У адной ментальнасці з калектывам

Наша сённяшняя суразмоўніца з’яўляецца прадстаўніком сучаснай плеяды дырэктараў школ. Але яна арганічна спалучае традыцыі з інавацыямі, што дазваляе ёй не проста паспяхова кіраваць калектывам, але і натхняць яго на новыя перамогі. Пра адукацыйна-выхаваўчыя магчымасці сваёй школы, шляхі яднання калектыву і перспектывы яго развіцця расказвае Ірына Анатольеўна Дзяўдзера, дырэктар сярэдняй школы № 215 Мінска, член Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі Беларускага педагагічнага таварыства, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.

— Ірына Анатольеўна, давайце знаёміцца. Сярэдняя школа № 215 Мінска — гэта …
— Навучальная ўстанова, якая пачала адлік свайго існавання ў 1993 годзе. І адкрывалася яна як школа з фізкультурна-аздараўленчым ухілам. Быў перыяд, калі на кафедры фізічнага выхавання працавалі 20 педагогаў, а ў школе да паслуг навучэнцаў было прадастаўлена 9 спартыўных залаў. Затым, як вы ведаеце, ухілы былі адменены, але мы пастараліся захаваць нашы здабыткі і працягнуць традыцыі. На сённяшні дзень у нас функцыянуе 7 спартыўных залаў, на кафедры працуюць 10 настаўнікаў фізічнага выхавання. Мы вельмі ганарымся нашым кадравым складам. Усе педагогі з’яўляюцца майстрамі спорту і знакамітымі спартсменамі. У нас, напрыклад, працуюць чэмпіён СССР па бодзі-білдынгу Сяргей Гаўрыловіч, чэмпіён Еўропы і прызёр чэмпіянату свету па каратэ Яўген Шаўлохаў. Узначальвае кафедру майстар спорту і чэмпіёнка ў складзе баскетбольнага клуба “Гарызонт” Святлана Макрыцкая.
Усе яны працуюць з нашымі дзецьмі ў інтэнсіўным рэжыме. У нас дзейнічае два спартыўныя класы, вельмі многа секцый, факультатыўных заняткаў, спартыўных аб’яднанняў па інтарэсах. Вельмі моцная каманда дзяўчат па баскетболе, хлопцаў — па валейболе. Абедзве каманды станавіліся чэмпіёнамі рэспублікі ў сваёй узроставай групе.
Акрамя таго, працуе шмат платных груп, у якіх займаюцца і дзеці з суседніх школ, і бацькі. Запатрабаванымі з’яўляюцца валейбол, баскетбол, каратэ, пастаянна запоўнена зала бодзібілдынга, папулярныя аэробіка, пілатэс, ёга. Здаровы лад жыцця заўсёды модны. А мы, апрача ўсяго, знаходзімся на ўскрайку сталіцы, таму нашы паслугі з’яўляюцца важнымі і запатрабаванымі для насельніцтва ўсяго мікрараёна Малінаўка.
З кастрычніка 2013 года наша школа з’яўляецца філіялам кафедры медыка-біялагічных асноў фізічнага выхавання факультэта фізвыхавання БДПУ імя Максіма Танка. На базе школы даўно праводзіліся семінарскія заняткі для студэнтаў і слухачоў, але новы статус дазваляе нашым настаўнікам больш дэталёва падыходзіць да работы са студэнтамі. У прыватнасці, яны будуць курыраваць іх курсавыя і дыпломныя работы. Будзе весціся сумесная даследчая работа.
У нас абсталяваны адзіны ў рэспубліцы кабінет біялагічнай зваротнай сувязі, дзе стаіць спецыяльны апаратны комплекс з праграмным забеспячэннем на 12 камп’ютарах. Тут 12 дзяцей адначасова могуць вучыцца дыяфрагмальнаму дыханню (гэта адзін з відаў нетрадыцыйных методык для аздараўлення дзяцей спецыяльных медыцынскіх груп). Выкладчыкаў універсітэта, зразумела, цікавіць практычны аспект нашай дзейнасці.
Але наша школа не захоплена толькі фізкультурай і спортам. У прыярытэце — вучэбная работа. Бацькамі запатрабавана якасць адукацыі. Для іх важна, каб дзіця мела высокі ўзровень інтэлекту, каб яно мела магчымасць атрымаць тую прафесію, пра якую марыць. Фізкультура і здароўе выступаюць у ролі спадарожнікаў адукацыі, якую, зрэшты, без добрага здароўя і не атрымаеш.
Зразумела і тое, што добрыя веды даюцца добрымі педагогамі, таму галоўным нашым рэсурсам з’яўляецца кадравы склад. Больш за 70 працэнтаў настаўнікаў маю ць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Многія працуюць з першага дня функцыянавання школы. І вынікі нашай адукацыйнай дзейнасці заслугоўваюць павагі. Напрыклад, у мінулым 2012/2013 навучальным годзе нашы навучэнцы на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах занялі 8 прызавых месцаў. У 2013/2014 навучальным годзе ў нас было 7 прызавых месцаў, што для звычайнай школы спальнага раёна вельмі добры вынік. Акрамя таго, штогод нашы вучні атрымліваюць прэміі Мінгарвыканкама. На рахунку ўжо 7 такіх прэмій.
У нас ёсць клас фізіка-матэматычнага напрамку. Іх можна было адкрываць з мінулага года, і мы адразу яго адрадзілі, бо некалі ў нашай школе ўжо былі і фізіка-матэматычныя класы, і філалагічныя. Пайсці на такое аднаўленне дазволіў моцны кадравы склад. Дзесяцікласнікі перайшлі ўжо ў адзінаццаты клас. Пакуль мы аналізуем іх вучобу, вынікі дадуць падставы планаваць развіццё гэтага напрамку далей. Цяпер жа можна канстатаваць, што за год існавання вучні фізіка-матэматычнага класа паказалі нядрэнныя вынікі на інтэрнэт-алімпіядах і ў інтэлектуальных конкурсах.
Акрамя таго, у нас ёсць класы МНС. Яны створаны сумеснымі намаганнямі нашай школы і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Цяпер гэты раённы аддзел узначальвае Мікалай Уладзіміравіч Казачок, а калі мы адкрывалі ў 2005 годзе класы, ён выкладаў нашым дзецям. Ён і цяпер захаваў да гэтага кірунку трапяткія адносіны. Дзеці, якія вучацца ў МНС-класах, на павышаным узроўні вывучаюць фізіку, матэматыку і спецыяльную дысцыпліну “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”. І тыя, хто за 4 гады навучання (з 8 па 11 клас) добра засвоіў гэтую дысцыпліну, атрымліваюць сертыфікат, які дазваляе з 18 гадоў працаваць пажарным-ратавальнікам без службы ў арміі. І многія гэтым карыстаюцца, ідучы вучыцца завочна. Дарэчы, тры гады такой работы прыраўноўваюцца да службы ў арміі. Вось такая альтэрнатыва.

