У абдымках чатырох стыхій

- 12:38Культура

Гэтымі днямі Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў адзначае сваё 40-годдзе. Галоўным святочным мерапрыемствам абяцае стаць справаздачны канцэрт каледжа на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі 7 мая. А мне тым часам з нагоды юбілею захацелася прадоўжыць серыю творчых партрэтаў таленавітых выкладчыкаў, якія працуюць у гэтай установе адукацыі. Знаёмцеся: педагог па кераміцы Вольга Анатольеўна Сямашка. У каледжы мне прадставілі яе проста — наша Сонца. Убачыўшы яе, я адразу зразумеў усю дакладнасць гэтых слоў.

Нарадзілася Сонца ў Мінску ў сям’і простых людзей з вёскі. Сваіх бацькоў Вольга Анатольеўна лічыць вялікімі ўмельцамі: у хаце рабілі ўсё сваімі рукамі, бацька займаўся бортніцтвам, дрэва- і нават металаапрацоўкай, а яшчэ… усяляк падтрымліваў цягу да мастацтва сваёй дачкі, мог гадзінамі маляваць разам з ёй. “Яму было цікава сачыць за тым, як я сабе нешта крэмзаю, а заадно, мне здаецца, яму падабалася такім чынам развівацца і самому”. А калі маленькая дзяўчынка Оля пачала вучыцца ў дзіцячай мастацкай школе, то канчаткова зразумела, што будзе займацца толькі гэтым — жывапісам, малюнкам, кампазіцыяй…
Канкрэтна захапленне керамікай прыйшло да Вольгі падчас вучобы на факультэце народнай культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, дзе яна атрымала прафесію мастака-выкладчыка са спецыялізацыяй “Мастацкая апрацоўка керамікі і скуры”. Гады вучобы ў педуніверсітэце Вольга ўспамінае з асаблівай удзячнасцю і нават трапятаннем: “Сёння я выдатна разумею, наколькі мне пашанцавала з выкладчыкамі. Я трапіла на адмысловую хвалю, калі на наш факультэт прыйшоў працаваць выдатны мастак Георгій Лойка, потым падцягнуў да сябе сваіх сяброў. У мяне, напрыклад, выкладаў знакаміты кераміст Міхаіл Бяляеў, які ў свой час адкрываў кафедру керамікі ў акадэміі мастацтваў, і фактычна мы атрымлівалі нічым не горшую тую ж акадэмічную адукацыю”.
Пасля заканчэння ўніверсітэта працавала пэўны час мастаком на кінастудыі “Беларусьфільм”, а ў 2008 годзе, як яна кажа сама, дастаткова знянацку атрымала прапанову па-працаваць у Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, замяніць выкладчыка, які пераходзіў на іншае месца працы. “Я меркавала, што гэта будзе год ці два, а ўжо атрымалася сем, — гаворыць мая суразмоўца. — Я нават сама не чакала, што затрымаюся так надоўга. Але мне сапраўды вельмі цікава працаваць з дзецьмі. Тым больш што тут, у каледжы, я камфортна адчуваю сябе і як творца. Гэтая аўдыторыя, дзе мы з вамі цяпер знаходзімся, з’яўляецца адначасова і майстэрняй, дзе я маю магчымасць эксперыментаваць. Унізе, у падвале, ёсць печка для абпалаў і неабходныя запасы гліны. Такім чынам, тут усе ўмовы!”
Я слухаю Вольгу Анатольеўну, гляджу на яе, крохкую, быццам тая кераміка, і міжволі пытаюся пра тое, пра што са сваёй мужчынскай званіцы не запытаць не магу: “Як жа вы спраўляецеся з гэтым нялёгкім матэрыялам — глінай? Паклаўшы руку на сэрца, скажыце: кераміка жаночая справа?” Але ў адказ на гэтыя свае правакацыйныя пытанні атрымліваю дастаткова падрабязны экскурс у гісторыю “праблемы” і, так бы мовіць, яе сённяшні стан. “Ведаеце, як ні дзіўна, я зараз не стану з нейкім асаблівым імпэтам бараніць жаночыя правы, — разважае мая суразмоўца. — Я згодна: кераміка — гэта больш мужчынская спецыяльнасць з той простай прычыны, што тут патрэбна сіла, і каб займацца керамікай, неабходна выконваць вялікі аб’ём, скажам так, чарнавой работы. Фактычна з глінай не менш клопатаў, чым з металам: яе трэба падняць, перамясіць, зрабіць абпал, а гэта значыць, збудаваць печку, насячы дроў і г.д. Але пры ўсім пры гэтым дзіва дзіўнае! Напрыклад, у знакамітым Міжнародным пленэры па кераміцы “Арт-Жыжаль”, які праводзіць не менш знакаміты бабруйскі кераміст Валерый Калтыгін, з году ў год прымаюць удзел усё больш і больш жанчын. Мужчын ужо на гэтым пленэры менш, чым нас. І асабіста мне (дарэчы, я ездзіла на “Арт-Жыжаль” 4 апошнія гады, паеду і сёлета) не надта ад гэтага радасна — жанчына ўсё ж не павінна рабіць цяжкую мужчынскую справу… Але вось што яшчэ цікава ў гэтай сувязі! У вядомага гісторыка Барыса Рыбакова я прачытала пра старажытнаславянскія міфы, паводле якіх гаршкі ляпілі і распісвалі выключна жанчыны. І самым таемным, самым казачным саюзам быў саюз каваля і гаршчэчніцы! Лічылася, што яны былі ў змове з самім д’яблам”.
