У адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі

Аб дзейнасці Дэпартамента кантролю якасці адукацыі галіновага міністэрства, перспектывах яго развіцця на найбліжэйшы час нашай газеце расказвае яго дырэктар М.У.МІРОНЧЫК.

— Міхаіл Уладзіміравіч, нядаўна ў Міністэрстве адукацыі адбылося афіцыйнае падпісанне пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця, якое прадугледжвае выдаткаванне пазыкі на мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі нашай краіны. Якім чынам падпісаны дакумент закранае вашу структуру?

— У адпаведнасці з гэтым пагадненнем, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця ў наступныя 5 гадоў выдзеліць Беларусі пазыку на развіццё і ўдасканаленне вышэйшай адукацыі. Выдаткаваныя сродкі будуць накіраваны на стварэнне і мадэрнізацыю сучаснага вучэбна-адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах вышэйшай адукацыі, укараненне інавацыйных падыходаў, найноўшых тэхналогій навучання і выкладання, а таксама на пашырэнне новаўвядзенняў у кіраўніцкай дзейнасці і забеспячэнне якасці адукацыі. Рэалізацыя кірункаў гэтага праекта дазволіць сфарміраваць у нашых універсітэтах інтэграванае інавацыйнае асяроддзе, якое забяспе­чыць падрыхтоўку канкурэнтаздольных высокакваліфікаваных спецыялістаў, а таксама арганізаваць навучанне па шэрагу перспектыўных спецыяльнасцей, у тым ліку такіх як “Біяінжынерыя”, “Нанахімія”, “Сінтэтычная і сістэмная біялогія” і шэраг іншых сучасных, інавацыйных спецыяльнасцей.

Акрамя таго, гэты праект дазволіць развіваць сеткавую форму ўзаемадзеяння, паспрыяе павышэнню экспарту адукацыйных паслуг. Важна і тое, што інфраструктура, якую плануецца стварыць, у значнай меры будзе спрыяць рэалізацыі канцэпцыі “Універсітэт 3.0”, правядзенню новых міждысцыплінарных навукаёмістых распрацовак, іх камерцыялізацыі, стварэнню на базе ўстаноў адукацыі вышэйшага ўзроўню інавацыйных кампаній, якія могуць быць зарэгістраваны  ў якасці рэзідэнтаў тэхнапаркаў.

Што тычыцца нашай сферы, то ў рамках праекта бу­дзе створана Нацыянальнае агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі на ўсіх узроўнях адукацыі.

— Наколькі наша айчынная сістэма кантролю якасці адукацыі адпавядае сусветным стандартам?

— Па сутнасці, у Рэспубліцы Беларусь створана і функцыянуе сістэма забеспячэння якасці адукацыі, якая ў асноўным адпавядае прынцыпам еўрапейскіх стандартаў для акрэдытацыйных агенцтваў. З мэтай далейшага ўдасканалення гэтага напрамку дзейнасці сёння актыўна вядзецца работа па стварэнні Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі, уключаючы дашкольную, агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую і дадатковую адукацыю дарослых у частцы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Гэты напрамак, як ужо адзначалася, знайшоў адлюстраванне ў рэалізацыі інвестыцыйнага праекта “Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь” і ў рабоце над праектам Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ліцэнзаванні” ў той частцы дакумента, якая закранае адукацыйную дзейнасць.

Працягваецца распрацоўка структуры нацыянальнага агенцтва, якое будзе забяспечваць функцыянаванне сістэмы адукацыі ў частцы забеспячэння якасці адукацыі па ўсіх узроўнях адукацыі, яго зместавае напаўненне як самастойнай юрыдычнай асобы ў арганізацыйна-прававой форме ўстановы з унутранай арганізацыйнай структурай, якая адпавядае стандартам ESG-2015, метадалагічным суправаджэнні забеспячэння якасці адукацыі.