— За вучэбны працэс і перспектывы вашых выпускнікоў можна не хвалявацца. А што адбываецца ў выхаваўчай прасторы, якая з’яўляецца неад’емным спадарожнікам навучання?
— Выхаванню мы ўдзяляем асаблівую ўвагу. Дзеці ў нас звычайныя, раён спальны (разам з тым узровень паступлення нашых выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы звыш 70 працэнтаў). Але сёння школа ацэньваецца не толькі па арганізацыі вучэбнага працэсу. Важным, а недзе нават і вызначальным фактарам для бацькоў з’яўляецца магчымасць наведваць іх дзецьмі пазаўрочныя заняткі. І ў нас даволі шырокая сетка гурткоў, дадатковых заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў. У нашай школе самая вялікая ў раёне “пярвічка” БРСМ. Нас пастаянна ставяць у прыклад, і мы ўвесь час дзелімся вопытам. Акрамя таго, у нас выдатны этнаграфічны музей і моцны танцавальны калектыў “Калібры”, які, нягледзячы на малады ўзрост (існуе 3 гады), паспеў заявіць пра сябе на міжнародным узроўні. Выступаў ён і падчас чэмпіянату свету па хакеі.
За апошнія 8 гадоў у нас не зафіксавана ні аднаго факта правапарушэнняў, што таксама пра многае гаворыць. Мы праводзім шмат мерапрыемстваў з дзецьмі, тэматычныя бацькоўскія сходы, накіраваныя на прафілактыку ўжывання наркотыкаў, у тым ліку і спайсаў.

— Пад вашым кіраўніцтвам працуе вялікі калектыў — 120 педагогаў. У школе вучыцца каля 800 дзяцей, за якімі стаіць даволі спажывальная ў адносінах да навучальнай установы бацькоўская грамадскаць. Пытанне традыцыйнае, але заўсёды актуальнае: з чаго складаецца канцэпцыя вашага дырэктарства?
— Дырэктар школы — пасада функцыянальная і ўніверсальная. Але самае галоўнае — дырэктар у сучасных умовах павінен быць вельмі мабільным і мудрым. Магчыма, гучыць пафасна, але чалавечая мудрасць вельмі дапамагае кіраваць. Пэўным талентам ад нараджэння валодае кожны. Яго толькі трэба развіваць і відазмяняць. Мне як кіраўніку вельмі дапамагло навучанне ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Практычнаму вопыту патрэбны акадэмічны складнік, які я якраз і атрымала ў акадэміі. Дырэктару патрэбны веды і па нарматыўнай базе, і па псіхалогіі, і ўвогуле ў галіне сацыяльных патрэб грамадства.
Вялікую ролю ва ўменні кіраваць калектывам адыграла тое, што ў гэтай школе я працавала практычна ўсё сваё жыццё. У гэтым годзе споўнілася 20 гадоў з таго моманту, калі я пераступіла парог гэтай навучальнай установы. Пачынала настаўніцай геаграфіі, затым была старшынёй прафсаюзнага камітэта, потым — намеснікам дырэктра, апошнія дзесяць гадоў працую дырэктарам. Я ведаю характар, ментальнасць свайго калектыву і ўзбагачаюся яго шматгадовымі традыцыямі. Калі стала дырэктарам, мне не спатрэбілася (ды і нельга было) нічога ламаць. І калі хацела нешта змяніць (а гэтага як маладому кіраўніку мне, канечне, хацелася), то старалася рабіць гэта далікатна, без прымусу. Мы з калегамі ўключыліся ў конкурсны рух. Спачатку ўдзельнічалі і перамаглі ў гарадскім конкурсе па арганізацыі здаровага ладу жыцця, пасля зноў-такі паспяхова дэманстравалі на ўзроўні горада сваю шматвектарную сістэму ідэалагічнай работы. І гэтыя перамогі надалі мне ўпэўненасці як пачынаючаму кіраўніку, бо я, канечне ж, хвалявалася, як мяне ўспрымуць мае калегі на новай пасадзе.
А сітуацыі ў кіраўніцкай дзейнасці могуць быць самыя розныя. Нельга ўвесь час быць дэмакратычным. Іншым разам неабходны і дыктатарскія метады. І тут вельмі важна, што людзі цябе разумеюць і прымаюць. Магчыма, мне дапамагае і мой характар блізнят. Я хутка прыстасоўваюся да сітуацыі і мяняю жыццёвы тэмп на неабходны ў гэты момант. Разам з тым стараюся выкарыстоўваць патэнцыял кожнага члена калектыву. Тут, канечне, трэба прыглядацца да ўсіх, але калі схільнасці выявіць, то з такім настаўнікам, як гаворыцца, можна горы звярнуць.
Мне вельмі дапамагаюць намеснікі. І калі прызначаю новага (тры мае намеснікі ўжо сталі дырэктарамі), то заўсёды гавару: “Калі мы хочам у нечым дасягнуць вынікаў, то неабходна выкарыстоўваць асабістыя зацікаўленасці кожнага педагога, іх захапленні. Напрыклад, у нас ёсць настаўніца, якая вельмі любіць творчую работу (яна філолаг ад Бога, піша не толькі сцэнарыі, але і вершы), і трэба даць ёй магчымасць рэалізоўвацца ў любімай справе. Ёсць педагог, які любіць наведваць розныя мерапрыемствы — музей, хакей, выставы, — выдатна. Але яна не любіць займацца тымі ж сцэнарыямі. Значыць, трэба даць ёй магчымасць наведваць музеі, тэатры і г.д. А трэба будзе сцэнарый, звернемся да таго, у каго ляжыць да гэтага душа. І так з усімі. Нельга чалавека ламаць, рабіць яму заўвагі і вымовы.
А каб не было канфліктаў і незадаволенасці, вельмі важна знаходзіцца ў кантакце з настаўнікамі. І калі я не паспяваю, то працуюць мае намеснікі. Іх у мяне пяць, і яны выдатна спраўляюцца, бо здольны не проста паставіць задачы і пракантраляваць іх выкананне, але і адчуць настрой калектыву ў цэлым і кожнага яго члена ў прыватнасці. Калі зваротная сувязь устаноўлена, то людзі будуць адгукацца.
Вельмі важным скаднікам паспяховага кіравання з’яўляецца адкрытасць інфармацыі. Меры фінансавага стымулявання абавязкова павінны быць празрыстымі. У нас кожны ведае, каму і за што ўстаноўлены персанальныя надбаўкі. У нас вельмі многа кірункаў работы, за якую педагогам даплачваецца. Напрыклад, біёлаг дадатковыя грошы атрымлівае за азеляненне школы і тэрыторыі, інфарматык — за суправаджэнне сайта школы, настаўнік пачатковых класаў — за вядзенне грамадзянскай абароны і г.д. Акрамя таго, ёсць разавыя прэміі за перамогі дзяцей на конкурсах, алімпіядах, прычым пратаколы з колькаснымі паказчыкамі такой прэміі даступны кожнаму. Наша прэміяльная камісія яшчэ нікога не забыла адзначыць.
Мы ў абавязковым парадку па выніках кожнай чвэрці адзначаем на педсаветах персанальны ўклад кожнага настаўніка ў тое ці іншае мерапрыемства. Добрае слова іншым разам больш каштоўнае, чым прэмія. На аловак бярэцца ўсё да дробязей. Кожны член калектыву павінен ганарыцца сваёй дзейнасцю, а мы — ствараць умовы для праяўлення гэтага гонару.

