У адносінах краін няма і не будзе праблем

- 11:10Інфармацыйная гадзіна

Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам на палях пасяджэння ў Сочы.

“Я чакаў гэтай сустрэчы. Нам сапраўды варта пагаварыць. Наўрад ці мы канцэптуальна паспеем на кароткай назе абмеркаваць усе праблемы, якія ў свеце існуюць, вакол нас. Не думаю, што ў нашых адносінах ёсць ці будуць нейкія праблемы”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў гатоўнасць падрабязна расказаць новаму прэм’еру Арменіі пра развіццё адносін паміж дзвюма краінамі, дзейнасць Еўразійскага эканамічнага саюза. “Вельмі важна, каб вы ад мяне пачулі тое, што тычыцца Беларусі і нашага стаўлення да брацкага армянскага народа і вашай дзяржавы. Таму гэта вельмі важная сустрэча, — заявіў беларускі лідар. — Наогул, вы малайцы. Вы вельмі дастойна і правільна выйшлі з гэтай сітуацыі, вы гэта самі ўжо адчулі. Мы рады за вас”.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што нядаўна абмяркоўваў з Прэзідэнтам Арменіі развіццё сітуацыі ў Ерэване. Было прынята рашэнне накіраваць туды беларускіх журналістаў для аб’ектыўнага асвятлення падзей. “Я вельмі ўдзячны і яму, і вам, і вашым людзям. Нашы журналісты сустракаліся з прадстаўнікамі вашага штаба і атрымалі аб’ектыўную карціну”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён яшчэ раз павіншаваў Нікола Пашыняна з выбраннем прэм’ер-міністрам Арменіі і пажадаў поспехаў на гэтай пасадзе. “На нас вы можаце разлічваць, як і раней. Наша палітыка ў адносінах да вельмі блізкага нам армянскага народа ніколі не зменіцца. Гэта я вам абяцаю. Яна будзе такой жа канструктыўнай, дружалюбнай”, — запэўніў прэзідэнт.

У сваю чаргу на сустрэчы Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян адзначыў: “Апошні год тавараабарот паміж Беларуссю і Арменіяй узрос, гэта вельмі ўражвае. Але, шчыра кажучы, тут ёсць вельмі шмат нявыкарыстанага патэнцыялу. Мы павінны працаваць над гэтым. У Арменіі ёсць вельмі шмат цікавага для беларускага бізнесу. Думаю, гэтак жа і ў Беларусі”.

Ён перакананы, што адносіны паміж дзвюма краінамі заўсёды будуць на высокім узроўні незалежна ад таго, хто будзе займаць высокія дзяржаўныя пасады.

Прэм’ер-міністр таксама выказаў удзячнасць за работу беларускіх журналістаў у Ерэване, іх аб’ектыўную падачу інфармацыі. “Гэта, шчыра кажучы, было вельмі прыемна”, — дадаў ён.