Калі разглядаць развіццё гэтага кірунку на прыкладзе вышэйшай школы, то тут прадугледжаны наступныя крокі: распрацоўка інструментарыю для забеспячэння якасці вышэйшай адукацыі, у тым ліку навукова-метадычнага забеспячэння; умацаванне экспертнага патэнцыялу па пытаннях правядзення ацэнкі якасці адукацыі; вывучэнне перадавога міжнароднага вопыту, непасрэдна механізмаў пабудовы ацэнкі якасці адукацыі і выкарыстання вынікаў ацэнкі для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, распрацоўка нарматыўнай прававой базы функцыянавання сістэмы знешняга забеспячэння якасці вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці са стандартамі і кіраўніцкімі ўказаннямі па забеспячэнні якасці ў ЕПВО (ESG-2015); аказанне дапамогі ўстановам вышэйшай адукацыі ў распрацоўцы і ўкараненні сістэмы ўнутранага забеспячэння якасці вышэйшай адукацыі, якая адпавядае ESG-2015; навучанне супрацоўнікаў устаноў вышэйшай школы, адказных за забеспячэнне ўнутранай якасці вышэйшай адукацыі, з прыцягненнем знешніх экспертаў па распрацоўцы і функцыянаванні сістэмы забеспячэння якасці; падтрымка прафесійнай акрэдытацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі ў агенцтвах замежных краін з мэтай забеспячэння канкурэнтаздольнасці устаноў вышэйшай школы.

Хачу падкрэсліць, што толькі тая дзейнасць, якая арганізавана сумесна з установамі вышэйшай адукацыі, дазволіць стварыць у адпаведныя тэрміны нацыянальнае агенцтва і максімальна эфектыўна забяспечваць кантроль якасці адукацыі.

 — Міхаіл Уладзіміравіч, напэўна, галоўнай умовай поспеху ў гэтай дзейнасці з’яўляецца ўнутранае забеспячэнне якасці адукацыі самой навучальнай установай.

— Абсалютна дакладна. Ад таго, наколькі добрасумленна кіраўніцтва ўстановы адукацыі выкарыстоўвае самааналіз у якасці інструмента ўнутранага аўдыту, у многім залежыць поспех установы адукацыі як у арганізацыі адукацыйнага працэсу, так і ў ажыццяўленні працэдуры акрэдытацыі. Менавіта на этапе самакантролю, які ўключае самаправерку і самаацэнку адукацыйнай дзейнасці, неабходна ўдзяляць максімальную ўвагу выяўленню і ліквідацыі недахопаў у арганізацыі адукацыйнага працэсу, не даводзячы іх выяўленне непасрэдна да працэсу праходжання дзяржаўнай працэдуры.

Падкрэслю, што асновай дзейнасці нашых устаноў адукацыі з’яўляецца абавязковае забеспячэнне якасці адукацыі. Кантроль за гэтым працэсам павінен быць комплексным і распаўсюджвацца на ўсе складнікі адукацыйнага працэсу. Самаправерка і самаацэнка адукацыйнай дзейнасці сёння ажыццяўляюцца ўсімі ўстановамі адукацыі і арганізацыямі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы, незалежна ад форм уласнасці, ведамаснай прыналежнасці. Самакантроль праводзіцца ў парадку і з перыядычнасцю, якiя вызначаюцца кіраўніком установы адукацыі. Такім чынам, адказнасць за якасць адукацыі ляжыць, у першую чаргу, непасрэдна на самой установе адукацыі.

— Якія асноўныя напрамкі дзейнасці навучальнай уста­новы падлягаюць самакантролю?