“А за што вы, Вольга Анатольеўна, асабіста любіце кераміку, гліну?” — пытаюся наўпрост. “Напэўна, любіць за што-небудзь канкрэтнае нельга, — адказвае майстар. — Проста я адчуваю, што гэта мой матэрыял. Ты з ім працуеш, ты яго разумееш, ты з ім штодня размаўляеш, быццам з жывым чалавекам. А я гляджу на дзяцей, у якіх выкладаю, і бачу, што для некаторых гліна таксама іх матэрыял, а для некаторых — не. У кагосьці гэта ідзе вельмі проста, а ў кагосьці — цяжка. І гэта, па вялікім рахунку, залежыць нават не ад саміх дзяцей, а ад гліны — наколькі яна табе адкрываецца, наколькі яна выбірае менавіта цябе. Справа яшчэ ў тым, што гліна аддае табе вельмі шмат. Ты ў яе ўкладваеш, укладваеш… А потым раптам прыходзіш да сяброў, бачыш у іх работы, якія ім дарыла гадоў пяць ці больш назад, бачыш, што яны карыстаюцца гэтымі талерачкамі. І вось тут адбываецца гэты цуд, калі ты разумееш: так, яна аддае!”
Я цікаўлюся, а з якой наогул ідэяй мая суразмоўца ўваходзіла ў беларускі мастацкі свет. Крыху падумаўшы, яна прыгадвае, што ў часы студэнцтва разам са сваімі сябрамі з так званага Студэнцкага этнаграфічнага таварыства вельмі цікавілася міфалогіяй, гісторыяй, этнаграфіяй. Тады ж пачала актыўна ездзіць у этнаграфічныя экспедыцыі па Беларусі. І аднойчы беларуская кераміка адкрылася ёй у зусім нечаканым сэнсе: вось яна такая сціплая, безабаронная, нельга, каб яна вымерла, яе трэба ўсвядомлена, мэтанакіравана захаваць. І па магчымасці спрабаваць распавядаць у сваёй творчасці пра Беларусь. З гэтымі словамі Вольга Анатольеўна паказвае на свае творы: “Юр’я”, “Поўні ў чоўнах”, “Нараджэнне Зямлі”… Тут жа бачу і вучнёўскія работы: падсвечнікі на калядную тэму, падлогавыя кашпо ў выглядзе дрэў, пано з матывамі беларускіх народных казак… Відавочна, паралельна з уласна керамікай мая гераіня выкладае навучэнцам і беларускую міфалогію.
Цяпер я даведваюся пра тое, што сёння група яе навучэнцаў, керамістаў-пачаткоцаў, зусім невялікая, усяго 6 чалавек. Столькі ж было і ў яе першым выпуску 2012 года. Вольга Анатольеўна з гордасцю адзначае, што адна дзяўчына з таго выпуску паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў і цяпер вучыцца там на 2 курсе. Астатнія 5 выпускнікоў таксама не згубіліся і не парвалі сувязі з мастацтвам: 4 дзяўчынкі вучацца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, 1 хлопец — у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце на архітэктара. Сярод сённяшніх сваіх навучэнцаў Вольга Анатольеўна таксама бачыць таленты. Дарэчы, адна дзяўчынка, Марыя Маслюк, штодня ездзіць у каледж ажно з Жодзіна, збіраецца паступаць на скульптуру ў акадэмію мастацтваў. “Я ўпэўнена, што з яе будзе толк, — амаль шэптам кажа выкладчыца, каб яе не пачула сама Марыя, якая толькі што прыйшла разам з аднакласнікамі ў майстэрню пасля заняткаў па агульнаадукацыйных прадметах. — А ўвогуле, вы ведаеце, я лічу, што не бывае дрэнных вучняў, як і не бывае дрэнных выкладчыкаў. Проста ёсць тыя, якія хочуць працаваць і вучыцца, якія гэтым гараць і зараджаюць іншых. А ёсць тыя, хто не хоча. І, на мой погляд, сённяшнім дзецям цяжэй, чым было нам у свой час. У нас усё ж такі было больш рамантыкі: калі ты збіраешся на той жа пленэр, не зразумела, з чаго складзеш там печку, калі ты будзеш “кайфаваць” толькі ад таго, што цэлы дзень лепіш і абпальваеш… А ў цяперашніх дзяцей больш спакус у выглядзе розных гаджэтаў, якія вельмі часта адцягваюць іх увагу ад нечага сапраўднага, галоўнага ў жыцці. І ад гэтага сапраўды робіцца іншым разам вельмі сумна. Асабліва сумна, што людзі перастаюць разумець адно аднаго. Яны размаўляюць, але не чуюць адно аднаго. І яшчэ, калі я ўжо загаварыла пра тое, што мяне хвалюе: людзі, дзеці сёння губляюць кантакт з прыродай, не чуюць яе, баяцца яе. Самае складанае для іх сёння — застацца сам-насам. Вось проста на пэўны час застацца без плэера, без тэлефона. Прыслухацца да прыроды, паслухаць самога сябе”.
Мы размаўляем з Вольгай Анатольеўнай ужо недзе з паўгадзіны, і толькі зараз я пачынаю з усёй выразнасцю ўсведамляць, што за гэты час яна не сказала ні слова па-руску. Асабліва востра адчуць гэта мне дапамаглі якраз дзеці, якія час ад часу пыталіся пра нешта ў яе таксама па-беларуску. Ну, хіба не цуд у наш час, у каледжы з асноўнай рускай мовай навучання?
З акна Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў адкрываецца дастаткова прыгожы вясновы краявід, здольны натхніць мастака на творчасць. Вольга Анатольеўна прызнаецца, што вось зараз я з ёй развітаюся, затым праз нейкі час разыдуцца дзеці (некаторых, як тую ж Марыю Маслюк, чакае няблізкі шлях дадому; у каледжа інтэрната няма). Яна заварыць сабе гарбаты, уключыць спакойную музыку і пачне ляпіць. Магчыма, ажно да 9 вечара, калі каледж закрыюць на ноч да наступнай раніцы.
Пра што яна будзе думаць, што будзе адчуваць, што будзе ўспамінаць, гладзячы цёплую ад дотыкаў гліну? З яе слоў: “Мне падаецца, што галоўнае ў жыцці — гэта знайсці свой шлях. Калі, напрыклад, перад табой стаіць мэта нарадзіць дзіця, трэба ісці да яе. Калі стаіць мэта стаць знакамітым мастаком, трэба ісці да яе. І калі ты вызначаешся з тым, чаго ты дакладна хочаш, і ідзеш гэтым сваім шляхам, тады ты спакойны і гарманічны…”
Напрыканцы толькі яшчэ адна маленькая гісторыя, якая здарылася з Вольгай Анатольеўнай некалькі гадоў назад, калі яна ўпершыню паехала на Міжнародны пленэр па кераміцы “Арт-Жыжаль”. Аднойчы ў пленэрны лагер прыехалі журналісты з Бабруйска (пленэр праходзіць недалёка ад гэтага горада), каб зрабіць адтуль рэпартаж. Вольга -Анатольеўна якраз праводзіла абпал. Журналісты пачалі распытваць у яе пра асаблівасці гэтай працы, наогул пра пленэр. І тая захоплена стала ім расказваць пра пленэрную рамантыку, пра чатыры стыхіі, пра гліну, якая аддае… А ў гэты час побач сядзеў кіраўнік пленэру Валерый Калтыгін і ўсё гэта чуў. Усё нешта незадаволена бубнеў. А потым, калі журналісты сышлі, падышоў да Вольгі Анатольеўны: “О-ё-ёй! Ну, што ж ты, рыжая дурніца, такое ім панарасказвала! Гэта ж такі складаны тэхналагічны працэс! А яны ж падумаюць, што тут усё так проста, суцэльная рамантыка! І напішуць так у сваёй газеце! І ўсе тады рынуцца займацца керамікай, думаючы, што гэта проста. А вось зараз адкажы мне, рыжая: табе тут проста гліну цягаць, печку будаваць, дровы сячы?”
Ёй няпроста, Валерый Аркадзьевіч. І вам няпроста. І ўсім па-сапраўднаму закаханым у чатыры стыхіі керамістам няпроста.
Тады Вольга Анатольеўна паабяцала Валерыю Калтыгіну, што ў гутарках з журналістамі больш не будзе гаварыць у сувязі з керамікай пра рамантыку.
Але мне ўсё-такі сказала.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.