— Ірына Анатольеўна, апошнім часам шмат наракаюць на работу маладых спецыялістаў. Як да гэтай праблемы ставіцеся вы?
— У нашым калектыве маладыя спецыялісты працуюць на кафедры замежнай мовы. Маладое пакаленне больш складанае. І гэта не таму, што яны дрэнныя ці недавучаныя. Яны проста крыху іншыя. Шмат чаго ім даводзіцца тлумачыць, прычым рабіць гэта цярпліва. Вопытным настаўнікам такія рэчы здаюцца банальнымі, зразумелымі, а маладым — незразумелымі. Гэта тычыцца і знешняга выгляду педагога, і дысцыпліны ў класе, і манеры зносін з навучэнцамі. Маладыя спецыялісты валодаюць добрымі акадэмічнымі ведамі, а вось наладжваць адносіны з дзецьмі — гэта для іх праблема. У нас сур’ёзныя патрабаванні да школьнай формы. Гэта ўжо традыцыя, якая складвалася на працягу 20 гадоў. І калі малады настаўнік прыходзіць у джынсах, то ён кампраметуе нашу традыцыю. Таму тлумачальныя гутаркі на гэтую тэму вядзём пастаянна.
А яшчэ гаворым пра субардынацыю, без якой немагчыма наладзіць дысцыпліну ў класе. Канечне, у педагогіцы прыходзіць не ўсё і не адразу. Трэба ўвесь час працаваць над сабой. Адзіная сістэма патрабаванняў і кантролю неабходна кожнаму настаўніку. Гэтак жа, як і цікавыя і разнастайныя ўрокі. Сёння дзеці куды лепш успрымаюць інфармацыю візуальна, таму інтэрактыў вітаецца, але ён не павінен стаць панацэяй. Неабходны баланс паміж традыцыяй і інавацыяй. І гэтаму мы таксама вучым маладых настанікаў.
І, зразумела, маладым трэба вучыцца кантактаваць з бацькамі. Сучасныя бацькі вельмі патрабавальныя. Здараецца, і вопытным настаўнікам даводзіцца няпроста. Мы практыкуем цеснае супрацоўніцтва з бацькамі і вельмі сур’ёзна ставімся да дысцыплінарных правіл школы, бо нясём адказнасць за здароўе кожнага вучня. Магчыма, можа падацца, што правілы ў нас строгія, але яны забяспечваюць парадак не толькі на перапынках, але і падчас урокаў. Напрыклад, у нас катэгарычна нельга спазняцца на заняткі, каб не парушаць правы кожнага на атрыманне ведаў. Гэта патрабуе тлумачальна-адукацыйнай работы з бацькамі, асабліва пачатковых класаў, але яна прыносіць плён. Бацькі становяцца нашымі саюзнікамі.
Школа — гэта механізм, які патрабуе зладжанасці ад усіх — настаўнікаў, вучняў, бацькоў, таму мы імкнёмся забяспечыць цеснае ўзаемадзеянне паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

— Ірына Анатольеўна, вялікі дзякуй за размову.

 

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.