— Калі зноў жа браць для прыкладу сістэму прафесійнай адукацыі, то звярну ўвагу на тое, што гэтая сістэма сёння прадстаўлена шматузроўневымі, шматпрофільнымі ўстановамі адукацыі, аб’яднанымі ў шэрагу выпадкаў у сучасныя вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы, якія рэалізуюць шырокі спектр адукацыйных праграм. Прасоўванне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, трансфармацыя сістэмы вышэйшай адукацыі, яе лічбавізацыя і інтэграцыйныя працэсы ў сваю чаргу патрабуюць далейшага ўдасканалення працэдур ажыццяўлення кантрольнай функцыі. Таму сёння запатрабаваны разнастайныя падыходы да забеспячэння якасці адукацыі, укараненне інавацыйных метадаў самааналізу, аналізу і ацэнкі адукацыйнай дзейнасці, уключаючы таксама электронныя і дыстанцыйныя формы. Такім чынам, сярод асноўных напрамкаў дзейнасці навучальнай установы, якія падлягаюць самакантролю і самааналізу, могуць быць арганізацыйна-прававыя асновы дзейнасці ўстановы адукацыі; выкананне ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў; сістэма кіравання ўстановай адукацыі; арганізацыя планавання работы; дынаміка развіцця; кадравае забеспячэнне вучэбнага працэсу; склад навучэнцаў; матэрыяльна-тэхнічная база; інфармацыйна-бібліятэчнае забеспячэнне; навукова-даследчая работа; міжнародная дзейнасць; змест і якасць падрыхтоўкі спецыялістаў; выхаваўчая работа; сацыяльна-бытавыя ўмовы навучэнцаў; патэнцыял навучальнай установы; адпаведнасць яе заяўленаму віду; навукова-метадычнае забеспячэнне спецыяльнасцей, якія акрэдытуюцца; ліквідацыя выяўленых раней недахопаў; агульныя высновы, заўвагі, прапановы. Гэта асноўныя напрамкі самакантролю, якія павінны рэалізоўваць навучальныя ўстановы.

Адзначу, што пастаянная і дастатковая работа па самаправерцы і самаацэнцы якасці адукацыі, правільна выбудаваная работа па ліквідацыі самастойна выяўленых недахопаў і адпаведная падрыхтоўка да гэтых працэдур  дазваляюць установам адукацыі дакладна, рэгламентавана праходзіць дзяржаўныя працэдуры.

Эфектыўнасць існуючай сістэмы ўнутранага і знешняга забеспячэння якасці адукацыі пацвярджаецца запатрабаванасцю нашых выпускнікоў на рынку працы, паспяховым выбудоўваннем іх прафесійнай кар’еры.

— Міхаіл Уладзіміравіч, знешняе забеспячэнне кантролю якасці адукацыі ўскладзена на вашу структуру. Як ажыццяўляецца акрэдытацыя навучальных устаноў?

— Задача дэпартамента — кантроль якасці адукацыі, які ажыццяўляецца ў час праверкі на адпаведнасць адукацыі адукацыйным стандартам, вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйных праграм, патрабаванням заканадаўства. Функцыянаванне дэпартамента заснавана на выкананні нарматыўных прававых актаў, якія рэгламентуюць ажыццяўленне дзяржаўнага кантролю забеспячэння якасці адукацыі ў нашых навучальных установах.

Наша работа па акрэдытацыі навучальнай установы пачынаецца з вывучэння матэрыялаў па самакантролі, якія прадстаўляюць у дэпартамент навучальныя ўстановы. Супрацоўнікі дэпартамента скрупулёзна вывучаюць прадстаўлены пакет матэрыялаў, а ў далейшым ужо на месцы, у канкрэтнай установе адукацыі, аналізуюць усе аспекты дзейнасці, параўноўваюць, наколькі пададзеная інфармацыя адпавядае рэальнаму стану спраў.

Для правядзення (пацвярджэння) дзяржаўнай акрэдытацыі дэпартамент стварае камісію па акрэдытацыі, у склад якой у залежнасці ад віду ўстановы адукацыі, колькасці спецыяльнасцей і спецыфікі падрыхтоўкі кадраў уключаюцца работнiкi дзяржаўных органаў, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, арганізацый — заказчыкаў кадраў. У першую чаргу супрацоўнікі дэпартамента знаёмяцца з унутранымі дакументамі ўстановы адукацыі, куды ўваходзяць статут, гадавы план. Потым выконваюцца комплексныя кантрольныя работы, правяраецца стан матэрыяльна-тэхнічнай базы, узровень прафесіяналізму выкладчыцкага складу. Праводзяцца ананімныя апытанні педагагічных работнікаў і навучэнцаў, што дазваляе ацэнь­ваць псіхалагічны клімат, умовы для ажыццяўлення адукацыйнага працэсу.

Адпаведнасць зместу і якасці адукацыі патрабаванням адукацыйных стандартаў, вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйных праграм вызначаецца па выніках кантрольных работ, якія выконваюцца навучэнцамі па пэўных вучэбных прадметах ці вучэбных дысцыплінах. Пасля правядзення працэдуры акрэдытацыі навучальнай установы дэпартамент складае заключэнне, дзе выкладзены канкрэтныя рэкамендацыі для выпраўлення недахопаў, а праз пэўны перыяд часу адсочвае, як гэтыя хібы выпраўлены навучальнай установай.

У сваім заключэнні дэпартамент дае ацэнку дзейнасці ўстановы адукацыі на прадмет яе адпаведнасці крытэрыям заяўленага віду, патрабаванням заканадаўства аб адукацыі, ацэнку адпаведнасці рэсурснага, навукова-метадычнага забеспячэння і г.д.

Улічваючы тое, што сістэма адукацыі не стаіць на месцы (сёння ствараецца шэраг новых навучальных устаноў, іншыя закрываюцца, некаторыя набываюць новы тып або статус), патрабуецца ўнясенне змяненняў у кіраўніцкія дакументы гэтых устаноў, а наш дэпартамент павінен гэта адсочваць і маніторыць стан спраў.

У дэпартаменце распрацаваны патрабаванні да ацэнкі забеспячэння якасці адукацыі па ўсіх узроўнях адукацыі, якія адлюстроўваюць як умовы навучання, так і эфектыўнасць выкарыстання наяўных рэсурсаў. Гэтыя патрабаванні закладзены ў палажэннях аб установе адукацыі (агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых); адукацыйных стандартах па спецыяльнасцях; вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйных праграм (тыпавыя вучэбныя планы, тыпавыя вучэбныя праграмы па вучэбных дысцыплінах і г.д. ).

Дэпартамент вядзе распрацоўку кантрольна-дыягнастычных і іншых матэрыялаў, неабходных для ажыццяўлення кантрольных мерапрыемстваў, рыхтуе па выніках кантрольных мерапрыемстваў аналітычныя агляды, уносіць прапановы і рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых недахопаў, удасканаленні адукацыйнай дзейнасці. Таксама дэпартамент ажыццяўляе дзяржаўную акрэдытацыю іншых арганізацый, якім у адпаведнасці з заканадаўствам прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць. Дадам, што, акрамя акрэдытацыі, у лік функцый дэпартамента ўваходзіць выдача ліцэнзій новым установам адукацыі, унясенне змяненняў у ліцэнзіі, калі ў дзейнасці навучальнай установы адукацыі адбыліся істотныя змены, а таксама правядзенне апастылявання, якое прадугледжвае працэдуру пацвярджэння  сапраўднасці дакумента, які быў атрыманы ў навучальнай установе нашай краіны тым ці іншым грамадзянінам. Акрамя таго, дэпартамент выдае неабходныя даведкі аб навучанні, кансультуе наведвальнікаў, а таксама выконвае іншую работу, прадугледжаную статутам.

— Чым знамянальны для вас гэты год? Якія вынікі дзейнасці дэпартамента?

— У першым паўгоддзі Дэпартаментам кантролю якасці адукацыі галіновага міністэрства ажыццёўлена больш за 830 адміністрацыйных працэдур дзяржаўнай акрэдытацыі (пацвярджэння акрэдытацыі) устаноў адукацыі. Праведзены маніторынг забеспячэння якасці адукацыі, якую атрымліваюць замежныя грамадзяне, у 9 установах вышэйшай адукацыі.

Падрыхтаваны праект Пагаднення паміж Федэральнай службай па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі (Расійская Федэрацыя) і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь аб супрацоўніцтве ў галіне дзяржаўнай акрэдытацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі (адукацыйнай дзейнасці арганізацый, якія яе ажыццяўляюць па адукацыйных праграмах вышэйшай адукацыі). Праводзіцца работа па правядзенні перамоў аб падпісанні гэтага пагаднення на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Нягледзячы на нешматлікасць штату, дзейнасць дэпартамента з’яўляецца плённай і мэтанакіраванай. Спадзяюся, што і новыя дзяржаўныя задачы па забеспячэнні кантролю якасці адукацыі, якія пастаўлены перад нашым калектывам, будуць паспяхова выкананы.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.