У абноўленых карпусах і з пазітыўнымі летнімі ўражаннямі сустрэне навучальны год Сенненскі дзіцячы дом. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Намеснік дырэктара Яўгеній Кісялёў шчыра падзякаваў калектыву дзіцячага аздараўленчага лагера “Бароўка” Лепельскага раёна, які не першы год на самых вялікіх канікулах прымае юных сенненцаў. Неўзабаве адтуль вернуцца 68 дзяцей, змена завяршаецца ў канцы тыдня. Яшчэ 14 выхаванцаў адпачываюць у патранатных сем’ях, а 10 самых маленькіх гаспадароў дзіцячага дома ярка, карысна і цікава праводзяць лета з педагогамі па месцы пражывання. Сезоннае аздараўленне прайшлі практычна ўсе, у тым ліку 19 выпускнікоў, якія з 1 верасня сядуць за парты ўстаноў прафесійнай адукацыі. Двое хлопцаў захацелі летам атрымаць працоўны вопыт, і ім пайшлі насустрач. Месцам працаўладкавання яны выбралі дзіцячы аздараўленчы лагер “Шанс” на Магілёўшчыне. Там засталіся задаволенымі гэтымі стараннымі, ветлівымі і адказнымі памочнікамі на кухні. Адзін з гэтых выпускнікоў — ужо студэнт ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай, другі выбраў для пачатку прафесійнай траекторыі каледж. Дарэчы, на базе дзіцячага дома летам быў арганізаваны 9-дзённы аздараўленчы лагер для дзяцей Сенненскага раёна, уключаючы навучэнцаў, якія знаходзяцца на розных формах уліку.
— На сёння амаль гатовы да 1 верасня ўнутраныя памяшканні ў асноўным будынку і спальным корпусе, — паведаміў Яўгеній Іванавіч. — Работы выконвалі пераважна ўласнымі сіламі, па меры неабходнасці недзе праводзілі касметычны, а недзе больш істотны рамонт. Напрыклад, амаль на 90 працэнтаў аднавілі падлогу. На працягу года адрамантавалі два спальныя памяшканні і тры бытавыя, дзе захоўваюцца рэчы дзяцей. Цяпер завяршаем рамонт яшчэ ў двух спальных памяшканнях.
Працуем паслядоўна, якасна, з разлікам на працяглае выкарыстанне і з прымяненнем сучасных аддзелачных матэрыялаў, каб палепшыць побытавы камфорт і пры гэтым стварыць бяспечныя ўмовы пражывання выхаванцаў. Сур’ёзную падтрымку нам аказаў Банк развіцця Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы гэтай дапамозе завяршаем тэрмарэнавацыю фасада асноўнага будынка і заказалі новую прамысловую пральна-адціскальную машыну — яна нам вельмі патрэбна. Не менш прыемныя і неабходныя змяненні адбываюцца ў актавай зале, дзе ў нас будзе новая прыгожая рассоўная заслона на сцэне, якраз ідуць тэхнічныя работы. Прыемным сюрпрызам стане і новая сучасная гукавая апаратура — гэта значная падмога музычнаму кіраўніку Ірыне Іллюшэнка, педагогам і выхаванцам у арганізацыі мерапрыемстваў, развіцці музычнай і тэатральнай творчасці.
Дагледжанасцю і дэталёва прадуманым дызайнам радуе вока тэрыторыя дзіцячага дома. Тут пануе духмяная, рознакаляровая жнівеньская раскоша — плён фантазіі і працы дарослых і маленькіх гаспадароў. Кветкі вырашчаны сваімі рукамі пад кіраўніцтвам ініцыятыўнай групы педагогаў на чале з дырэктарам Ганнай Броўкай і сацыяльным педагогам Таццянай Кісялёвай. Зараз гэтае багацце ззяе-пераліваецца ўсімі адценнямі вясёлкі на шматлікіх клумбах і элементах вертыкальнага азелянення, якія зноў жа спраектавалі педагогі, а ўвасобіў іх ідэі ў жыццё рабочы па рамонце Станіслаў Хадыка. Між іншым па добрай традыцыі ўвосень у дзіцячым доме робяць агляд замацаваных за групамі кветнікаў, па выніках якога дзеці і выхавальнікі атрымліваюць прызы за сваю працу. Крыху зводдаль вецер даносіць незвычайна прывабную хвалю водараў!
— Гэта адзін з нашых праектаў, які другі год рэалізуюць выхавальніцы Ірына Івашка і Таццяна Вакар разам з юнымі памочнікамі, — патлумачыў Яўгеній Кісялёў, праводзячы экскурсію па тэрыторыі. — У калекцыі сабраны дзікарослыя і дэкаратыўныя араматычныя расліны з салодка-мядовымі, прыемна-гаркавымі, іглічна-хваёвымі водарамі. Удзельнікі праекта эксперыментуюць са спалучэннямі водараў, ствараючы вытанчаныя аўтарскія кампазіцыі, вывучаюць карысныя ўласцівасці раслін, іх спалучальнасць, умовы вырошчвання. Адведзены пад праект куточак выглядае цудоўна: тут і невялічкае ўзвышша, і міні-вадаём, і малыя архітэктурныя формы. Прадугледжана таксама тэматычная зона — сёлета яе прысвяцілі 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара