад часу дапамагала ла­дзіць мера­прыемствы. Больш сур’ёзна валанцёрства замацавалася ў жыцці дзяўчыны, калі ёй прапанавалі ўзначаліць факультэцкую валанцёрскую арганізацыю.

Па словах Насці, яе каманда — “гэта 20 самых добразычлівых, таленавітых і разумных маладых людзей”. Яны на ўласным прыкладзе расказваюць пра здаровы лад жыцця, знаёмяць школьнікаў з універсітэтам, арганізоўваюць святочныя канцэрты, дні навукі, студэнцкія канферэнцыі і фестывалі. Таксама валанцёры дапамагаюць першакурснікам адаптавацца да новых умоў, курыруюць іх падчас падрыхтоўкі да капусніка. Зусім нядаўна каманда Настассі стала пераможцай конкурсу “Валанцёр года — 2020” у намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад”.

Дзяўчына гаворыць, што валанцёрскую дзейнасць і вучобу сумяшчаць няцяжка. Асабліва калі ёсць добры намеснік, зладжаны калектыў і матывацыя ў тым, што нехта мае ў табе патрэбу. Насця пераканана, што валанцёрства не заканчваецца разам з вучобай, паколькі дазваляе ўзаема­дзейнічаць з рознымі калектывамі, выхоўвае адказнасць і лідарскія якасці.

— Самае прыемнае — калі тое, што ты робіш, прыносіць карысць і добрыя эмоцыі. Напэўна, таму да валанцёрства павінна ляжаць душа, — падагульняе Настасся. — Разам з развіццём арганізацыі мяняемся мы. Напрыклад, я стала больш адказнай, цярплівай, міласэрнай. Я пераканалася, што ў свеце ўсё магчыма.

Валанцёрства у уменне глядзець светла

Ягор Кудакцін вучыцца на трэцім курсе філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (спецыяльнасць “Рамана-германская і англійская філалогія”).

Ягор Кудакцін.

Дзіцячыя мары хлопца былі звязаны са сцэнай. Але з часам яны трансфармаваліся ў жаданне працаваць з мовамі: паўплывалі школьныя заняткі па мовах і літаратурах. Па словах трэцякурсніка, спачатку ён хацеў падаваць дакументы ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Змяніць рашэнне пераканаў прыклад брата, які вучыўся ў БДУ, і размовы з яго сябрамі.

— У плане атмасферы, набыцця новых сяброў чаканні ад вучобы на філалагічным факультэце супалі з рэчаіснасцю. Але ў акадэмічных адносінах мая спецыяльнасць больш шырокая за падобныя спецыяльнасці ў іншых універсітэтах. У МДЛУ, напрыклад, выпускнікі такой спецыяльнасці маюць кваліфікацыю або педагога, або перакладчыка. А мы будзем мець трайную кваліфікацыю: “перакладчык, філолаг, педагог”, — гаворыць Ягор. — Калі чалавек хоча спецыялізавацца не толькі на мове, але і на літаратуры, яму адназначна варта разглядац­ь філфак. Тут ёсць у каго вучыцца: вялікая частка нашых выкладчыкаў мае вопыт выкладання ў замежных універсітэтах.

Цяга дапамагаць іншым прыйшла да хлопца не ў БДУ. Яшчэ ў школе Ягор разам з настаўнікамі і адна­класнікамі ўдзельнічаў у дабрачынных акцыя­х, арганізоўваў мерапрыемствы для пажылых лю­дзей. На першым курсе ён пазнаёміўся з валанцёрскай арганізацыяй філфака “С.Н.В.” (“Сообщество нормальных волшебников”).

— У дзень знаёмства з факультэтам сваю дзейнасць прадстаўлялі ўсе факультэцкія арганізацыі. Памятаю, як прадстаўнікі “С.Н.В.” гаварылі, што яны чараўнікі. Тады гэта “зачапіла”, падумалася, ці не занадта гучна сябе так пазіцыянаваць. Адразу ж захацелася пазнаёміцца з імі бліжэй, — успамінае трэцякурснік. — Усе арганізацыі расказвалі пра свае поспехі, гаварылі, як з імі здорава, а Саша (стваральніца арганізацыі і першы кіраўнік Аляксандра Таранчанка. — Заўвага аўтара.) проста выпраменьвала неверагодную энергію. Тады ж чамусьці вырашыў, што на 3-м курсе абавязкова буду кіраўніком арганізацыі. Але атрымалася, што стаў ім у канцы першага.

Зрэшты, гэта не было самамэтай для Ягора: студэнту хацелася захаваць традыцыі “С.Н.В.” і не страціць дух арганізацыі, які стварыла Саша Таранчанка.

Сярод яркіх ініцыятыў “чараўнікоў” — праект “Філфак — дзецям” (студэнты дапамагалі школьнікам “падцягнуць” веды ў якасці рэпетытараў), дабрачынныя стэндапы з удзелам беларускіх комікаў, спектаклі ў дзіцячых дамах, гасцявыя паездкі да людзей сталага ўзросту і іншыя акцыі. Новым праектам, які прапанаваў Ягор, сталі літаратурныя вечары “Знаходка”. Ідэя — сабраць тых, хто любіць вершы ці самастойна стварае літаратурныя творы, аб’яднаць моладзь, якая хоча быць пачутай. Першапачаткова назва праекта пахо­дзіла ад словазлучэння “на хаду” (бо часта вершы нара­джаюцца, калі чалавек заняты іншым). Але потым юнак зразумеў, што на вечары таксама можна знайсці новыя таленты. Ягор сам піша вершы, і ўсё, што хвалюе юнака, знахо­дзіць выхад у яго творчасці.

