У адной плыні

Неверагодная энергія і жыццёвая сіла, вялікі жыццёвы і педагагічны вопыт, непаўторны шлях асобаснага і прафесійнага росту, творчасць і натхненне, дабрыня, спагадлівасць і аснова асноў — усёпаглынальная любоў да сваёй працы, да сваіх выхаванцаў. І гэта ўсё пра яе, Маргарыту Іосіфаўну ГАЛІСЕНКАВУ.

Ужо ў дзяцінстве яна гуляла ў школу: саджала лялек у рад, рабіла з чамадана дошку і… вучыла! Прафесія настаўніка ўжо тады здавалася дзяўчынцы самай важнай і патрэбнай. У старшых класах школы яе прыцягвалі ўрокі літаратуры, матэматыкі, мастацтва. Каб гарманічна сумясціць усе гэтыя сферы, вырашыла паступаць у МДПІ імя А.М.Горкага на факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання з дадатковай спецыяльнасцю “Музыка”. Шлях у адукацыі быў разнастайным: работа ў мінскіх школе-новабудоўлі № 174, гімназіях № 7 і № 36, дзе прайшла ўсе прыступкі свайго кар’ернага росту — ад настаўніка-прадметніка і класнага кіраўніка да намесніка ды­рэктара па вучэбна-метадычнай работе. З верасня 2017 года М.І.Галісенкава працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа.

Для Маргарыты Іосіфаўны самым каштоўным з’яўляецца задавальненне ад самога выканання пастаўленых задач, якія ўсе 30 гадоў яе педагагічнай працы застаюцца нязменнымі і скіраваны ў адну плынь — навучанне і выхаванне маладога пакалення.Такія людзі, як яна, валодаюць так званай унутранай матывацыяй. Радасць стварэння, творчасці, наватарства надае ёй сілы, прыводзіць на новы віток дзейнасці. І гэта абсалютна апраўдана. “Калі не творча, то навошта!” — гэтыя словы сталі лейтматывам яе працы, і ў гэтым уся Маргарыта Іосіфаўна.

Яна кіраўнік рэспубліканскіх праектаў: педагагічныя чытанні (з міжнародным удзелам) “Сярэдняя спецыяльная адукацыя: традыцыі і інавацыі”, педагагічныя чытанні для навучэнцаў педагагічных спецыяльнасцей “Спадчына беларускай педагогiкi: ад Ефрасiннi Полацкай да сучаснасцi”.

Работа педагога заўсёды дае шанс вучыцца новаму і дазваляе развівацца асобасна і прафесійна. Таму ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства — частка шляху Маргарыты Іосіфаўны: асабістая перамога на гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2016” у намінацыі “Лідар адукацыі” з’яўляецца сведчаннем высокага прафесіяналізму і кампетэнтнасці педагога. Таксама пры падтрымцы Маргарыты Іосіфаўны яе калегі станавіліся пераможцамі і лаўрэатамі шматлікіх конкурсаў і фестываляў. У 2019 годзе пад кіраўніцтвам М.І.Галісенкавай падрыхтаваны пяць пераможцаў гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” і пераможца гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Настаўнік” сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Выклікаюць асаблівую павагу перамогі ў міжнародных конкурсах “Педагагічныя праекты”, “Профі педагог”, “Метадычныя распрацоўкі педагогаў”, “Прафесійныя кампетэнцыі педагагічных работнікаў”. Радуюць высокія вынікі ўдзелу ў міжнародных навукова-практычных канферэнцыях і семінарах, анлайн-алімпіядзе “Асновы педагагічнага майстэрства і развіццё прафесійнай кампетэнтнасці”, гарадской выставе-конкурсе навукова-метадычных матэрыялаў і педагагічнага вопыту і г.д.

Маргарыта Іосіфаўна каардынуе мерапрыемствы гарадскіх вучэбна-метадычных аб’яднанняў для выкладчыкаў вучэбных дысцыплін агульнаадукацыйнага кампанента. Гэтая работа дазваляе праявіць ёй моцныя бакі, дае ёй магчымасць штодня займацца тым, што яна робіць лепш за ўсё — вучыць і вучыцца!

Маргарыта Іосіфаўна — педагог, які дорыць сваім паплечнікам унікальныя ідэі, дзеліцца сваім вопытам і выкарыстоўвае свой педагагічны талент на карысць усім. Энтузіяст, чалавек захоплены, яна робіць любімую справу самай высокай якасці і атрымлівае задавальненне!

Перамогі і дасягненні Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа звязаны з Маргарытай Іосіфаўнай Галісенкавай, імя якой ужо ўпісана ў гісторыю сталічнай адукацыі. Сёння яе навучэнцы ствараюць гісторыю краіны і стануць прадаўжальнікамі добрых і слаўных традыцый сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.