— Нават калі сам не паспяваеш нешта зрабіць, то знаходзяцца лю­дзі, якія дапамагаюц­ь. Гэта афіцыйна ў нас ёсць кіраўнік арганізацыі, намеснік, але звычайна мы ўсё робім камандай. І калі нешта добрае ад дзейнасці “С.Н.В.” застаецца ў душах тых, каму патрэбна наша дапамога, — не можа быць нічога больш радаснага. Калі смяюцца дзеці ці бабулі з дзядулямі, да якіх мы прыязджаем, становіцца цёпла. Напэўна, усе мы з “мудрагелінкай”, — дзеліцца Ягор Кудакцін. — Нешта знакавае ёсць для мяне ў дапамозе састарэлым лю­дзям. Можа, таму, што сам страціў  бабулю і дзядулю. Ніколі не забуду, як адна жанчына са складаным лёсам у свой 86 дзень нараджэння сказала нам: “Мы становімся старымі толькі тады, калі дазваляем сабе гэта. Трэба верыц­ь у жыццё”. Яе думку я нясу па жыцці. Валанцёрства — гэта не проста дапамога дзецям ці састарэлым людзям. Гэта тое, што цалкам мяняе чалавека і не заканчваецца ў часе. Ты займаешся гэтым не таму, што так добра, а таму што не можаш інакш, бо цябе нешта вя­дзе. Усё астатняе выбудоўваецца, як картачны домік, і ты ніколі не думаеш, колькі часу і сродкаў на гэта пойдзе.

Па словах хлопца, кожны валанцёр павінен асэнсаваць, як часам неабходна бывае чалавеку нечая дапамога. Часта яна вымяраецца не толькі  матэрыяльнымі рэчамі. Валанцёрства — гэта яшчэ і добрае слова, усмешка чалавеку, які крыху засумаваў ці нечым засмучаны. Ягор лічыць, што ў гэтай справе важна размяркоўваць сілы і не хапацца за ўсё адразу. Падыход “запаволена, але трывала” ён лічыць самым надзейным і правільным.

“Валанцёрства — гэта ўменне глядзець на людзей светла, дапамагаць усім і ўсюды. І пры гэтым быць кожную хвіліну самім сабой”, — перакананы галоўны “чараўнік” філфака.

Нешта большае, чым проста захапленне

Дзiяна Алейнікава вучыцца на факультэце інфакамунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (спецыяльнасц­ь “Ахова інфармацыі ў тэле­камунікацыях”). З захапленняў ёй блізкія літаратура, кіно і тэатр. Таксама другакурсніца не ўяўляе свайго жыцця без графічнага дызайну. Ёй падабаецца вучыцца і знаходзіцца ў пошуку новых ведаў.

Дзіяна Алейнікава.

Паступаць у БДУІР Дзіяна вырашыла пасля летніх курсаў па гейм-дызайне. Студэнтка гаворыць, што станоўчую ролю падчас уступнай кампаніі адыграла сістэма прыёму, якая дзейнічае ва ўніверсітэце (абітурыенты могуць указваць некалькі спецыяльнасцей у парадку прыярытэту).

— У прыярытэце я пазначыла гейм-дызайн, а ахову інфармацыі — на другім месцы. Але больш схілялася ўсё ж да апошняй спецыяльнасці. Ахова інфармацыі — перспектыўны напрамак, якi ахоплівае больш сфер, чым гейм-дызайн. Мы жывём у век інфармацыйных тэхналогій, якія робяць наша жыццё камфортным, хуткiм і адкрытым. Разам з гэтым адкрытасць інфармацыі робіць уразлівымі не толькі асобных людзей, але і буйныя карпарацыі, нават дзяржавы. Я вельмі хачу навучыцца агароджваць карыстальнікаў глабальнай сеткі ад ашуканцаў, забяспечваць ахову асабістай прасторы і канфідэнцыяльнасць інфармацыі, — дзеліцца дзяўчына.

З валанцёрскай групай Sporters студэнтка пазнаёмілася год назад, калі маладыя людзі ладзілі акцыю па зборы пластыкавых накрывак для перапрацоўкі. Стараста яе групы, які быў адным з арганізатараў, прапанаваў дзяўчыне прыдумаць і намаляваць стыкеры і постар для мерапрыемства. Дзіяна пагадзілася і стала часткай каманды. Цяпер яна не па чутках ведае, што валанцёр — гэта самаадданы, шчыры чалавек, які любіць людзей.

Sporters аб’ядноўвае спартыўных студэнтаў БДУІР, якія право­дзяць мерапрыемствы, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця і захаванне нацыянальнай культурнай спадчыны. Маладыя людзі арганізоўваюць тэматычныя велапрагулкі і забегі, прысвечаныя памятным датам і падзеям, дапамагаюць у правядзенні марафонаў, акцый, форумаў і самі прымаюць у іх удзел. Візуальным суправаджэннем такіх праектаў становяцца прыдуманыя Дзіянай постары, стыкеры, прэзентацыі і паштоўкі.

Другакурсніца пераканана: усё, што адбываецца з ёй, абавязкова адбываецца да лепшага. Яна стараецца кіравацца старым добрым прынцыпам: “Не рабі іншым таго, чаго не хочаш сабе”.

— Ад валанцёрскай дзейнасці я атрымліваю маральную разрадку. Праз яе рэалізую сваю патрэбу тварыць, — рэзюмуе Дзіяна. — Дзякуючы Sporters, развіваю ў сабе рысы і якасці, якія могуць стаць карыснымі і ў прафесійнай дзейнасці: напрыклад, тайм-менеджмент і камунікабельнасць. Тут я адкрыла для сябе валанцёрства і графічны дызайн як нешта большае, чым проста захапленні, і зразумела, што абавязкова пайду вучыцца ў магістратуру.

Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва герояў